Адкрытае акцыянернае таварыства «Пухавiцкi камбiнат хлебапрадуктаў»
Іван БАРАНОЎСКІ
Дарогi хлебаробаў вядуць на элеватар
Нягледзячы на тыя сюрпрызы, якiя робiць надвор’е, у краiне не спыняе сваiх паскораных тэмпаў жнiво. I, па сутнасцi, у гэткiм жа напружаным рытме працуюць прыёмныя пункты збожжа, камбiнаты хлебапрадуктаў. Пухавiцкi камбiнат хлебапрадуктаў — адзiн з буйнейшых у краiне. Пра тое, як на iм арганiзавана ўся справа ў гэты гарачы час, пра яго дзейнасць увогуле мы даведалiся падчас нядаўняга наведвання камбiната. Дарэчы, Пухавiцкi камбiнат хлебапрадуктаў у мiнулым годзе адзначыў свайго роду юбiлей: 30 гадоў таму тут быў уведзены дзеючы сёння, адзiн з найбольш магутных у краiне элеватар, на якi, зразумела, i паступае ўраджай. — Ды ў нас работы колькi.., — не зусiм была задаволена нашаму вiзiту начальнiк вытворча-тэхналагiчнай лабараторыi прадпрыемства Iна Краснабаева, якой было даручана пазнаёмiць нас з усiм працэсам прыёмкi i закладвання збожжа на захоўванне, з вытворчасцю камбiната ў цэлым. А той жа працэс прыёмкi i пачынаецца менавiта работнiкамi лабараторыi. З кожнай прыходзячай на камбiнат аўтамашыны, ужо на самым уездзе на яго тэрыторыю, абавязкова бярэцца проба, збожжа ссыпаецца ў асобную для кожнай гаспадаркi невялiкую ёмiстасць (зразумела, гэтыя ёмiстасцi размеркаваны i па вiдах культур), у канчатковым вынiку накоплiваецца сярэднясутачная проба. Апошняя i падвяргаецца дэталёваму аналiзу: на вiльготнасць збожжа, на яго засмечанасць, на тое, якi яно мае працэнт клейкавiны, i г.д. Гэтыя даныя аналiзуюцца, паступаюць потым у бухгалтэрыю, якая на аснове iх i праводзiць разлiкi з той цi iншай гаспадаркай. Зразумела, добрае збожжа — большая i сума налiчэнняў... Узоры сярэднясутачных проб на працягу пэўнага часу захоўваюцца на камбiнаце, адпаведна — вынiкi праведзенага аналiзу могуць праверыць работнiкi Дзяржстандарта i Дзяржаўнай хлебнай iнспекцыi. Гэтымi вынiкамi можа пацiкавiцца i кiраўнiк пэўнай гаспадаркi. I нават можа аспрэчыць iх. Праўда, як зазначалi ў лабараторыi, аб’ектыўнасць i праўдзiвасць яе аналiзаў заўсёды — несумненныя, i аспрэчыць iх проста немагчыма. За суткi работнiкi лабараторыi фармiруюць да 90—100 сярэднясутачных проб. Ужо з гэтых лiчбаў добра бачна, якi паток аўтамабiляў штосутачна накiроўваецца на камбiнат. Пры гэтым з прадпрыемства, па заяўках гаспадарак, нярэдка пасылаюць за збожжам i свой, а таксама арандаваны аўтатранспарт. На гэты ўборачны перыяд тут арганiзавалi кругласутачную работу дыспетчарскага пункта, куды сцякаюцца ўсе заяўкi гаспадарак, наладзiлi прыёмку збожжа на элеватар нават ноччу; з гаспадаркамi i з раённымi ўпраўленнямi сельскагаспадарчай вытворчасцi абслугоўваемага рэгiёна падтрымлiваецца кругласутачная сувязь. Многiя аўтамабiлi са збожжам сустракае раённая мiлiцыя — у яе свае функцыi, накiраваныя найперш на папярэджанне яго страт. I яшчэ такая, на наш погляд, вельмi красамоўная дэталь: на тэрыторыi камбiната, на яго збудаваннях неяк не заўважана чарод галубоў, якiя з’яўляюцца абавязковым «элементам» усёй адпаведнай атрыбутыкi на асобных падобнага роду прадпрыемствах. I асаблiва падчас паступлення на iх збожжа. Карацей кажучы, няма нiякiх збожжавых дарожак i астраўкоў на тэрыторыi камбiната — няма i няпрошаных гасцей. Аднак мы яшчэ прадоўжым знаёмства з камбiнатам i з работай самой лабараторыi, якая з’яўляецца цi не самым вядучым яго падраздзяленнем, а цяпер — пра тое, чым вызначаецца сёлетнi працэс прыёмкi збожжа. *** — Добра вядомыя сёлетнiя пагодныя ўмовы, якiя напаткалi хлебаробаў, — гаварыў малады энергiчны дырэктар Пухавiцкага камбiната хлебапрадуктаў Аляксандр Гарленка. — Спачатку пякло, у вынiку чаго гаспадаркi атрымалi шчуплае, няпоўнасцю налiтае зерне (у прыватнасцi, гэта датычыцца жыта, якое цяпер пераважна да нас i паступае; пшанiцу ў нашым рэгiёне, якi мы абслугоўваем i ў якi ўваходзяць Пухавiцкi i суседнiя з iм раёны, толькi пачалi ўбiраць), а на час уборкi — дажджы. Пры гэтым гаспадаркi прыспешвае тое ж надвор’е. Адсюль, адпаведна, i сёлетнiя асаблiвасцi прыёмкi збожжа. Яно патрабуе немалой дапрацоўкi, i ў першую чаргу, з-за яго павышанай вiльготнасцi, — павышаных выдаткаў на сушку, большага часу на яе. Тым не менш, наша асноўная задача — своечасова разгружаць аўтатранспарт са збожжам, якое паступае да нас з гаспадарак, не затрымлiваць яго, а значыць — i не стрымлiваць увесь уборачны працэс. Вядома, хацелася б, каб збожжа, якое прыходзiць да нас, было i лепш ачышчанае i крыху падсушанае — з тым, каб мы маглi найхутчэй давесцi яго да належных кандыцый i закласцi на працяглае захоўванне. А гэтыя кандыцыi ў першую чаргу наступныя: вiльготнасць — не большая за 14 працэнтаў, засмечанасць — не большая за 1,5 працэнта... Але вельмi зразумелыя цяперашнiя клопат i неспакой гаспадарак, якiя iмкнуцца як мага хутчэй усё ўбраць. Да таго ж у iх i адпаведнае сушыльнае абсталяванне, па сутнасцi, толькi ўзводзiцца або аднаўляецца. Словам, даводзiцца браць частку гэтага клопату на сябе. Хоць, увогуле, гэты клопат, — па хутчэйшай уборцы ўраджаю i закладванню яго на надзейнае захоўванне, нельга размяркоўваць паасобку. Гэта павiнен быць, i па сутнасцi так i ёсць, менавiта агульны, адзiны для ўсiх удзельнiкаў уборачнага канвеера клопат... Паводле слоў кiраўнiка Пухавiцкага камбiната хлебапрадуктаў, у гэтым сезоне тут ужо заклалi на захоўванне больш за 7 тысяч тон харчовага жыта, на ачышчальна-сушыльныя канвееры элеватара пачала паступаць пшанiца. Усё гэта забярэ потым у асноўным Мiнскi камбiнат хлебапрадуктаў, атрымае ў сябе муку. А з гэтай мукi мiнскiя хлебазаводы i спякуць цудоўны духмяны мiнскi хлеб, якi так падабаецца жыхарам сталiчнага горада і яго гасцям. *** Вось тут якраз дарэчы яшчэ раз звярнуцца да функцый ужо названай вытворча-тэхналагiчнай лабараторыi камбiната. I ў першую чаргу назавём адну з такiх найважнейшых яе функцый — тэсты на харчовую бяспеку захоўваемага i вырабляемага на прадпрыемстве прадукту. У прыватнасцi, гэта тэст — на таксiчнасць. Як ён праводзiцца? Скажам тут так: у «штаце» лабараторыi ёсць i iнфузорыi, якiя харчуюцца выцяжкамi з тэстуемага прадукту i па далейшых паводзiнах якiх i робiцца выснова, наколькi гэты прадукт бяспечны. — Наша лабараторыя вызначае больш за 40 паказчыкаў, якiя характарызуюць якасць сыравiны i прадукцыi, што вырабляецца на камбiнаце. Гэта паказчыкi на наяўнасць у прадукцыi пэўных мiкраэлементаў (кальцыю, фосфару, магнiю, жалеза i iншых), на наяўнасць пратэiну (дакладней — на тое, колькi яго там), а таксама нiтратаў, таксiчных рэчываў, паказчыкi на радыеактыўнасць i iншыя. Гэта i тыя ж паказчыкi на вiльготнасць i засмечанасць збожжа, згодна з якiмi вызначаецца тая цi iншая ступень яго дапрацоўкi перад закладваннем на захоўванне, — зазначае начальнiк лабараторыi Iна Краснабаева... Закласцi ў спецыяльныя ёмiстасцi-сiласы на захоўванне добра падрыхтаванае да гэтага збожжа, або, як гавораць на камбiнаце, даведзенае да належных кандыцый, — гэта яшчэ не ўсё. За яго станам потым будуць сачыць у тых жа сiласах шматлiкiя тэрмадатчыкi з перадачай усёй iнфармацыi на пульт кiравання элеватарам, згодна з паказаннямi якiх увесь гэты працэс (вядома, калi паказаннi не зусiм задавальняючыя) карэктуецца, або, як правiла, робiцца дадатковая прагонка збожжа праз сушылку. Наколькi добра падрыхтавана збожжа да працяглага якаснага захоўвання, як яно захоўваецца, абавязкова правяраюць спецыялiсты Дзяржаўнай хлебнай iнспекцыi. На Пухавiцкiм камбiнаце хлебапрадуктаў асаблiвую ўвагу ўдзяляюць менавiта захоўванню збожжа. Тут, у параўнаннi з iншымi камбiнатамi, маюць большую колькасць прызначаных для гэтага тых жа спецыяльных ёмiстасцяў-сiласаў. Адпаведна, сюды вязуць нарыхтоўваемае збожжа прадпрыемствы, у якiх гэтых ёмiстасцяў не хапае — мiнскi, слуцкi, барысаўскi камбiнаты, iншыя гаспадаркi i арганiзацыi. Вязуць, так сказаць, на адказнае захоўванне. З тым, каб забраць у патрэбны момант усю колькасць i належнай якасцi. Або атрымаць сваё збожжа назад ужо ў выглядзе iншай, вырабленай тут жа, на пухавiцкiм камбiнаце, прадукцыi (пра iншыя накiрункi дзейнасцi камбiната — крыху нiжэй). А на якасць захоўвання, а разам з тым, вядома, i далейшую якасць самога збожжа, напрыклад, могуць iстотна паўплываць пэўныя бiяхiмiчныя працэсы, якiя натуральна працякаюць у толькi што прынятым збожжы; тую ж «колькасць» падпiльноўваюць шкоднiкi-жучкi... Супраць усяго гэтага на камбiнаце праводзяць папераджальныя, прафiлактычныя меры. Як тут расказалi, адна з iх наступная: збожжа праганяюць праз сушылку i зiмой, але на яго падаецца ўжо не гарачае, як пры сушцы, паветра (дарэчы, пры сушцы тэмпература дасягае 320 градусаў), а халоднае, марознае... Карацей кажучы, за ўсiм працэсам трэба няспынна сачыць. Нялёгка дастаецца збожжа сельскiм працаўнiкам, няпроста яго потым i захаваць у поўнай цэласнасцi. У заключэнне абазначанай тэмы варта дадаць: на камбiнаце сёлета робяць прыёмку збожжа на камп’ютарызаваных аўтамабiльных вагах, што ў цэлым паскарае ўвесь працэс (асаблiва працэс дакументальнага афармлення прынятага грузу), што таксама дазваляе мець больш дакладны ўлiк збожжа, лепшы кантроль за яго захаванасцю; найбольш магутная збожжасушылка пераведзена на газ — гэта павысiла яе тэхналагiчнасць, рытмiчнасць у рабоце. *** Прыёмка ад гаспадарак збожжа — гэта на сёння найбольш важны ўчастак работы калектыву камбiната, аднак асноўным вiдам яго дзейнасцi, якi прыносiць асноўныя аб’ёмы i асноўны даход, з’яўляецца вытворчасць камбiкармоў для жывёлы. Увогуле Пухавiцкi камбiнат хлебапрадуктаў з’яўляецца адным з вядучых прадпрыемстваў у краiне па вырабу камбiкармоў, пра што няблага сведчаць i сёлетнiя паказчыкi ўсiх гэтых прадпрыемстваў. Усiх iх у краiне больш за 40, пухавiцкi камбiнат па ўжо вырабленых аб’ёмах (на дзень наведвання) быў 6-м. Тут выпускаецца больш за 20 вiдаў камбiкармоў — для розных вiдаў жывёлы i яе розных узроставых груп; у гэтым пералiку i камбiкармы для рыбных гаспадарак. Вырабляецца як рассыпны камбiкорм, так i грануляваны, прычым на камбiнаце робяць ухiл на нарошчванне выпуску менавiта апошняга. Як зазначалi яго спецыялiсты, у грануляваных камбiкармах лепш захоўваецца бялок, да таго ж, iх выпуск дазваляе потым эканомiць на транспартных расходах. Значная частка камбiкармоў затарваецца ў мяхi, прычым на камбiнаце мяркуюць павялiчыць аб’ём фасаваных камбiкармоў, фасаваць iх у рознай колькасцi, у тым лiку i ў зусiм невялiкай. Каб усё было, так сказаць, на любы густ пакупнiка. Зразумела, у дадзеным выпадку ў першую чаргу маецца на ўвазе рознiчны пакупнiк. А варта зазначыць, немалая колькасць пухавiцкiх камбiкармоў iдзе i праз «рознiцу», пры гэтым камбiнат гандлюе iмi i ў сваiх двух магазiнах, якiя маюцца пры прадпрыемстве. Якiя ў пухавiцкага прадпрыемства найбольш буйныя пакупнiкi? Гэта перш за ўсё Першая Мiнская птушкафабрыка, якая забiрае каля 30 працэнтаў усiх аб’ёмаў, а таксама адзiн са свiнагадоўчых комплексаў Пухавiцкага раёна («Ананiчы»). Маючы на ўвазе якасць сваiх камбiкармоў, на пухавiцкiм прадпрыемстве звяртаюць увагу менавiта на добрую работу Першай Мiнскай птушкафабрыкi, на прадуктыўнасць яе птушкi. I, сапраўды, сувязь тут прамая. За кошт чаго дасягаецца тая ж якасць? За кошт добрага памолу зерня, дакладнай дазiроўкi ўсiх кампанентаў, якiя ўваходзяць у камбiкорм, за кошт неабходнай насычанасцi камбiкорму рознымi кампанентамi. А сярод iх — i сланечнiкавы шрот, i мел, i ферментна-вiтамiнныя дабаўкi, усяго — каля 20. Пры гэтым, вядома, асноўнае месца ў рэцэптуры займае кармавое збожжа. На камбiнаце свае камбiкармы называюць поўнарацыённымi, г.зн. i маецца на ўвазе менавiта тое, што ў iх прысутнiчае ўвесь набор рэчываў, неабходных для забеспячэння найвышэйшай прадуктыўнасцi жывёлы або птушкi. Сёлета камбiнат наведае камiсiя з мэтай атэстацыi сiстэмы менеджменту якасцi прадпрыемства на яе адпаведнасць патрабаванням мiжнародных стандартаў ISO 9000—2001. Зразумела, у поле зроку камiсii ў першую чаргу трапiць камбiкормавая вытворчасць. На камбiнаце добра падрыхтавалiся да гэтага вiзiту i спадзяюцца, што вытрымаюць указаны экзамен паспяхова. Ну, а наяўнасць адпаведнага сертыфiката ўжо сама па сабе вымушае працаваць над якасцю пастаянна. Такое пытанне: цяпер нямала якiя гаспадаркi iмкнуцца вырабляць камбiкармы для сваёй жывёлы самастойна, так для iх абыходзiцца танней — як да гэтага адносяцца на камбiнаце? — Калi там могуць прыгатаваць поўнарацыённы камбiкорм, дык усё добра, — гаворыць начальнiк лабараторыi Iна Краснабаева. — Але справа ў тым, што такiх магчымасцяў у многiх гаспадарак якраз i няма, такiя магчымасцi могуць iснаваць толькi на спецыялiзаванай прамысловай вытворчасцi. А ўвогуле, лiчыць, якi камбiкорм выгаднейшы, таннейшы — свой цi набыты на спецыялiзаваным прадпрыемстве, трэба не па iх цане, а зыходзячы з адзiнкi атрыманай у гаспадарцы прадукцыi, зыходзячы з таго, на якiм камбiкорме можна атрымаць хутчэйшую i большую прывагу... Нельга не пагадзiцца з такiм меркаваннем. Пры гэтым варта дадаць: на камбiнаце маюць на ўвазе падобнае iмкненне асобных гаспадарак да прыгатавання ўласных камбiкармоў, i, адпаведна, прапануюць iм свае спецыяльныя бялкова-вiтамiнна-мiнеральныя дабаўкi — з тым, каб вырабляемыя ў гаспадарках камбiкармы былi менавiта паўнацэннымi. Сёлета на Пухавiцкiм камбiнаце хлебапрадуктаў плануецца павялiчыць выпуск камбiкармоў больш чым на 40 працэнтаў. Некалi iх выпускалi тут больш за ўсiх у рэспублiцы, i на прадпрыемстве намецiлi зноў выйсцi на гэтыя пазiцыi. Пашыраюць тут i адпаведныя рынкi збыту. Так, за апошнi час у прадпрыемства з’явiўся шэраг новых партнёраў — рыбныя гаспадаркi «Волма» i «Свiслач» з Чэрвеньскага i Асiповiцкага раёнаў i iншыя, прычым камбiнат выйграў адпаведны тэндар. У планах калектыву — асваенне рынкаў у краiнах блiзкага замежжа. Акрамя камбiкармоў, на пухавiцкiм камбiнаце выпускаюць таксама прэмiксы, у састаў якiх уваходзяць бiялагiчна актыўныя рэчывы (выкарыстоўваюцца прэмiксы для абагачэння тых жа камбiкармоў, а таксама розных кармавых сумесяў), ужо згаданыя бялкова-вiтамiнна-мiнеральныя дабаўкi (БВМД менавiта i прызначаны для вырабу камбiкармоў непасрэдна ў гаспадарках, на аснове iх збожжавай сыравiны), кармавыя дабаўкi. Усе гэтыя вiды прадукцыi, як, дарэчы, i камбiкармы прадпрыемства, маюць добры, устойлiвы попыт. *** Сёлета на Пухавiцкiм камбiнаце хлебапрадуктаў плануюць атрымаць ад сваёй дзейнасцi каля мiльярда рублёў чыстага прыбытку, летась тут мелi намнога менш. А яшчэ да мiнулага года прадпрыемства некалькi гадоў запар мела адмоўны баланс. Словам, апошнiм часам намецiлася неблагая дынамiка. Як патлумачылi тут, камбiнат у свой час няблага пракрэдытаваў гаспадаркi свайго рэгiёна — пад будучы ўраджай. А ўраджай на той час аказаўся небагатым. Так прадпрыемства i засталося крайнiм. Зразумела, на iм цяпер вельмi ўважлiва адносяцца да ўсiх сваiх здзелак — з тым, каб падобная сiтуацыя не паўтарылася зноў. «Ёсць прыбытак, ёсць i далейшае развiццё, ёсць добрыя планы», — падкрэслiваюць тут. А сярод блiжэйшых планаў калектыву — устаноўка яшчэ адной збожжасушылкi (цяпер iх тут — тры), мадэрнiзацыя камбiкормавага цэха, далейшая аўтаматызацыя ўсёй вытворчасцi, якую тут пачалi; у планах таксама рамонт магутнасцяў элеватара. I, як асаблiва зазначаюць на камбiнаце, — далейшая барацьба за клiента. А гэта значыць — барацьба за якасць, за добрую запатрабаванасць выпушчанай прадукцыi. Варта ў сувязi з гэтым падкрэслiць: на камбiнаце пры вырабе камбiкормавай прадукцыi прытрымлiваюцца агульнапрынятых стандартаў, а разам з тым гатовы вырабiць камбiкорм па рэцэптах, распрацаваных непасрэдна ў самiх жа гаспадарках. Што, у прыватнасцi, i робяць для Першай Мiнскай птушкафабрыкi... На Пухавiцкiм камбiнаце хлебапрадуктаў, на яго дошцы якасцi, можна пазнаёмiцца з даволi цiкавым дакументам, або так званай фiласофiяй Дземiнга. Адзiн з яе пунктаў абвяшчае: «Мы жывём у новую эканамiчную эпоху. Мы больш не можам мiрыцца з агульнапрынятым узроўнем памылак, затрымак, дэфектных матэрыялаў i няякаснай работы людзей». I яшчэ: «Зрабiце так, каб iмкненне да ўдасканалення тавару або паслугi стала пастаянным: ваша канчатковая мэта — стаць канкурэнтаздольным»... Можа, дапамагае калектыву ў цяперашнiм станаўленнi i гэта фiласофiя малавядомага для нас Дземiнга. А хутчэй за ўсё, да дакладна такой жа фiласофii калектыў схiляе само жыццё.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дарогi хлебаробаў вядуць на элеватар |
|