Смалявiцкая вiкторыя
Ала МАЧАЛАВА
Вашы асацыяцыi са словазлучэннем «хакей на траве» — дынамiчнасць, тэхнiчнасць, хуткасць. А калi ўскладнiць: дадаць «жаночы»? З iм нам давялося сустрэцца ў Мiнску, лiтаральна ў час падрыхтоўкi (на стадыёне ля хакейнага клуба «Юнацтва») да фiналу маладзёжнага чэмпiянату Еўропы: 21 лiпеня 17 дзяўчат, трэнер, доктар, загадчык збору i суддзя адлятаюць у Iталiю. А пакуль рыхтуюцца да таварыскай матчавай сустрэчы са спарынг-партнёрам — камандай Лiтвы. — Для нас гэта разведка боем: паглядзiм, як мы гатовы, — расказвае Самвел Рыгоравiч. З 1980 года хакей на траве стаў алiмпiйскiм вiдам i для жаночых каманд. Ён не такi небяспечны ў плане атрымання траўм, як хакей на лёдзе, бо гэта некантактны вiд спорту: правiлы хакея на траве забараняюць жорсткi адбор. Гульня сiнтэзуе элементы лёгкай i цяжкай атлетыкi, а таксама гульнявых рухомых вiдаў спорту: футбола, валейбола i баскетбола. — А вось i мае «звяры»! — жартуе Самвел Рыгоравiч пры паяўленнi дзяўчат. — Пабегайце, разамнiцеся, працаваць сёння будзем толькi з клюшкамi, — выдае ўказаннi трэнер, а потым тлумачыць ужо для мяне: — Будзем адпрацоўваць прыём, спыненне мяча, пасы, перамяшчэннi. Важна, каб дзяўчаты папрацавалi над ударамi, кiдкамi, пстрычкамi. Тут трэба падрыхтаваць кiсцi i вокамер. Цiкава, як усё пачыналася... Усё пачыналася з коласа... Гэта зараз усе ведаюць пра смалявiцкi хакейны клуб «Вiкторыя», а ў 93-м мала хто чуў пра «Колас» — звычайнае аддзяленне пры дзiцячай спартыўнай школе. Два гады рос каласок, мацнеў, налiваўся сiлай — i дацягнуўся да першай сваёй перамогi: удзельнiкi каманды сталi сярэбранымi прызёрамi першынства Беларусi. Так iмя старажытнарымскай багiнi перамогi (аналаг грэчаскай Нiкi) стала назвай каманды. А праз 5 гадоў гэта быў цэлы хакейны клуб. Заручыўшыся падтрымкай такой ахоўнiцы, каманда ўвесь час трымаецца ў тройцы лiдараў чэмпiянату рэспублiкi, а ў катэгорыi да 18 — перамагае 5-ы год запар. Яшчэ адна гiстарычная веха — 2003 год: менавiта тады ў клубе пачалi трэнiравацца i хлопцы. Таму нядзiўна, што на сёння «Вiкторыя» — гэта больш за 220 спартсменаў: чалавек 70 хлопцаў i звыш 150 дзяўчат. Амплiтуда ўзросту хакеiстак выглядае так: самай маленькай удзельнiцы 7 гадоў, а самай дарослай — 27. Вiкторыi «Вiкторыi» Дзяўчаты гуляюць круглы год: летам — хакей на траве, зiмой — in-door хакей (у зале). Дарэчы, каманда неаднаразова ўваходзiла ў тройку пераможцаў зiмняга чэмпiянату Еўропы. 8 чалавек з хакейнага клуба «Вiкторыя» — прадстаўнiкi маладзёжнай зборнай Беларусi, якая паказала 14-ы вынiк са 117 краiн у 2005 годзе на маладзёжным (да 21 года) чэмпiянаце свету ў Чылi. — Летась мы перамаглi ў Кубку кубкаў еўрапейскiх краiн у Вене, — працягвае спiс перамог Самвел Рыгоравiч, — а ў гэтым годзе, гуляючы ў васьмёрцы мацнейшых краiн Еўропы, у дывiзiёне «А», занялi 4-е месца (з 34 каманд). Тыдзень таму перамаглi ў спартакiядзе рэспублiкi. Прычыну поспехаў трэнер бачыць у дысцыплiне, парадку, выканаўчасцi, аддачы, самiм жаданнi дзяўчат гуляць, а таксама ва ўвазе кiраўнiцтва вобласцi. Планы на блiжэйшае будучае — застацца ў «А»-дывiзiёне, у наступным годзе трапiць на чэмпiянат свету. Чаму смалявiцкая каманда трэнiруецца ў Мiнску Як высветлiлася, пакуль што ў Смалявiчах умоў для гульнi няма. Аднак не ўсё так песiмiстычна: як базавая каманда вобласцi, «Вiкторыя» фiнансуецца з абласнога бюджэту. Дзякуючы намаганням губернатара Мiнскай вобласцi Мiкалая Дамашкевiча i загадчыка ўпраўлення Мiнаблвыканкама Алега Качана былi выдзелены сродкi на пакупку спартыўнага iнвентара, штучнага поля, аўтобуса для каманды. Калi б не фiнансавыя паступленнi, дзяўчаты б не атрымлiвалi заработнай платы, як гэта было яшчэ 2 гады таму. Акрамя таго, падрыхтаваны праект указа прэзiдэнта, паводле якога прадпрыемствы будуць вызвалены ад падаткаў за спонсарскую падтрымку дзейнасцi, звязанай з хакеем на траве. Галоўную стаўку Самвел Рыгоравiч робiць на адкрыццё стадыёна, што зараз будуецца ў Смалявiчах. — У гэтым годзе, спадзяёмся, трэнiравацца будзем ужо там. З будаўнiцтвам базы колькасць спартсменаў у клубе павялiчыцца ў 2—3 разы, гэта недзе 500—600 чалавек, а мы падрыхтаваныя да гэтага. 17 чалавек вучацца ў ВНУ — будучыя спецыялiсты-трэнеры. Вось убачыце, праз 2—3 гады рэспублiканскi цэнтр хакея на траве будзе ў Смалявiчах, мы даб’ёмся гэтага. У нас будзе ўсё неабходнае для таго, каб праводзiць турнiры мiжнароднага ўзроўню. Гэта сур’ёзнае дасягненне для раённага цэнтра! Як рыхтуюцца У суме дзяўчаты трэнiруюцца па 6 гадзiн у дзень. Фiззарадка ранiцай (а палове восьмай), першая i другая трэнiроўкi, гульнi, разбор гульняў, тактычныя заняткi (на макеце, на дошцы па малюнках i схемах тлумачыцца гульня, дапушчаныя/магчымыя памылкi, моцныя i слабыя бакi iгракоў). Ёсць таксама iндывiдуальная псiхалагiчная падрыхтоўка: аналiз гульнi сам-насам з трэнерам, падчас якога высвятляецца, цi гатовы iгрок гуляць па той цi iншай схеме i з кiм яму больш зручна працаваць. Трэнер — стратэг i тактык: ён кампануе iгракоў, падчас спаборнiцтваў назiрае за выступленнямi iншых каманд ад першага да апошняга матча, прыкмячае iх моцныя, слабыя бакi, вызначае ключавых iгракоў, узровень гульнi. Адпаведна настройвае каманду, каардынуе яе дзейнасць: вырашае, дзе ўмацаваць, дзе ўзмацнiць, а дзе прыняць контр-меры. — Самвел Рыгоравiч, цi вопытны вы трэнер? — Я 32 гады ў хакеi: у 14 пачаў гуляць, а праз тры гады — трапiў у юнацкую зборную СССР, пазней iгрок зборнай СССР, майстар спорту СССР, у вышэйшай лiзе гуляў, за 16 сезонаў у мяне больш за 300 галоў; уваходжу ў чацвёрку па рангу еўрапейскiх трэнераў — мяркую па вынiках: вось занялi мае дзяўчаты 14-е месца — значыць, як трэнер я 14-ы. Сярод маiх выхаванцаў 22 майстры спорту, 1 майстар спорту мiжнароднага класа, не лiчачы КМС, першаразраднiкаў, акрамя таго, трох суддзяў выхаваў. Лiчу i шлюбы сваiх падапечных: сямёра дзяўчат выйшлi замуж, — задаволена ўсмiхаецца. Паразважалi мы i над выслоўем «журналiста ногi кормяць»: — I розум, — дадаў Самвел Рыгоравiч. — Без яго ногi не дапамогуць. Мне часта раяць: трэба, каб у камандзе была бягуха. Спрачаюся: iгрок можа не прабегчы, а прайсцi, але зрабiць неабходнае. Ад аднаго бегу толку мала. Пачулi ад трэнера i шчырыя словы пра сваю каманду: — Каманда — мая гордасць, мой твар, iмiдж, маё жыццё. Пажадаем жа камандзе i яе трэнеру новых вiкторый! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вашы асацыяцыi са словазлучэннем «хакей на траве» — дынамiчнасць, тэхнiчнасць, хуткасць. А калi ўскладнiць: дадаць «жаночы»?
|
|