Кiлеры ў кароткiх штонiках
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Экспрэс-аналiз За 6 месяцаў гэтага года падлеткамi ўчынена 20 забойстваўНе ўсе дзеткi — «кветкi жыцця». Некаторыя нашы непаўналетнiя суграмадзяне па агрэсiўнасцi i жорсткасцi не саступаюць i прафесiйным крымiнальнiкам. Як паведамiў падчас сустрэчы з журналiстамi ў Грамадскiм прэс-цэнтры Дома прэсы намеснiк начальнiка ўпраўлення прафiлактыкi МУС Беларусi Андрэй Саладоўнiкаў, сёлета назiраецца трывожная тэндэнцыя росту колькасцi забойстваў, учыненых непаўналетнiмi. На рахунку кiлераў у «кароткiх штонiках» за 6 месяцаў гэтага года ўжо 20 чалавечых жыццяў. За аналагiчны перыяд мiнулага года было зафiксавана 19 такiх злачынстваў. Апроч таго падлеткi нанеслi 34 цяжкiя цялесныя пашкоджаннi, якiя таксама ў некаторых выпадках прывялi да смерцi пацярпелых. Паводле слоў Андрэя Саладоўнiкава, амаль усе цяжкiя злачынствы непаўналетнiя здзяйсняюць у стане алкагольнага ап’янення. Дзецi, як правiла, забiваюць людзей нi за што, прычым з асаблiвай жорсткасцю i цынiзмам. Прадстаўнiк МУС прывёў прыклад, калi 11-гадовы хлопчык забiў чалавека, забраў грошы, купiў гарэлкi, вiна, пачаставаў сваю мацi i спакойна лёг спаць. Ранiцай гэты кiлер лёгка ва ўсiм прызнаўся ўчастковаму мiлiцыянеру. Ахвярамi непаўналетнiх нярэдка становяцца сабутэльнiкi, з якiмi разам распiвалi спiртныя напоi. Дарэчы, у гэтым годзе былi затрыманы ў нецвярозым стане больш за 9 тысяч падлеткаў. На ўлiку ў нарколагаў зараз знаходзяцца 18 тысяч непаўналетнiх, з якiх 16,5 тысячы — менавiта за злоўжыванне спiртнымi напоямi, 200 дзяцей маюць дыягназ хранiчных алкаголiкаў. Прычым далучаюць дзяцей да гэтай шкоднай звычкi менавiта дарослыя. Сёлета ўжо 59 дзядзек i цётак прыцягнуты да адказнасцi за падобныя злачынствы, 1700 работнiкаў гандлю аштрафаваны, а некаторыя i звольнены з працы за тое, што прадавалi дзецям спiртныя напоi. Яшчэ больш жорсткiя санкцыi будуць прымяняцца да асоб, якiя спойваюць непаўналетнiх, пасля прыняцця адмысловага прэзiдэнцкага дэкрэта. Андрэй Саладоўнiкаў лiчыць, што бескампрамiсная барацьба з п’янствам дасць станоўчыя вынiкi. Паводле яго слоў, падчас «гарбачоўскай антыалкагольнай кампанii» ў Беларусi ў год рэгiстравалася па 3—4 забойствы, учыненыя падлеткамi. Для параўнання: летась дзецi здзейснiлi 42 забойствы, а ў 2001 годзе, калi назiраўся пiк крывавай падлеткавай злачыннасцi, пазбавiлi жыцця 71 чалавека. Праўда, апошнiм часам, як падкрэслiў прадстаўнiк МУС, у Беларусi ў цэлым удалося «зацугляць» дзiцячую злачыннасць. За апошнiя 10 гадоў агульная колькасць злачынстваў зменшылася на 8 працэнтаў. Ды i колькасць непаўналетнiх удзельнiкаў злачынстваў за першае паўгоддзе гэтага года ў параўнаннi з аналагiчным перыядам года мiнулага зменшылася з 4067 да 3338 чалавек. Аднак падстаў для аптымiзму гэтая статыстыка не дае. Падлеткi становяцца больш жорсткiмi. А самае трывожнае, што на крымiнальную сцежку апошнiм часам усё часцей становяцца дзяўчынкi. Сёлета здзейснiлi злачынствы 335 дзяўчынак, а ў першым паўгоддзi мiнулага года закон пераступiлi 314. Паводле звестак МУС, прыкладна 900 падлеткаў адбываюць зараз пакаранне ў месцах пазбаўлення волi, на ўлiку ў iнспекцыях па справах непаўналетнiх знаходзяцца больш за 20 500 дзяцей. Калi не займацца iх выхаваннем, то праз некалькi гадоў яны папоўняць шэрагi крымiнальнай супольнасцi. На жаль, спадзявацца на бацькоў у большасцi выпадкаў не даводзiцца. Многiя таты i мамы ўхiляюцца не толькi ад выхавання дзяцей, але i не клапоцяцца аб тым, каб iх адзець, абуць i накармiць. За ўхiленне ад утрымання дзяцей сёлета былi прыцягнуты да адказнасцi больш за 4240 бацькоў. Летась 4600 нашых суграмадзян пазбаўлены бацькоўскiх правоў. Натуральна, што клопат пра выхаванне дзяцей у такiх сем’ях бяруць на сябе дзяржава i грамадскiя арганiзацыi. Напрыклад, сёлета па ўсёй краiне адчынiлi дзверы 136 ваенна-патрыятычных летнiкаў, у якiх адпачнуць, набяруцца не толькi сiл, але i розуму, каля 5 тысяч падлеткаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За 6 месяцаў гэтага года падлеткамi ўчынена 20 забойстваў
|
|