Дзень горада адзначаць на вадзе
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Свята горада жыхары i госцi сталiцы сустрэнуць блiскучым феерверкам каля гасцiнiцы «Беларусь» i вялiкiм водным святам у Траецкiм, на беразе Свiслачы. Завiтаюць у гасцiнны Мiнск i дэлегаты Мiжнароднай асамблеi гарадоў. Мэры i кiраўнiкi сталiц СНД, iншых гарадоў-мiльённiкаў разам з мiнчанамi адзначаць Дзень горада i правядуць дзелавыя перамовы наконт далейшага супрацоўнiцтва. Напрыклад, маскоўскую дэлегацыю ўзначалiць Юрый Лужкоў.
Пачнуцца святочныя днi 8 верасня, калi прадстаўнiкi мiжнародных дэлегацый ускладуць кветкi да абелiска «Мiнск — горад-герой». Як паведамiў начальнік упраўлення культуры Мiнгарвыканкама Вiктар Кураш, сёлета святкаванне Дня горада будзе адрознiвацца тым, што ўсе мерапрыемствы наблiзяцца непасрэдна да жылых мiкрараёнаў сталiцы. На Дзень горада будуць падведзены вынiкi конкурсу «Мiнчанiн года». Сярод iншых, на гэтае званне намiнiравалi i народных артыстаў Ядвiгу Паплаўскую i Аляксандра Цiхановiча. Вызначацца таксама пераможцы конкурсу «Лепшы па прафесii». — На працягу года мы праводзiлi пленэр майстроў паркавай скульптуры. Створаныя работы дваццацi скульптараў перамесцяцца ў раён Уручча. А каля Нацыянальнай бiблiятэкi будзе працаваць выстава прадукцыi гарадскiх прадпрыемстваў,— працягвае Вiктар Кураш. Галоўнае мерапрыемства — воднае свята. Яно будзе праходзiць з удзелам прафесiйных спартсменаў i каманд МНС, МУС, вайскоўцаў. Калi дазволiць надвор’е, на дзвюх водных платформах выступяць артысты тэатра i балета, спевакi, танцавальныя калектывы. У кожнай частцы горада таксама адбудзецца свята па ўласнай праграме. У Ленiнскiм раёне, напрыклад, прадугледжаны спецыяльныя пляцоўкi для дзяцей i ветэранаў. Жыхарам пакажуць авiямадэлi i выступленнi спартсменаў. Заводскi раён у Парку 900-годдзя Мiнска правядзе народныя гуляннi. У Маскоўскiм раёне галоўныя мерапрыемствы будуць праходзiць на праспекце Газеты «Правда» i на прыступках музычнага тэатра. Кастрычнiцкi раён прадэманструе выступленне маладзёжных каманд КВЗ каля Палаца чыгуначнiкаў. Жыхары Партызанскага раёна галоўныя моманты свята ўбачаць на бульвары Трактарабудаўнiкоў, у Першамайскiм раёне святкаванне пройдзе ў мiкрараёне «Усход», у Савецкiм раёне — у парку Дружбы народаў. Фрунзенскi раён святкуе ў парку 60-годдзя Кастрычнiка, Цэнтральны раён — у парку iмя Янкi Купалы. Гэта — галоўныя пляцоўкi, усяго ж у кожным раёне будуць працаваць шэсць—восем месцаў для святкавання, i, канешне ж, моладзь чакаюць дыскатэкi. — Акрамя таго, будуць праведзены святы вулiц i нават двароў. Зараз заканчваецца апошняя падрыхтоўка. Можна сказаць, што Мiнск да свята падрыхтаваны, — запэўнiў Вiктар Кураш. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свята горада жыхары i госцi сталiцы сустрэнуць блiскучым феерверкам каля гасцiнiцы «Беларусь» i вялiкiм водным святам у Траецкiм, на беразе Свiслачы |
|