«Dolce&Gabana» для чатырохногага сябра
Сяргей КУРКАЧ
Свая справа Ёсць у сталiцы непрыкметная ўтульная арачка на праспекце Незалежнасцi, 43, дзе з невялiкага пакойчыка прыватнага атэлье час ад часу «вырульваюць»... сабакi-дэндзi ў шыкоўных уборах.У краiнах Заходняй Еўропы адзенне для жывёл вырабляюць ужо даўно, а ў Беларусi «кропка» пад аркай стала першай «ластаўкай» такiх паслуг для сабак. Гаспадыня пашывачнай для жывёл Наталля Леанiдаўна расказвае: — Да апошняга часу атэлье працавала для людзей i прапаноўвалiся паслугi па рамонту i пашыву адзення. Аднак плошча памяшкання вельмi маленькая, i таму прымаць нейкiя сур’ёзныя i аб’ёмныя заказы было складана, — расказвае кiраўнiк атэлье. — Потым у маёй сяброўкi з’явiўся мопсiк. Менавiта для гэтага сабакi мы спачатку «па прыколу» сшылi адзенне, рамантавалi яго, выдумлялi нешта новае. — Пачынаць новы накiрунак было складана? — Сур’ёзна «сабачым» дызайнам вырашыла займацца пасля таго, як азнаёмiлася з развiццём гэтай тэмы ў Iнтэрнэце. Набылi некалькi ўзораў замежнай вопраткi на рынку, зрабiлi лекалы i пусцiлi невялiкую рэкламу. Спачатку аптовымi пакупнiкамi такой спецыфiчнай вопраткi сталi гандляры сабачага корму. У гэтых гандлёвых кропках прадавалася кiтайскае адзенне для жывёл звычайнай стандартнай «штампоўкi». А вось багатыя гаспадары сабак жадалi апранаць сваiх «дзетак» iндывiдуальна. АД ХОЛАДУ, ПЫЛУ I БРУДУ — У маёй суседкi з першага паверха маленькi сабака штогод у кастрычнiку—лiстападзе падчапляе прастуду. Потым уначы мы можам нават пачуць, як яна кашляе i чхае. Калi б той сабака насiў цёплую вопратку... — На самай справе хатнiя сабакi, якiя жывуць побач з намi ў гарадскiх кватэрах, ужо прывыклi да камфортных умоў, i iм зусiм недаспадобы працяглыя прагулкi пры дрэнным надвор’i. Экзатычныя сабакi, такiя, як голая кiтайская чубатка, увогуле амаль не маюць уласнага «футра», таму i холаду баяцца панiчна. Зiмою вопратку купляюць для ёркшырскiх тэр’ераў, маленькiх пiнчараў, а на вушы спанiэляў — цёплыя шапачкi. У мiжсезонне для дарагiх сабак абавязкова набываюць лёгкiя камбiнезоны i так званыя «пылавiкi», каб абаранiць жывёл ад гарадскога пылу i бруду. АБАВЯЗКОВЫЯ СВЯТОЧНЫЯ ЎБОРЫ — Мода для самцоў i самак iстотна адрознiваецца? — Зараз напрамкi мiнскай сабачай моды мы распрацоўваем самастойна разам з пажаданнямi заказчыкаў. Для самачак шыкоўныя яркiя сукенкi i камплекты заказваюць для святкавання сабачага «вяселля». Для чатырохногiх «хлопчыкаў» папулярнымi лiчацца строгiя камбiнезоны, а таксама джынсавыя касцюмы з трыкатажнымi кофтачкамi. Бываюць i выключэннi, калi ўсё залежыць ад густу клiента i таўшчынi яго кашалька. Так, для аднаго спанiэля мы рабiлi ваенную форму колеру хакi. Днямi нас наведала жанчына, у якой засталiся кавалкi ад норкавага футра. Зiмой на свайго голага сабаку яна нацягвае ажно па два камбiнезоны, а зараз з нашай дапамогай вырашыла пашыць яму норкавае манто. Галоўным чынам мадэльную вопратку для сабак гаспадары заказваюць штогод на дзень нараджэння сваiх маленькiх членаў сям’i. Адна клiентка расказвала, што яе сабака можа 10—15 хвiлiн круцiцца вакол люстэрка, каб у поўнай меры разгледзець сябе ў новым уборы. ПАВОДЗIНЫ САБАК ЗАЛЕЖАЦЬ АД ГАСПАДАРОЎ — На прымерку ў атэлье прыводзяць не толькi заўсёды мiрных i цiхiх сабак? — Зараз мы шыем вопратку толькi для маленькiх сабак, якiя па прыродзе сваёй неагрэсiўныя. Аднак сустракаюцца розныя... Нашу Таццяну падчас прымеркi адна такая «малеча» цапнула за палец. Добра, што не да крывi. Адразу пасля гэтага мы купiлi вялiкую кнiгу, дзе апiсваецца нораў i паводзiны ажно 370 парод сабак. Паводзiны сабакi ў большай меры залежаць ад таго, на якiм узроўнi з намi размаўляе сам гаспадар жывёлiны. Сабакi, якiя праходзiлi спецыяльную падрыхтоўку ў спецыялiстаў, падчас прымеркi паводзяць сябе амаль як людзi. Iм нават не трэба даваць кавалак цукру цi яшчэ што. Галоўнае, каб гаспадар быў спакойны i знаходзiўся побач. — Матэрыял для адзення можа быць любы цi iснуюць абавязковыя прапановы? — Вопратка павiнна быць з натуральнай тканiны, каб цела сабакi дыхала. Калi адзенне герметычнае, то абавязкова павiнна быць гiдраскапiчнае i лёгка мыцца. — Цi робiце абутак на лапы? — Пакуль не. Мы ведаем, што ёсць некалькi фасонаў мяккiх тапак, але заказаў на такiя вырабы ў нас пакуль не было. Таму гэты напрамак мы сур’ёзна зараз не распрацоўваем. — Цi iснуюць планы па стварэнню адзення для катоў? — Каты вельмi свабодалюбiвыя iстоты. Аднаму каралеўскаму кату мы зрабiлi шыкоўны бант. Але наш «твор мастацтва» праiснаваў на шыi ў ката не больш як паўгадзiны, пасля чаго бант быў знiшчаны. У перспектыве збiраемся для кошак рабiць свiтары з вязанага трыкатажу. Аднак масавых заказаў мы не чакаем, бо хатнiя каты так не гуляюць на вулiцы, iх не трэба абавязкова выгульваць як сабак. Калi нам прапануюць, то мы будзем рабiць уборы i на марскiх свiнак або хамякоў. Мой брат папрасiў зрабiць маленькi каўпак Санта-Клауса для сваёй марской свiнкi, каб i гэта жывёлiна здагадалася, што наступiў Новы год. — Сёлета першы паказ моды для птушак адбыўся ў Японii; там дызайнеры лiчаць, што, апрануўшы прыгожа крылатых, яны абароняць птушак ад птушынага грыпу. Цi асiлiце вы з цягам часу i птушыную моду? — Калi будуць заказы — зробiм. Аднак мы толькi пачынаем высокаквалiфiкавана абслугоўваць сабак. Усе дэталi адзення на iх таксама складаныя, але вельмi дробныя. Вы спрабавалi шыць вопратку на ляльку? А тут не проста жывая лялька, а сабака са сваiм характарам, асаблiвасцямi фiгуры i рознымi звычкамi. — Колькi каштуе такая прыгажосць? — Клiенту прапануецца выключна iндывiдуальная вопратка, калi ў адзенне ўкладваецца душа. Касцюм, сукенка або камплект з’яўляюцца сапраўдным творам аўтара. А эксклюзiў каштуе дорага. Камбiнезон, прашыты сiнтыпонам, каштуе каля 35 долараў па курсу, вясельная сукенка — каля 50 долараў, а норкавае манто пацягне на ўсе 150. Звычайныя простыя камбiнезоны i накiдкi прапануем не даражэй чым за 10 умоўных адзiнак. Запэўню вас: свята для сабакi, дзетак i сябе каштуе гэтых грошай. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць у сталiцы непрыкметная ўтульная арачка на праспекце Незалежнасцi, 43, дзе з невялiкага пакойчыка прыватнага атэлье час ад часу «вырульваюць»... с |
|