Агурок патрабуе ўвагi
Рубрыку вядзе Ірына Самулевіч, тэл. 287-18-74
У лiпенi наступае найбольш важны i адказны перыяд догляду раслiн агурка. У гэты час праводзяць праполкi, рыхленне мiжрадкоўя, падкормкi, палiвы. Таксама праводзяцца прафiлактычныя апрацоўкi супраць хвароб i шкоднiкаў.
Для барацьбы з пустазеллем глебу неабходна перыядычна рыхлiць, асаблiва пасля дажджлiвага надвор’я. Выдаляюць пустазелле адразу ж пасля яго прарастання. Карэнiшча шматгадовых раслiн выбiраюць старанна з глебы i выносяць з участка. Сёлета канец чэрвеня—пачатак лiпеня вельмi сухiя. Таму важна штодзень i шчодра палiваць агуркi. Гэта робяць позна ўвечары цi ранiцай. Неабходны i падкормкi. Пра iх мы пiсалi ў нумары за 10 чэрвеня. Станоўчы эфект аказваюць на агуркi пазакаранёвыя падкормкi мiнеральнымi ўгнаеннямi, растворанымi ў вадзе. Асаблiва эфектыўны гэты метад пры сухiм надвор’i. Для пазакаранёвай падкормкi на 10 л вады бярэцца 8—10 г азотных угнаенняў, 6—8 г калiйных (сернакiслы калiй) i 10—12 г фосфарных. Пажыўны раствор льюць непасрэдна па раслiнах. Значны ўрон раслiнам агурка ў адкрытым грунце наносяць як хваробы, так i шкоднiкi. Найбольш шкоды наносiць такая хвароба, як перанаспароз, цi несапраўдная мучнiстая раса, а са шкоднiкаў — чорная бахчавая тля. Пра меры барацьбы з перанаспарозам мы пiсалi ў нумары за 4 лiпеня. Для барацьбы з чорнай бахчавай тлёй прымяняюць бiялагiчныя i хiмiчныя метады. З бiялагiчных сродкаў аховы добрая пяцi- i сямiкропкавая божая кароўка, якая паядае тлю. У вялiкай колькасцi божая кароўка часцей за ўсё селiцца i размнажаецца на такiх раслiнах, як кроп, лекавы рамонак, злакавыя культуры. Таму гэтыя раслiны неабходна размяшчаць побач з усiмi вiдамi гарбузовых культур. Уборку агурка праводзяць перыядычна: у спякотнае надвор’е праз дзень, а ва ўмерана цёплае — праз кожныя 2—3 днi. Трэба памятаць, што пераросшы агурок змяншае як велiчыню, так i якасць ураджаю. Збiраюць ураджай ранiцай цi ўвечары, нельга дапускаць падвядання пладоў ад пападання прамых сонечных промняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У лiпенi наступае найбольш важны i адказны перыяд догляду раслiн агурка |
|