Дажджы пазбавiлi вiцябчан дома!
Аляксандр ПУКШАНСКI
23 жнiўня каля 17 гадзiн дня ў вынiку моцных дажджоў, што ў Вiцебску ўжо iдуць некалькi апошнiх дзён, абвалiўся грунт каля вiцебскага шматпавярховага жылога дома. Ён знаходзiцца ў абласным цэнтры па вулiцы Праўды (дом № 26 корпус 1), недалёка ад знакамiтага канцэртнага комплексу — Летняга амфiтэатра. У вынiку ў яры, што побач, з’явiўся катлаван шырынёй каля 50 метраў, глыбiнёй 15—20 метраў i разбурыўся лiўневы калектар дыяметрам 1 метр.
Як паведамiлi рэпарцёру «Звязды» спецыялiсты жыллёва-камунальнай гаспадаркi вiцебскага гарвыканкама, гэты дом — двухпад’ездны, 76-кватэрны, ярусны ў 8, 12 i 15 паверхаў. Па даным прэс-службы УУС Вiцебскага аблвыканкама, ахвяр i параненых у вынiку надзвычайнага здарэння няма. На месцы здарэння працуюць спецыяльныя камiсii: па надзвычайных сiтуацыях аблвыканкама, якую ўзначальвае намеснiк старшынi аблвыканкама Вiктар Пятруша, а таксама гарвыканкама пад кiраўнiцтвам першага намеснiка старшынi Вiктара Нiкалайкiна i эксперты ўпраўленняў МНС, Камiтэта дзяржаўнай бяспекi, УУС, аварыйныя службы. Аператыўна былi праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы па эвакуацыi жыхароў з адной секцыi гэтага «шматяруснага» дома, якая блiжэй да яру: былi зарэзерваваныя месцы ў гатэлях «Лучоса» i «Ветразь», 13 жыльцоў, па асабiстаму жаданню, размешчаны ў гасцiнiцы «Вiцебск». Яшчэ 80 былi перавезены да сваякоў. Як паведамляе прэс-служба ўпраўлення МНС, у лiквiдацыi вынiкаў надзвычайнага здарэння ўдзельнiчаюць лепшыя спецыялiсты, якiя працуюць на аўтакране, аўтамабiльных цыстэрнах, аўтамабiлях аператыўнага рэагавання, выкарыстоўваюцца 40 адзiнак iнжынернай тэхнiкi. 15 розных арганiзацый горада прадставiлi больш як 50 самазвалаў, 4 экскаватары, 2 бульдозеры. На аб’екце працуюць брыгады «Вiцебскэнерга», «Вiцебскаблгаза», «Вiцебскiх электрасетак», «Вiцебскводаканала». Арганiзавана дзяжурства брыгады «хуткай дапамогi». За грамадскiм парадкам i дарожнай бяспекай сочыць мiлiцыя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
23 жнiўня каля 17 гадзiн дня ў вынiку моцных дажджоў, што ў Вiцебску ўжо iдуць некалькi апошнiх дзён, абвалiўся грунт каля вiцебскага шматпавярховага
|
|