Аляксей ПЯРВУШЫН: «Я не дзяўчына, каб мяне любiлi»
Юрась ШАЎЦОЎ
— Пазнаёмце, калi ласка, чытачоў нашай газеты з Аляксеем Пярвушыным. — Можа быць, нясцiпла прагучыць, але я — даволi вядомы ў футболе чалавек. Адыграў 16 гадоў у чэмпiянатах Савецкага Саюза: 12 — у маскоўскiм «Дынама» i 4 — у «Пахтакоры». За гады кар’еры правёў на полi больш за 300 матчаў, i ў таблiцы футбалiстаў, якiя згулялi ў вышэйшай лiзе першынства Савецкага Саюза найбольшую колькасць матчаў, займаю 40-е месца. Чэмпiён, двойчы «бронзавы» прызёр, пераможца Кубка СССР, чэмпiён 7-й летняй Спартакiяды народаў СССР. — Пытанне, якое сёння хвалюе многiх: «Дынама» пройдзе польскае «Заглембе»? — Калi я зараз адкажу са 100-працэнтнай упэўненасцю: «Так, мы пройдзем далей», мяне палiчаць або залiшне самаўпэўненым, або скажуць, што ў мяне штосьцi з галавой. У мяне пра гэта пыталiся i ў Польшчы на прэс-канферэнцыi, i тут. Я па-ранейшаму лiчу, што шанцы 50 на 50. — А наогул як далёка можа прайсцi беларускi клуб у еўракубках, на ваш погляд? — Многае залежыць ад жараб’ёўкi. Калi трапляюцца каманды сярэдняга ўзроўню, шанцы прайсцi павялiчваюцца. А ў выпадку, калi клубы больш моцныя, то i магчымасцяў прабiцца менш. Хоць гуляць можна з усiмi. Галоўнае — не ба-яц-ца, а выходзiць гуляць. Усё ж iдзе ад галавы, дык вось патрэбна, каб у галовах не было страху. Не важна, супраць каго выходзiш: хай будзе гэта «Ювентус» цi «Барселона». Канешне, нiхто не кажа пра тое, каб абыгрываць такiя каманды. Але паспяхова згуляць, паказаць усё, на што годны — чаму не? Галоўнае — не пераацэньваць сапернiка i не недаацэньваць сябе. Недарэмна ж кажуць: парадак б’е клас. Усё залежыць ад iгракоў. — Вы пазнаёмiлiся ўжо з чэмпiянатам Беларусi. Вашы ўражаннi ад ўзроўню i арганiзацыi спаборнiцтва. — Наконт арганiзацыi, канешне, многа пытанняў. Каляндар еўрапейскi вядомы федэрацыi футбола адразу, таму складаць свой унутраны графiк можна з улiкам гульняў зборнай, клубаў, якiя выступаюць у Еўропе. Адсюль — незразумелыя пераносы. Сам быў сведкам, калi пасля гульнi з «Гомелем» каманда набрала добры рух, аднак вымушана была чакаць перанесенай сустрэчы з вiцебскiм «Лакаматывам» да канца першага круга, а там адразу гуляць з «Заглембе». Каляндар павiнен быць дакладным. I толькi ў выключных выпадках дапускаюцца пераносы. Тады i трэнеру лягчэй рыхтаваць каманду: ёсць раней запланаваныя цыклы, i згодна з гэтым цыклам каманда трэнiруецца. Што датычыць узроўню... Нельга параўноўваць з Расiяй. У Расii сёння футбол падымаецца, з’явiлiся сур’ёзныя грошы. Прыйшлi дабротныя легiянеры, таму i ўзровень расце. Недалёка той час, калi i на Беларусi з’явяцца каманды, 3—4 клубы, з добрай матэрыяльнай базай. Без гэтага нельга нiчога зрабiць. Сёння ўзровень сярэднi. Што спадабалася, дык гэта футбольныя палi. I добрая моладзь. — А ёсць сэнс стварыць у Беларусi суперклуб, а-ля кiеўскае «Дынама» ў свой час? — Самае цiкавае, што ў 70-я гады, нягледзячы на тое, што ў Кiеў забiралi лепшых, ва Украiне ўсё адно заставалiся i iншыя добрыя каманды — «Днепр» (Днепрапятроўск), «Шахцёр» (Данецк)... Нягледзячы на тое, што «Дынама» дапамагаў 1-ы сакратар ЦК партыi Шчарбiцкi — галоўны балельшчык каманды, астатнiя каманды таксама трымалiся на высокiм узроўнi. А ў мiнскiм «Дынама» ўсё адно не атрымалася б сабраць лепшых, таму што тыя выязджалi з Беларусi. Толькi ў маскоўскiм «Дынама» ў канцы 90-х гулялi Кульчый, Рамашчанка, Астроўскi, Штанюк... — Аднак пад iдэю суперклуба падводзiлася частая змена трэнераў. Вось i ў гэтым сезоне Аляксандр Рабаконь, ваш папярэднiк, не правёў i першы круг. Можа ёсць сэнс даваць больш часу? — Развалiць каманду можна i за адзiн тыдзень. А ствараецца яна на працягу 2—3 гадоў. Мiнiмум. Гэта будзе тая каманда, якую трэнер бачыць. I будзе яна гуляць у той футбол, якi прапаноўвае менавiта гэты трэнер. За год зрабiць штосьцi... Толькi ў выпадку, калi чалавек прыходзiць на гатовую каманду. Але ж кожны трэнер са сваiм поглядам. Аднаму падабаецца такi футбол, другому iншы. Адпаведна i падбiраюцца футбалiсты. Аднак доля трэнерская такая. Тым больш — у мiнскага «Дынама» задачы заўсёды самыя высокiя: i чэмпiёнства, i кубак. Многiя жадаюць вынiку, а потым ляцяць трэнерскiя «галовы». Недарэмна кажуць, што трэнерская праца адна з самых небяспечных. Сёння ты добры, а прайграў пару матчаў — табе шукаюць замену. — Вы па кантракту працуеце толькi да канца гэтага сезона? — Так, дамоўленасць ёсць да канца сезона. А потым час пакажа. Я не дзяўчына, каб мяне любiлi, я трэнер. I мая мэта — стварыць каманду, якая будзе змагацца за званне чэмпiёна i паспяхова выступаць у мiжнародных матчах. — А на другi круг якiя задачы? — Яна адна. Зараз мы займаем трэцяе месца, трэба ўзняцца на першае i застацца там. Я i перад сабою стаўлю толькi такiя задачы. Сказваецца вопыт маскоўскага «Дынама», дзе таксама былi толькi высокiя мэты. Працаваць нават нецiкава — у сярэдзiне турнiрнай таблiцы таптацца. Мяне цiкавiць толькi верх турнiрнай таблiцы — першае-другое месца. — Цi патрэбен камандзе прафесiйны псiхолаг? — Гэта пытанне мусiруецца даволi доўга. Былi спробы, напрыклад, у зборнай Бразiлii ў 70-х. Але потым пацiху адышло пытанне на другi план. Адзiн вядомы трэнер аднойчы адказаў на падобнае пытанне так: «Выбачайце, прафесiйныя футбалiсты атрымлiваюць за сваю работу вельмi добрыя грошы. I незразумела, як чалавек будзе выходзiць на поле ненастроены, калi стадыён бiтком. Такога быць не можа». Паглядзiце, чым цiкавы англiйскi футбол. Яны вельмi даражаць балельшчыкамi, таму i гуляюць з апошнiх сiл. Балельшчык жадае бачыць вiдовiшча, а таму i поўную самааддачу iгракоў. Ёсць i персанальны прыклад — iтальянец Гатуза. Здаецца, гэты чалавек проста не можа па-iншаму гуляць, за каго б ён нi выступаў — за «Мiлан», за зборную Iталii. I калi пойдзе ў iншы клуб, таксама будзе змагацца да канца. Трэнер можа i за гэтым глядзець, аднак лепш псiхолага, чым сам футбалiст, не iснуе. — Канешне, поўныя стадыёны ў Англii i Iталii — гэта добра. А што рабiць у нас, дзе на футбол ходзiць тысяча чалавек? — Я не ўпэўнены, што псiхолаг прыйдзе i вырашыць усе пытаннi. Як рэклама — рухавiк прагрэсу, так i канкурэнцыя — рухавiк прафесiйнага росту футбалiстаў. Калi кожны футбалiст ведае, што ў выпадку няўдалай гульнi ў наступным матчы на яго пазiцыю выйдзе другi, а футбалiсты зарабляюць грошы на полi, ён будзе гуляць па-iншаму. Аднак усё роўна гэта павiнна закладацца ў дзяцiнстве: кожная гульня як апошняя. А не так, што сёння пагуляю, у наступнай — адпачну. Як можна весцi размову пра тактыку, калi футбалiст тэхнiчна не падрыхтаваны? Тактыка — гэта ўзаемадзеянне двух, трох чалавек, групы, усёй каманды. Добра сказана было аднойчы: «Добры пас дрэннаму футбалiсту — дрэнны пас». — У многiх еўрапейскiх клубах практыкуецца такое, як сабрацца пасля гульнi ўсёй камандай у рэстаране, напрыклад, што добра адбiваецца на абстаноўцы ў калектыве. У «Дынама» ёсць што-небудзь падобнае? — (Усмiхаецца.) Гэтым мы i адрознiваемся. Чаму многiя савецкiя (не рускiя, беларускiя, украiнскiя) футбалiсты — мы ўсе нарадзiлiся ў СССР — калi паехалi гуляць за мяжу, надоўга не затрымалiся? Добрыя футбалiсты — Завараў, Мiхайлiчэнка, Алейнiкаў, Зыгмантовiч... У плане кар’еры цi многага яны дабiлiся? Нейкi пэўны перыяд трымалiся, а потым на iх месца прыходзiлi новыя, а самi яны апускалiся на парадак, а дзе i на два — нiжэй за самiх сябе ранейшых. I сёння нiводнага расiянiна за мяжою няма. А чаму? Калi на Захадзе ведаюць, колькi i калi, то ў нас гэта можа перарасцi ў звычайную папойку. Гэта галоўнае адрозненне. Шмат часу павiнна прайсцi. Мы лiчым сябе прафесiяналамi. Аднак сапраўднымi прафесiяналамi можна назваць маленькую групу людзей. Астатнiя як былi, так i засталiся аматарамi. — I дзе шукаць выйсце? — Галоўнае — якую мэту ставiць перад сабой iгрок. Калi мэта зарабiць грошай — гэта, у прынцыпе, таксама мэта, нармальная. Аднак дзеля яе здзяйснення трэба паехаць у больш моцны клуб, што будзе залежыць ад таго, што ты прадстаўляеш сабой на футбольным полi i па-за яго межамi. Калi ў чалавека будзе жаданне i характар — ён многага зможа дабiцца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трэнеры ў сямiразовага чэмпiёна краiны мiнскага «Дынама» мяняюцца так часта, што iншы раз пачынае кружыцца галава
|
|