З нябёсаў спусцiлася Алеся ў форме выратавальнiка
Святлана ЯСКЕВIЧ
Да самага пачатку мерапрыемства ў Брэсце лiў дождж. Але толькi верталёт МI-8 Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях прызямлiўся на стадыёне аварыйна-выратавальнага атрада Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, хмары, як па камандзе, разышлiся, i выглянула сонца. Гледачы раз-пораз пазiралi на неба i пыталiся адзiн у аднаго: «Няўжо нашы доблесныя выратавальнiкi ўжо i хмары разганяць навучылiся?» Ды людзi ў пагонах гэтыя здагадкi не пацвердзiлi. Выходзiць, сама прырода паспрыяла такому незвычайнаму шоу.
Але ўсё па парадку. З прыгожага белага верталёта выйшла вядомая спявачка Алеся ў форме выратавальнiка разам з мiнiстрам па надзвычайных сiтуацыях краiны Энверам Барыевым. Яны адразу падышлi да мiкрафона i патлумачылi прысутным мэту свайго прыезду цi, правiльней сказаць, прылёту. Знакамiтая салiстка ансамбля «Сябры» святкуе гэтымi днямi 15-годдзе сваёй творчай дзейнасцi. А МНС выкарыстоўвае ўсялякую магчымасць, каб прыцягнуць увагу насельнiцтва, асаблiва моладзi, да неабходнасцi зрабiць сваё жыццё бяспечным. I калi зоркi эстрады праяўляюць такую грамадзянскую свядомасць i згаджаюцца адзначыць асабiстае свята пад эгiдай грамадска-значнай кампанii, адбываюцца такiя шоу. Вiдовiшча сапраўды атрымалася цiкавае. Пажарныя-выратавальнiкi паказалi сваё майстэрсва прама на стадыёне. Хлопцы спускалiся па вяроўках з вышынi 4-павярховага дома, за секунды праводзiлi баявое разгортванне. Калi не ўлiчваць, што спецыяльны драўляны макет домiка, якi трэба было хутка патушыць, нiяк не хацеў гарэць, колькi яго не палiвалi керасiнам, то ўсе паказальныя выступленнi прайшлi на выдатна. Апладысментамi сустракалi гледачы прызямленне байцоў парашутна-дэсантнай групы авiяцыi МНС на парашутах у строга зададзеных пунктах. Бадзёрым, завадным атрымаўся i канцэрт Алесi. А яшчэ юныя пажарныя-выратавальнiкi, члены адпаведнай грамадскай арганiзацыi, а таксама дзецi з блiжэйшага мiкрараёна, якiх прыйшло на канцэрт вельмi многа, маршыравалi па стадыёне, спявалi песнi разам з мiнiстрам i Алесяй. А ў канцы мерапрыемства нават быў падпiсаны дагавор аб супрацоўнiцтве памiж Мiнiстэрствам па надзвычайных сiтуацыях i ансамблем «Сябры» па прапагандзе бяспечнай жыццядзейнасцi чалавека. Бакi дамовiлiся ўсiмi сродкамi заклiкаць суайчыннiкаў берагчы самае дарагое — сваё жыццё i жыццё сваiх блiзкiх.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да самага пачатку мерапрыемства ў Брэсце лiў дождж. Але толькi верталёт МI-8 Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях прызямлiўся на стадыёне аварыйна-в |
|