Любой цаной паставiць у строй
Любой цаной паставiць у строй
Вiцебскiя рамонтнiкi не звяртаюць увагi на даўгi гаспадарак, хаця i iм патрэбны рэальныя грошы Афiцыйна масавы старт уборцы зерневых i зернебабовых на Вiцебшчыне дадзены 25 лiпеня. З такiм разлiкам,каб хвалюючыя зажынкi завяршылiся пераможнымi i шчодрымi на ўмалот дажынкамi да першага верасня. Нiколi жнiво не бывае падобным на папярэдняе. Падабенства хiба ў тым толькi, што хлеб ратуюць i парадкуюць не героi-адзiночкi,а ў поўным сэнсе – талакой. I горад не застаецца ў баку ад забеспячэння харчовай бяспекi. Дастаткова заглянуць на тэрыторыю адкрытага акцыянернага таварыства «Вiцебскi маторарамонтны завод», каб пераканацца ў неаспрэчнай i спрадвечнай повязi славутага сярпа i молата. Ну што б рабiлi вяскоўцы без «жалезных айбалiтаў»? Уявiце гiганцкi сталёвы «табун» Вiцебшчыны, дзе толькi камбайнавы парк налiчвае 2140 машын. Па энер-ганасычанасцi ў iм закансерваваны мiльёны конскiх сiл. I амаль што ўсе яны праходзяць праз пляцоўкi i цэхi Вiцебскага маторарамонтнага завода. Вядома, што на працягу сезона ўборкі камбайны павінны знаходзіцца ў полі, а не ў рамонтных цэхах. А патрэбны запас трываласці ім забяспечваюць у міжсезонне гарадскія партнёры. Прычым робяць гэта сістэмна, без аўралаў. Бываюць, вядома, паломкі, і даволі сур’ёзныя, і падчас абмалоту збожжавых. Але наконт рухавікоў надзейнасць дастаткова гарантаваная. Практычна не бывае непаразуменняў, каб заказ вяскоўцаў не задавальняўся. Іншая справа з разлікамі. Вось і цяпер запазычанасць сельгаспрадпрыемстваў вобласці перад ААТ “Віцебскі маторарамонтны завод” пераваліла ўжо за мільярд рублёў. Паслядоўнікі былых калгасаў і саўгасаў спасылаюцца на недахоп грошай. А чаму так атрымліваецца? Дзяржава і ўрад шмат сродкаў выдзяляюць на забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Сельгасвытворцы трацяць іх у першую чаргу на выплату заработнай платы, бензін і салярку, угнаенні і сродкі аховы раслін. Урэшце, на набыццё новай тэхнікі. А старую, у тым ліку і рухавікі, рамантуюць у крэдыт ці ў доўг. Разлічыцца абяцаюць сродкамі ад рэалізацыі новага ўраджаю. Так-то яно так. А як жыць, працаваць і проста карміцца гараджанам? Ды яшчэ і развівацца. Тут трэба грошы штодзённыя, жывыя, а не віртуальныя. Таму і маторарамонтнікі вымушаны браць банкаўскія крэдыты. І рамантуюць сельгастэхніку ў доўг. Гандлярства і дыпламатычныя перамовы ў такім разе не да месца. Ураджай трэба ўбіраць! Самымі масавымі на прыдзвінскіх нівах пакуль з’яўляюцца самыя прэстыжныя ў мінулым стагоддзі агрэгаты “Дон-1500”. І калі раней за іх, у добрым сэнсе, ледзьве не бойка ўсчыналася паміж гаспадарнікамі, то цяпер выбар куды больш шырокі. Уборачны парк папоўнілі нямецкі “Ягуар” і ўсё больш удасканаленыя айчынныя КЗС-10К “Палессе” і КВК-800 “Палессе”. Але ў механізатараў яшчэ карыстаюцца высокім аўтарытэтам рухавікі амерыканскай карпарацыі «Дэтройт Дызель». Іх таксама ў выпадку неабходнасці “лечаць” на Віцебскім маторарамонтным. Па меркаванню кіраўніка прадпрыемства Мікалая Аўчыннікава, імпартны арсенал дорага каштуе для аграрыяў. Сам рухавік абыхо-дзіцца коштам да 20 мільёнаў у беларускіх рублях, а запчасткі таксама неабходна набываць праз дылераў. Самае лепшае, безумоўна, ствараць уласную канкурэнтаздольную ўборачную і іншую сельгастэхніку. І працэс гэты ажыццяўляецца. А пакуль маторарамонтнікам даводзіцца на свой страх і рызыку, каб не падводзіць вяскоўцаў, любой цаной ставіць у строй любую тэхніку. Жніво стартавала і ў самай паўночнай вобласці краіны. Па меркаванню спецыялістаў, ураджайнасць зерневых сёлета нават вышэйшая за леташнія паказчыкі. Першыя абмалочаныя тысячы гектараў паказваюць збор па 30 і вышэй цэнтнераў з гектара. У аршанскіх хлебаробаў многія ўчасткі даюць і па 40 цэнтнераў з гакам. І гэтаму можна толькі парадавацца. А заадно і спадзявацца, што ў садружнасці з гарадскімі партнёрамі ўдасца выратаваць вырашчаны ўраджай і забяспечыць харчовую бяспеку дзяржавы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
|
|