Страты незаменныя, але магло быць i горш
Барыс ПРАКОПЧЫК
Пажар у Гродзенскiм кафедральным касцёле святога Францыска Ксаверыя (Фарным), што адбыўся ў ноч на 13 лiпеня, абрастае рознымi чуткамi. I пра нейкую падазроную жанчыну, якая знаходзiлася ў храме перад самым здарэннем, i пра непатушаную свечку, i пра быццам бы падвыпiўшых работнiкаў касцёла... А што высветлiла следства?
Паводле слоў начальнiка аддзялення следчага аддзела папярэдняга расследавання Ленiнскага РАУС г. Гродна Аляксандра Кiзiлевiча, на сёння вылучаны i разглядаюцца тры версii пажару. Першая — замыканне i аварыйная работа электраабсталявання. Другая — падпал. I трэцяя — знаходжанне ў месцы ачага ўзгарання самазагаральных рэчываў. Следства больш схiляецца да версii замыкання электраправодкi, але не застаюцца па-за ўвагай i iншыя магчымыя прычыны здарэння. На многiя пытаннi павiнна адказаць комплексная пажарна-тэхнiчная экспертыза ў экспертна-крымiналiстычным цэнтры МУС Беларусi. А без заключэння экспертаў якiя-небудзь высновы зрабiць нельга, адзначыў Аляксандр Кiзiлевiч. Хоць версiя аб той жа непатушанай свечцы ўжо сёння ўяўляецца нерэальнай, бо ў месцы ачага ўзгарання нiякiх свечак не стаяла. I, да таго ж, iх у будныя днi там не запальваюць. Касцёл святога Францыска Ксаверыя быў асвечаны ў 1705 годзе, а галоўны алтар быў запраектаваны ў 1736 годзе i, згодна з некаторымi звесткам, вырабiлi ўжо праз год. Ён складаецца з трох ярусаў. Фiгуры апосталаў выраблялiся з трох змацаваных памiж сабой частак дрэва i толькi потым выконвалася разьба. Паўтарыць такую тэхналогiю наўрад цi магчыма, тым больш што аналагаў гэтага алтара ў iншых храмах не iснуе. У агнi загiнула прыкладна чацвёртая частка алтара: дзве вялiкiя фiгуры (адна, на думку ксяндза Яна Кучынскага, яшчэ можа быць адноўлена) i дзве малыя. Страты незаменныя, але магло быць i горш, калi б не прафесiяналiзм выратавальнiкаў Гродзенскага абласнога ўпраўлення Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, якiм прыход Фарнага касцёла накiраваў пiсьмовую падзяку. Праца баявых разлiкаў падраздзяленняў МНС Гродзенскага гарнiзона ўскладнялася моцным задымленнем. Паводле слоў намеснiка аператыўнага дзяжурнага цэнтра аператыўнага кiравання абласнога ўпраўлення МНС Часлава Ёча, слуп агню дасягаў па вышынi сарака метраў, бачнасць была амаль нулявая. Тым не менш было зроблена ўсе магчымае, каб мiнiмiзаваць страты матэрыяльных, духоўных i культурных каштоўнасцяў. Правiльна зрабiлi i ксёндз з вартаўнiком, зачынiўшы ўсе дзверы, каб перашкодзiць распаўсюджванню полымя. З iншага боку, пажар, магчыма, лiквiдавалi б i хутчэй, калi б будынак быў абсталяваны пажарнай сiгналiзацыяй. Адпаведнае, яшчэ леташняе прадпiсанне службы МНС, паводле слоў ксяндза Яна Кучынскага, выканаць не паспелi... Камiсiяй Мiнiстэрства культуры складзены акт аб стратах у касцёле ў вынiку пажару, аднак ацанiць маштаб гэтых страт у нейкiм грашовым эквiваленце немагчыма. «Алтар бясцэнны», — гаворыць ксёндз Ян Кучынскi. Да таго ж, у Беларусi не распрацавана методыка ацэнкi страт, якiя нанесены гiсторыка-культурным каштоўнасцям. Таму канчатковыя памеры страт будуць роўныя кошту аднаўленчых работ, якiя пачнуцца пасля складання адпаведнага праекта. Ксёндз Ян Кучынскi звярнуўся да ўсiх гродзенцаў з просьбай аб добраахвотных ахвяраваннях на аднаўленне касцёла, якi, дарэчы, ужо з другога дня пасля пажару працуе ў звычайным рэжыме, адпраўляючы ўсе службы. Ян Кучынскi таксама заклiкаў усiх як каталiцкiх, так i праваслаўных свяшчэннаслужыцеляў зрабiць усё магчымае па пытаннях процiпажарнай бяспекi ў храмах. Каб не здарылася такая бяда, як у Фарным касцёле. * * * Копiя Турынскай плашчанiцы будзе выстаўлена для пакланення вернiкаў у гродзенскiм касцёле святога Францыска Ксаверыя (Фарным касцёле) з 5 жнiўня, у свята Божай Мацi Кангрэгацкай, якая з’яўляецца адной з апякунак горада на Нёмане. Абласны цэнтр стане другiм пасля Мiнска горадам Беларусi, у касцёле якога будзе захоўвацца копiя вялiкай хрысцiянскай рэлiквii, якая з’яўляецца сведчаннем смерцi i ўваскрэсення Хрыста.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пажар у Гродзенскiм кафедральным касцёле святога Францыска Ксаверыя (Фарным), што адбыўся ў ноч на 13 лiпеня, абрастае рознымi чуткамi
|
|