21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Цяжкi выбар — добрыя змены

25.08.2009 22:02 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ

Не думаў Сяргей Пашко, што яго жыццё, як кажуць, зменiцца так раптоўна. Першы раз, калi яму з сям’ёй давялося выехаць у Гомельскi раён, у вёску Грабаўку, са сваёй роднай Хойнiкшчыны, дзе ён працаваў заатэхнiкам пасля заканчэння Рэчыцкага саўгаса-тэхнiкума. Прыступка вышэй — галоўнага заатэхнiка саўгаса «Зара» — была ўзята крыху пазней, ды так здарылася, што гаспадарка ўлiлася ў птушкафабрыку «Рассвет». Там — зноў пасада заатэхнiка. Затым — чарговая рэарганiзацыя, i ён апынуўся ў эксбазе «Гомельская». Любiмая работа, нядрэнная зарплата, у сям’i парадак, хобi — пчалярства, што яшчэ трэба чалавеку?

А тут — на табе: круты паварот. На легкавушцы ў эксбазу завiтала старшыня Добрушскага раённага Савета дэпутатаў Вольга Мохарава i прама да яго, Пашко: едзем у Чырвоную Буду, прымай гаспадарку. Сяргей Аляксандравiч ажно крыху разгубiўся, такой нечаканай была прапанова. Разумеў: праца заатэхнiка, якой аддаў столькi гадоў i ведае ўсе адценнi яе — гэта адно, а работа кiраўнiка сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва (СВК) — гэта зусiм другое. Тут вопыт работы з людзьмi вунь як патрэбен, а веды спецыяльныя, а адказнасць якая? Ды той жа кааператыў, вiдаць, нiбы баржа, сядзiць на такiм мелкаводдзi, што не зрушыць яе з месца. Нездарма ж, пэўна, ва ўсiм Добрушскiм раёне не знайшлося чалавека, якi ўзяўся б выцягнуць яго адтуль.

Заўважыўшы на твары Сяргея Аляксандравiча цень сумнення, Вольга Фёдараўна сказала яму:

— Не спяшайся адмаўляцца. Ведаю: будзе цяжка. Вельмi цяжка. Але ўпэўнена, што з работай ты справiшся. Патрэбную дапамогу райвыканкам гарантуе.

Мохарава шмат гадоў працавала начальнiкам сельгасупраўлення Гомельскага райвыканкама. Кадры вёскi за гэты час яна вывучыла адмыслова i неаднойчы бачыла работу Пашко, ведала яго характар, уменне давесцi пачатую справу да лагiчнага канца, цанiла яго адкрытасць з людзьмi. Так што выбар яе быў далёка не выпадковы.

На дварэ стаяла другая дэкада красавiка 2005 года, час пасяўной кампанii, нават адна гадзiна якой можа вырашыць многае. У СВК «Чырвоная Буда» пра гэта цi то не ведалi, цi ведаць не хацелi. Гэта выявiлася ўжо тады, калi Сяргей Пашко i старшыня раённага Савета дэпутатаў папрысутнiчалi на пасяджэннi праўлення гаспадаркi. У СВК «Чырвоная Буда» — 2407 гектараў сельгасугоддзяў, у тым лiку 1306 — ворыва, а з восенi было засеяна iх усяго 260. У дадзены ж момант — раскачка. Аптымальныя тэрмiны сяўбы заканчваюцца. Патрэбны экстранныя меры, ды як iх прымяняць, калi грошай няма, а настрой у людзей кепскi. Чатыры месяцы яны не атрымлiвалi зарплаты, бо запазычанасць малочнаму камбiнату гаспадаркi склала 80 мiльёнаў рублёў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы, якое знаходзiлася на галодным пайку, зменшылася, у тым лiку i дойны статак. Бычкоў, якiх можна было б здаць, няма, а маладнячок вагой у тры пуды пускаць пад нож не будзеш. Сярэднiя сутачныя надоi ад каровы ўсяго чатыры кiлаграмы, а за год — 1200. Не каровы, а козы. Пра дысцыплiну ўжо няма чаго гаварыць: поўны разлад.

Вось такi сумны малюнак быў акрэслены на тым пасяджэннi. I калi старшыня раённага Савета спытала, цi ў стане сённяшняе кiраўнiцтва выправiць сiтуацыю, адказ быў «не». Бо ўсе ранейшыя запэўнiваннi яго наладзiць справы не спраўдзiлiся. Патрэбны свежыя сiлы. Вольга Фёдараўна прадставiла Сяргея Аляксандравiча, якi яшчэ ў дарозе абдумваў прапанову старшынi раённага Савета. Ён вырас у шматдзетнай сям’i (мацi працавала радавой калгаснiцай, бацька — у ляснiцтве), дзе прывыклi пераадольваць жыццёвыя цяжкасцi, не адступаць перад iмi. Вiдаць, гэта, а таксама жаданне яшчэ раз праверыць сябе ў важнай справе, i перамагло: ён даў згоду ўзначалiць адстаючы кааператыў.

Гутару з начальнiкам упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Добрушскага райвыканкама Антановiчам, i Аляксандр Вiктаравiч не можа нахвалiцца зменамi ў «Чырвонай Будзе». Спазненняў з выплатай зарплаты там няма. Як i запiсана ў калектыўным дагаворы, людзi атрымлiваюць яе 15-га чысла кожнага месяца. З даўгамi малочнаму камбiнату гаспадарка разлiчылася праз паўгода пасля прыходу ў яе Пашко. Кааператыў ён прымаў, калi ў iм было 700 галоў буйной рагатай жывёлы, а зараз — 1200. За мiнулы год было надоена ад каровы 3200 кiлаграмаў малака, сёлета за паўгода — 2120. Гэта — трэцяе месца ў раёне, а па тэмпах прыросту яго за леташнi год гаспадарка абышла ўсе iншыя СВК i КСУПы. Таварнасць малака высокая — 85 працэнтаў. Значна ўзрасла i культура земляробства, у вынiку чаго адбылiся станоўчыя зрухi i ў раслiнаводстве.

Падумалася: вось як адзiн чалавек за такi кароткi тэрмiн можа паўплываць на ход падзей. Таму захацелася даведацца, як гэта ўдалося. Сяргей Аляксандравiч — высокi, моцнага складу мужчына, у якiм адчуваецца сiла i ўпэўненасць. Едзем з iм па палях, дзе буяюць збажына, бульба, кукуруза, буракi, заглядваем на пашы, дзе пасвяцца статкi жывёлы. У вочы кiдаецца дагледжанасць зямлi, на якой сустракаюцца нядаўна ўзараныя ўчасткi розных памераў. Самы большы — 21 гектар, самы меншы — 5 сотак, а ўсяго яны займаюць звыш ста гектараў.

Аказваецца, да гэтага года землi гаспадаркi фактычна пуставалi. Прыдатныя землi не павiнны «хадзiць у гультаях», вырашыў Сяргей Аляксандравiч. Нядаўна з дапамогай ядахiмiкатаў з iх выкаранiлi пырнiк i iншае пустазелле i пасеялi вiка-аўсяна-гарохавыя сумесi. Восенню яны пойдуць на зялёны корм рагулям.

— Парадак, — расказвае Пашко, — я пачаў наводзiць з першага дня свайго старшынства. Памятаю, прыехаў у сем гадзiн на работу, а на планёрцы, якую вёў былы кiраўнiк, толькi галоўныя спецыялiсты, без сярэдняга i малодшага звяна. Сяджу, слухаю, задаю пытаннi: куды пойдзе тэхнiка, як будзе выкарыстоўвацца. Прыкмячаю: бакi трактараў запаўняюцца пад самае «горла», без улiку аб’ёмаў работ. Гэта нiкуды не варта. Пасядзеў з эканамiстам, усё падлiчылi i размеркаванне палiва наладзiлi як мае быць. Эканомiя. Крадзяжоў саляркi не стала.

Маючы вялiкi вопыт работы, Сяргей Аляксандравiч прыйшоў да высновы, што выйсцi з прарыву можна толькi тады, калi, па-першае, пойдзе вялiкае малако i, па-другое, калi яно будзе рэалiзоўвацца вышэйшым гатункам. Пачалося перазалужэнне пашаў (i перавага тут была аддадзена канюшыне), на якiх зараз дзень i ноч пасвяцца статкi з выкарыстаннем электрапастухоў. Пашы падкормлiваюцца мiнеральнымi дабаўкамi, сёлета iх ужо чатыры разы падкасiлi. Акрамя таго, значная колькасць плошчаў была засаджана кукурузай i кармавымi буракамi, без якiх вялiкага малака не здабудзеш.

Вузкiм пытаннем заставалася дойка, бо ў гаспадарцы не было перасоўных даiльных установак, каб абслугоўваць кароў на пашах. Дзве з iх дапамагла набыць старшыня раённага Савета дэпутатаў. Але ж нi даяркi, нi заатэхнiк не ведалi як след, як працаваць на новай тэхнiцы. Давялося навучаць iх, а кароў тых напачатку заводзiлi ў даiльныя ўстаноўкi... на вяроўках.

Сяргей Аляксандравiч, як кажуць, дняваў i начаваў на фермах. Ён прымусiў вадзiцеляў малакавоза прысутнiчаць пры аналiзе малака, якi рабiла лабарантка, адзначаючы яго вагу i тлустасць у таварна-транспартных накладных. У вынiку гэтых пералiчаных i iншых захадаў малако гаспадарка пачала здаваць вышэйшым гатункам, адсюль i грошы.

Адным словам, Пашко сам працаваў не шкадуючы нi сiл, нi часу, i заклiкаў да гэтага iншых. I калi спецыялiстаў удалося хутка накiраваць у патрэбнае рэчышча, дык гэтага не скажаш пра многiх рабочых, бо дысцыплiна ў iх кульгала на дзве нагi: то прагулы, то выпiўкi, то крадзяжы. Каб пакончыць з негатыўнымi з’явамi, на агульным сходзе было вырашана павесцi з iмi самую рашучую барацьбу. Такiм чынам работы пазбавiлiся 60 парушальнiкаў рознага тыпу, без якiх гаспадарка не развалiлася, а ўзяла ўпэўнены курс. Назад вярнуцца папрасiлiся больш як 40 чалавек. Iх прынялi, але на менш аплачваемую работу. I ўсё ж некалькi з iх слова сваё не стрымалi, таму месца iм у СВК ужо не будзе.

У кiраўнiка гаспадаркi i зараз шмат клопатаў, шмат праблем. Яго хвалюе стан жывёлагадоўчых фермаў, за рэканструкцыю якiх узялiся сёлета сваiмi сiламi. Аднак гэта не выйсце, бо сёння фермы павiнны быць сучаснымi, з новымi тэхналогiямi. Або яшчэ. У вёсцы Дубраўка, дзе пражывае 260 чалавек i знаходзiцца самая буйная ферма, толькi 6 чалавек працуе ў СВК, а вось моладзь ад 20 да 30 гадоў гультайнiчае, жывучы на пенсii бацькоў. Як з iмi быць?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не думаў Сяргей Пашко, што яго жыццё, як кажуць, зменiцца так раптоўна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика