А можа ў гарадкi пагуляем?
      
					Юрась ШАЎЦОЎ
Гiстарычная даведка. Гарадкi лiчылiся гульнёй простага народа. Аднак з гiсторыi вядома, што ў гарадкi гулялi Пётр I, акадэмiк Паўлаў, спявак Шаляпiн, класiкi лiтаратуры Леў Талстой i Максiм Горкi. Пра гарадкi ёсць трапны выраз генералiсiмуса Суворава, якi заўважаў: «Бiту кiдаю — гэта вакамер, бiтаю б’ю — гэта моц, бiтаю выбiваю — гэта нацiск». 
				
				
				Гiсторыя гэтай гульнi налiчвае некалькi стагоддзяў. Успамiн пра гарадкi можна знайсцi i ў казках, i ў старажытных легендах. Яны заўсёды былi народнай гульнёй. Нават у недалёкiя часы, пасля Вялiкай Айчыннай вайны, гарадкi былi не менш папулярнымi, чым футбол i хакей. На Беларусi сёння пра гарадкi не чуваць амаль нiчога. Не знойдзеш нiкога ў двары, гуляючага ў гарадкi, не толькi ў сталiцы, аднак i па ўсёй краiне. Аднак засталiся яшчэ фанаты гарадкоў на Беларусi. Толькi чамусьцi ўсё больш на перыферыi — Салiгорск, Бярозаўка, Жодзiна... Вось i кiраўнiцтва федэрацыi гарадошнага спорту нязвыкла размясцiлася не ў Мiнску (як усе iншыя), а ў Маладзечне. Аб праблемах, дасягненнях i перспектывах гарадкоў расказвае кiраўнiк федэрацыi Аляксандр КУЛАК. — За апошнiя 15 гадоў ёсць як станоўчыя, так i не вельмi моманты ў развiццi гарадкоў. Сёння ўжо ёсць дакладнае раздзяленне на гарадошны спорт i гульню ў гарадкi. Гэта важна па наступнай прычыне. Раней, у 50—60-я гады, пераважала гульня ў гарадкi. У гарадах i вёсках, скверах i дварах. Дзесьцi ў 70-я пачалi з’яўляцца прафесiйныя спартыўныя аб’яднаннi — у Маладзечне, Бярозаўцы, Салiгорску... I гэтыя «гiганты» пакрыху знiшчалi саму гульню ў гарадкi. Калi праводзiлiся, напрыклад, чэмпiянаты Мiнскай вобласцi, на якiя прыязджалi 15—20 каманд, усе былi роўныя. Аднак потым з’явiлiся майстры-прафесiяналы, i гэты спартыўны напрамак загубiў саму гульню. I галоўнае пытанне сёння — рэанiмаваць папулярнасць гарадкоў сярод насельнiцтва. Дзеля гэтага i праводзяцца паказальныя выступленнi як, напрыклад, на апошнiх «Дажынках» у Слуцку. — Кажуць, iснуе некалькi варыянтаў гарадкоў? — Так, сёння ёсць класiчныя гарадкi — з абабiтымi металам бiтамi. У iх гуляе ўся Расiя. Немцы прапаноўваюць гульню палiмернымi бiтамi, таму што нашыя гарадкi вельмi шумныя, а ў Еўропе да шуму вельмi тонкi падыход. Дарэчы, палiмерныя бiты не толькi «цiхiя», але i лёгкiя, што ўключае ў гульню больш жанчын. А яшчэ ёсць гарадкi па фiнска-шведскiх правiлах. Там выкарыстоўваюць драўляныя бiты i гуляюць на грунце. — Раскажыце, калi ласка, чаму гарадкi ўсё ж страцiлi папулярнасць? — На мой погляд, гэта ўсеагульная тэндэнцыя. У часы нашага дзяцiнства ў дварах гулялi як у гарадкi, так i ў футбол, хакей, валейбол... Зараз мы рэдка каго ўбачым на спартыўнай пляцоўцы. Большасць моладзi — ля тэлеэкранаў i за камп’ютарам. I гэта асобная праблема. — А чаму спецыфiчнаму вучаць гарадкi? Якiя якасцi развiваюць? — Гульня ў гарадкi садзейнiчае паляпшэнню каардынацыi, паляпшае вынослiвасць i спрыт, спрыяе развiццю моцы i гiбкасцi, а таксама — добрай рухомасцi. Да ўсяго, гарадкi — гэта добрая аздараўляльная гiмнастыка на свежым паветры. Тут можа рэалiзаваць сябе любы, нават iнвалiд. Гарадкi — даступны вiд спорту, якi не патрабуе вялiкiх затрат. I самае галоўнае — нарадзiлiся гарадкi ў нашых славянскiх землях, у iх гулялi нашыя дзяды i прадзеды, яны «прапiтаны» традыцыямi. I крыўдна чуць, калi людзi пытаюцца: «Гарадкi? Гэта што — вiд спорту? I каму яны патрэбны?». А ў гарадкi гуляюць сёння ў Германii i Чэхii, Фiнляндыi i Швецыi, у ЗША i Iзраiлi... Можам не заўважыць, як якая-небудзь краiна атрымае патэнт i стане сцвярджаць, што гэта IХ народная гульня. — Якiя вынiкi ў беларускiх спартсменаў на мiжнародных спаборнiцтвах? — Ёсць у нас чэмпiён Еўропы ў асабiстым першынстве — Аляксандр Яршэвiч. Двойчы «сярэбраным» быў Генадзь Сушко. Апошнiя гады зборная Беларусi ўпэўнена трымае месца ў тройцы лепшых, а ў 2003-м перамагла на чэмпiянаце свету. — А хто сёння заканадаўца мод у гарадках? — Расiя ёсць Расiя. На сёння яна — гарадошная краiна № 1. Вялiкая краiна, вялiкi выбар класных спартсменаў. Вось i на апошнiм чэмпiянаце Еўропы сярод юнакоў за Расiяй увесь п’едэстал у iндывiдуальнай праграме i агульнае першае месца. Падчас турнiру ветэранаў, якi праходзiў днямi ў Мiнску, карэспандэнт «Звязды» знайшоў чалавека, якi паўвека гуляе ў гарадкi. Павел Сталбавенка, ветэран гарадошнага спорту: «Сённяшнiя гарадкi нават нельга параўноўваць з тымi, што былi ў часы маёй маладосцi. Мы гулялi на асфальце, святла ўвечары анiякага, бiты драўляныя... Зараз гарадкi значна прасунулiся наперад. А калi браць Маладзечна, то там пляцоўкi такiя, што могуць паслужыць прыкладам для ўсёй краiны. У свой час дактары знайшлi ў мяне парушэнне функцыянальна-нервовай сiстэмы, хранiчны радыкулiт. Аднак дзякуючы гарадкам i, канешне, здароваму ладу жыцця, сёння добра сябе адчуваю, нягледзячы на тое, што хутка буду святкаваць 80-годдзе».
 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код: 
							
							На вашем ресурсе это будет выглядеть так 
							Не знойдзеш нiкога ў двары, гуляючага ў гарадкi, не толькi ў сталiцы, аднак i па ўсёй краiне. Аднак засталiся яшчэ фанаты гарадкоў на Беларусi. Толькi  | 
 
		
		
		 
     |