Пасвiў статак пастушок
Пасвiў статак пастушок
Несучасная тэма? Няхай у сённяшнi тлумны i няпросты час не пакiне нас святая памяць пра тыя мясцiны, адкуль мы пайшлi ў жыццё. Няхай вобраз роднага краю будзе для нас светлым сiмвалам малой радзiмы i пастаянным напамiнам пра самае галоўнае. А яно вось у чым: мы дужыя i нескароныя тады, калi моцна стаiм на зямлi нашай, на гэтых сцiплых палях, раздольных лугах, сярод задумлiвых лясоў. У прыветлiвых вёсачках, такiх добрых i шчырых, як i характар самiх беларусаў. Словам, калi заўсёды помнiм пра свой бацькоўскi парог i родны кут. Успамiны дзяцiнства – самыя шчымлiвыя i хвалюючыя. I натуральна, у гэтую пару свайго жыцця чалавек пакрысе адкрывае для сябе цэлы сусвет, у якiм яму лёсам наканавана жыць. Думаю, кожны вясковы хлапчук у нашай Беларусi прайшоў у пасляваенныя гады праз... пастухi. Вось i хачу крыху ўспомнiць, як сам спраўляўся з такой работай. Прадбачу здзiўленне маладога гарадскога чытача: ну i тэму ўзяў аўтар! Дваццаць першае стагоддзе, прагрэс на ўзроўнi фантастыкi, а тут – вясковы пастух. Але ж давайце памяркуем. Пасля вайны нашы вяскоўцы проста знемагалi ад безлiчы спраў, бо разбураныя гаспадаркi, здзiчэлыя палеткi патрабавалi пастаяннай працы i неверагоднай напружанасцi. I пасвiць статак даросламу – недазволеная раскоша. Выручалi хлапчукi. Акрамя таго, пастухова праца мела для нас свае радасцi, свой непаўторны змест, надзвычай багаты на добрыя пачуццi i эмоцыi, якiя фармiравалi характар вясковых падлеткаў. Менавiта тое, чаго зусiм няма цяпер на розных шоу, у аглушальнай пустой рок-музыцы. Пуд жыта Я хадзiў у пастухах некалькi гадоў. У нас была адна карова, i, зразумела, не мог пасвiць толькi яе. Бацька дамовiўся з багатым дзядзькам Шмiдам, якi жыў на хутары i меў свой уласны млын: буду разам пасвiць яго дзве каровы i цялушку. Плата — адразу ж пуд жыта, бо ў нашай сям’i пасля зiмы не засталося нi зярнятка. I яшчэ кожную ранiцу пастушку на сняданак ад Шмiда бутэлька малака i прыгаршнi дзве зваранай i тоўчанай бульбы. Яе мы называлi таўканiцай. Такi заробак скрага назначыў мне за сем, а то i болей месяцаў пасьбы. Але ж бацьку не было куды дзявацца, i ён пагадзiўся з адкрытай эксплуатацыяй свайго сына. Бо Шмiд меў самы вялiкi i багаты травастоем ва ўсёй аколiцы выпас – побач са сваёй сядзiбай. Абнёс яго моцным плотам, выкапаў глыбокую сажалку. I дазволiў пасвiць тут яго кароў i нашу. Яшчэ ў Шмiда быў вялiкi надзел добрай зямлi i сенажаць кiламетры за два ад вёскi на багатым лузе, якi называўся Шырокi Паз. Мясцiна надзвычай прыгожая, трава тут вырастала амаль у рост чалавека. Таму ў нашай вёсцы вельмi зайздросцiлi тым мужыкам, якiя яшчэ за польскiм часам купiлi ў Шырокiм Пазе сенажацi: iх каровы нiколi не ведалi галоднай зiмоўкi. Сняданак на лузе На сваёй сенажацi ў Шырокiм Пазе Шмiд выдзялiў участак для летняй пасьбы кароў. Як зараз паўстае перад маiмi вачыма той маляўнiчы куточак, i тут я са статкам. З гарачай пыльнай дарогi каровы самi, без маёй каманды, зварочваюць на зялёны, свежы луг. Тут для iх пачынаецца сапраўдны рай. У самае спякотнае лета на лузе заўсёды было дастаткова вiльгацi, i паша вабiла да сябе густой сакавiтай травой. З аднаго боку – ядранае жыта майго гаспадара, далей – трава на сенакос, туды каровам анi кроку. Справа – сенажацi другiх вяскоўцаў. Усё акуратна, прыстойна, людзi берагуць кожную пядзю гэтай шчодрай зямлi. Далей луг выходзiць да вялiзнага лесу, якi распеўна цягнецца на многiя кiламетры. Каровы адразу ж прыпадаюць да свежай травы, i для мяне пачынаюцца дзве-тры гадзiны спакойнага жыцця. Падыходжу да самага ўтульнага месцейка на лузе: густая трава, i пад ёй невялiкая ямiна, дзе нiколi не перасыхае вада. Тут свежа i здорава. Адкрываю бутэльку з малаком, развязваю хусцiнку з таўканiцай, i гэты сцiплы сняданак быў тады мне смачнейшы за ўсё на свеце. Зрэшты, нiчога iншага я ў той час яшчэ амаль i не спрабаваў, бо наша вёска некалькi гадоў запар жыла паўгалоднай з-за праклятай вайны. Без сваёй кароўкi — двор як сiрата З 49-га ў нашай мясцовасцi пачалi арганiзоўваць калгасы. Што нi вёска, то калгас. Для людскiх каровак наступiлi цяжкiя часiны: усе паплавы, лугi, выпасы аддалi пад калгасны статак. Сялянам жа сказалi: ганiце свой скот у лес i пасвiце там, колькi ўлезе. Вось тут вясковыя пастухi адразу паднялiся “ў цане”, iх работа стала такой жа важнай, як таго ж палявода. Усё зразумела: без сваёй кароўкi на пасляваеннай нiшчымнiцы ў вёсцы якое жыццё? Без яе – двор як сiрата. Бядуе гаротная сям’я, а калi яшчэ малыя дзецi, дык хоць крыкам крычы. Таму мужыкi, як маглi, збiралi грошы, аддавалi апошнiя, абы прыдбаць кароўку. А як усё лета, кожны дзець пасвiць сваю карову ў тым жа лесе? Па-першае, ён няблiзка, кiламетры тры ад вёскi. Толькi адагнаць туды ды прыгнаць назад сваю карову — а гэта два разы ў дзень, — i то ногi гудуць ад стомы. Па-другое, як толькi сталi калгасы, кожную ранiцу брыгадзiр абходзiў сялянскiя двары i гучна даваў нарад: “Мiкалай, сёння табе жыта з поля звозiць. Цётка Алена, буракi палоць”. Паспрабуй не пайдзi – не выпрацуеш працаднi, а тады за гэта начальства магло не выдзелiць мужыку ўчастак для сена яго кароўцы, каня не даць, калi спатрэбiцца… Босы ў гарачым лесе Далёка не ўсе вяскоўцы прыводзiлi сваiх рагуль у агульны статак: дваццаць—трыццаць галоў — якая тут пасьба, якое малако? Дый чаргу адбыць за сваю карову таксама трэба цэлы день. Дамаўлялiся з хлапчукамi-пастухамi. Я, памятаю, пасвiў ажно сем кароў. Рана-рана гнаў iх у лес, пасвiў да спякоты. Гадзiны на дзве зноў прыганяў у вёску, трэба было падаiць кароў. Потым зноў у лес, да самага вечара. Такi быў строгi распарадак пастуховай працы. Паколькi летам нiякага абутку я не ведаў, то пасвiў босым. Калi выпадала гарачае лета, у лесе ажно трашчала ўсё, было суха i млосна. Я хадзiў за статкам босы – праз кустоўе, праз сухое ламачча, па вострай сасновай iглiцы i шышках. Канешне, я думаў пра гадзюк, якiх шмат вадзiлася ў лесе, i рызыкаваў наступiць на якую-небудзь. Але не баяўся iх. Дарогi не выбiраў, бо каровы, ратуючыся ад спякоты i злых аваднёў, забiвалiся ў гушчар, у кусты. А мне ж трэба было глядзець за кожнай, каб, крый Божа, не адбiлася ад статка, — тады прыйдзецца шукаць яе па ўсiм лесе. Здаралася, што адзiнокая карова, асаблiва маладая, блудзiла ўвесь вечар i толькi на другi дзень яе знаходзiлi далёка ад гэтага месца. Словам, падобныя выпадкi – вялiкi сорам для пастуха. Затое якая была радасць i задавальненне, калi вечарам я прыганяў у вёску кароў з поўнымi бакамi. З такiм вымем, што яны ледзьве пераступалi з нагi на нагу. Каровы самi разыходзiлiся па сваiх дварах, я ж, стомлены, ледзь даплятаўся дадому. Заўтра ранiцай мяне чакала такая ж праца… Венiкi на заказ Каб неяк скарацiць час у доўгi летнi дзень, мы, пастухi, прыдумвалi розныя заняткi. Але гэта былi не пустыя гульнi, а тое, што давала нейкую карысць. Асабiста я вельмi любiў вязаць бярозавыя венiкi, добра набiў, як кажуць, на iх руку. Таму часта вясковыя жанчыны давалi мне заказы на венiкi, i выконваў я iх вельмi ахвотна i добрасумленна. Вязаў венiк не спяшаючыся, акуратна падбiраў бярозавыя галiнкi адну да другой. Туга сцягваў iх доўгiм сасновым коранем, якi абавязкова ачышчаў для прыгажосцi. Венiк атрымлiваўся густы i кучаравы. Але i гэта было яшчэ не ўсё. Зноў жа нажом саскрабаў кару з нiжнiх канцоў галiнак, яны станавiлiся чыстымi i белымi, а ўвесь венiк – адна любата. Гатовыя венiкi (iх было тры-чатыры) звязваў тонкiм лазовым пруцiкам, закiдваў iх для зручнасцi на плячо i з добрым настроем пад вечар гнаў статак у вёску. Каля таго двара, адкуль быў заказ, задаволена выкрыкваў: “Цётка Мар’я, вазьмiце ваш венiк”. Цётка любавалася венiкам, хвалiла мяне, але ж нiякай капейкi не давала. Я нiколi не вязаў венiкi за грошы, пра што ў вёсцы добра ведалi. Але ж цётка Мар’я, добрая душа, чымсьцi абавязкова аддзячвала. У наступную ранiцу, калi выганяла са свайго двара карову, давала мне альбо бутэльку малака, альбо пару курыных яек, альбо проста ладны акраец хлеба – што магла… «Я адсюль у жыццё пакрочыў…» Мая пастухова праца – цэлая эпапея ў дзяцiнстве, яна доўжылася больш за дзесяць гадоў. Як iншы раз нi было цяжка, але ж успамiны пра тую пару засталiся прыемныя i хвалюючыя. Бо пачынаючы з вясны i да позняй восенi кожны божы дзень жыў пастух сярод нашай цудоўнай прыроды: у полi, на лузе, у лесе, слухаў птушыныя спевы… Цеснае яднанне з прыродай давала мне сiлы, здароўе, добры настрой. Такое не забываецца. I цяпер... Хоць даўно я жыву ў Мiнску, Ды паклiкала зноў дарога У куточак бясконца блiзкi, Што як добрая шчодрасць Бога. Я адсюль у жыццё пакрочыў, Тут святыя мае мясцiны… Набягае сляза на вочы, I малiтваю – успамiны. Сустракаў тут улетку ранкi I купаўся ў травах росных, А старыя дубы i сосны Тут спявалi мне калыханку. Ах, радзiма мая малая! Тваёй ласкай заўжды сагрэты. Я з табою адпачываю, Станаўлюся ў душы паэтам. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
|
|