Не ў сотках шчасце
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
А ў iх месцазнаходжаннi — лiчаць турэцкiя дачнiкi Iзмiрскага рэгiёна Турцыi
За час нядаўняй паездкi па Турцыi ўздоўж берагавой лiнii Эгейскага мора мы, група беларускiх журналiстаў, часта звярталi ўвагу на мясцовыя дачныя пасёлкi. Яно i зразумела, значная частка насельнiцтва нашай краiны трывала ахоплена дачным рухам. Яшчэ наша цiкаўнасць падагравалася незвычайнасцю размеркавання пабудоў на тэрыторыi адпаведных кааператываў, па нашаму садаводчых таварыстваў. Адразу агаваруся, мы мелi магчымасць назiраць дачы на марскiм узбярэжжы. Вiдаць, гэта спецыфiка адбiлася на надзвычай ашчадным выкарыстаннi iх уладальнiкамi вельмi дарагой прыморскай зямлi. Магчыма, у цэнтры краiны ў аматараў бавiць вольны час ва ўласным домiку на ўлонні прыроды ёсць умовы разгарнуцца на куды больш вялiкiх плошчах, але тут, на ўзбярэжжы, кожны дачны ўчастак у сярэднiм меў сотку-паўтары. Ну максiмум дзве. Iльвiную долю зямельнага надзела займае дом. Нягледзячы на востры зямельны дэфiцыт, я не ўбачыў нiводнай спробы частковага захопу тэрыторыi дарогi памiж дамамi, чым нярэдка грашаць нашы арганiзаваныя садаводы. Кiдаецца ў вочы аднастайнасць дачных пабудоў, якiя ўзведзены па задумцы аднаго архiтэктара i, здаецца, з агульнай згоды забудоўшчыкаў нiякiм чынам не адхiляюцца ад праекта. Але мушу заўважыць, гэта заможная аднастайнасць. Дачныя паселiшчы ўяўляюць сабой некалькi акуратных вулачак, уздоўж якiх строга па праекту стаяць прыгожыя сучасныя дамы пераважна пад класiчнай чырвонай чарапiцай. Туркi не захапляюцца моднай сёння ў нас металачарапiцай, пафарбаваным у розны колер шыферам, катэпалам, адулiнам цi траснягом. Не ў вялiкай модзе ў iх i сайдынг. Дамы тут узводзяцца з цэглы цi сучасных блокаў на ўзор тых, якiя ў нас вырабляе ў пасёлку Чысць «Забудова», затым тынкуюцца звонку. Амаль усе дачныя дамы мелi шырокiя тэрасы на другiм паверсе i ўнушальных памераў навесы ад сонца на першым. Часта пад iмi мы бачылi барбекю, побач фантанчык. Дзе-нiдзе сустракалiся невялiчкiя басейны. Але гэта быў асабiсты капрыз гаспадара, бо ў сотнi метраў знаходзiўся марскi бераг. Абмежаванасць у зямлi дыктуе i адпаведны, так бы мовiць, кодэкс паводзiнаў турэцкага прыморскага дачнiка, якi можна сфармуляваць адной фразай: адпачываць, адпачываць i яшчэ раз адпачываць. Напрыклад, я не заўважыў вакол дамоў нiякiх гаспадарчых пабудоў накшталт папулярных у асяроддзi нашых дачнiкаў драўляных лазняў памерамi 6 на 5 метраў, нярэдкiх хлеўчукоў (асаблiва распаўсюджаных сярод гараджан першага пакалення, якiя на дачы пасялiлi старых бацькоў з вёскi) для ўтрымання кур, iндыкоў, а то нават i парсючка. Няма на ўчастках турэцкiх дачнiкаў градак з цыбуляй цi морквай, не садзяць яны нават садовых дрэў i кустоў. Затое амаль каля кожнага невялiкага катэджа на зялёным дагледжаным газоне расце адна цi дзве шыкоўныя пальмы, квiтнеюць магнолii, iншыя экзатычныя раслiны. Iншы, чым у нас, у Турцыi, парадак фармiравання дачных кааператываў. Звычайна ў iх аб’ядноўваюцца прадстаўнiкi аднаго прафесiйнага цэха. Скажам, юрыстаў, урачоў i г.д. Яны наймаюць кiраўнiка праекта, i пад яго пiльным наглядам звычайна ў даволi кароткi тэрмiн вырастае паселiшча. Вядома, дача на марскiм узбярэжжы — дарагое задавальненне. Але яна i вельмi выгаднае ўкладанне грошай. Якiя б працэсы ў эканомiцы краiны нi адбывалiся, катэджы на моры заўсёды будуць у цане. Акрамя гэтага, ужо многiя iх уладальнiкi ўдала спалучаюць уласны адпачынак са здачай дома ў арэнду замежным турыстам i турэцкiм гараджанам, якiя хочуць вялiкай кампанiяй тыдзень-другi адпачыць на моры. Цэны ў разгар курортнага сезона вагаюцца ад 80 да 100 еўра ў суткi. Ежу можна гатаваць самiм, можна заказваць у суседнiм рэстаранчыку. Перавага такога адпачынку ў тым, што ў адрозненне ад гасцiнiцы тут плата фiксаваная незалежна ад колькасцi пастаяльцаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А ў iх месцазнаходжаннi — лiчаць турэцкiя дачнiкi Iзмiрскага рэгiёна Турцыi |
|