Захавальнiк гiсторыi
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Асоба З чаго пачынаецца гiсторыя? З рэчы даволi празаiчнай — з паперы (цi яе папярэднiкаў), на якой занатавана тая цi iншая падзея. Бо сама падзея — гэта яшчэ не гiсторыя. Людзi ж, якiя прачыталi гэтую паперу i расказалi iншым пра яе змест, завуцца гiсторыкамi. А вось захоўваюць першакрынiцу — архiвiсты. Без гэтых радавых Яе Вялiкасцi Гiсторыi, часта невядомых шырокай грамадскасцi людзей, мы б не мелi дакладных, неаспрэчных сведчанняў таго, што адбывалася i адбываецца на гэтай зямлi.6 верасня спаўняецца 60 гадоў выдатнаму архiвiсту Беларусi Вячаславу Селяменеву. Гэты чалавек прысвяцiў архiўнай справе ўсё сваё жыццё, ён прайшоў усе прыступкi прафесii: ад архiварыуса да дырэктара Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь. Аўтар i сааўтар шматлiкiх публiкацый, першага падручнiка для ВНУ па архiвазнаўству, складальнiк унiкальных зборнiкаў дакументаў, без якiх была б немагчымай работа вучоных, пiсьменнiкаў, педагогаў, даследчыкаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь у галiне навукi i тэхнiкi, узнагароджаны ордэнам Пашаны, Ганаровай граматай Савета Мiнiстраў, знакам «Ганаровы архiвiст Беларусi». За гэтым пералiкам стаiць высакакласны прафесiянал, адзiны ў сваiм родзе, бо нiводны чалавек у свеце настолькi дасканала не валодае iнфармацыйным патэнцыялам Нацыянальнага архiва Беларусi, фонды якога складаюць 1 мiльён спраў, як яго дырэктар. I разам з тым гэта чалавек сцiплы, якi напярэдаднi юбiлею па сваёй звычцы бярэ водпуск. Аднак яго калегi, людзi, якiя з iм працуюць цi працавалi разам над выданнямi, з радасцю адгукнулiся на просьбу газеты сказаць колькi слоў пра Селяменева. Рэдакцыя ў сваю чаргу лiчыць абавязкам адзначыць уклад Селяменева ў аднаўленне забытых старонак гiсторыi «Звязды». У 1997 годзе Вячаслаў Дзмiтрыевiч у сааўтарстве з Яўгенам Бараноўскiм прысвяцiў 80-годдзю «Звязды» серыю артыкулаў, у 2001 годзе тыя ж аўтары апублiкавалi матэрыялы па гiсторыi «Чырвонай змены». Сёння чытачы маюць магчымасць блiжэй пазнаёмiцца з чалавекам, якi ўзначальвае буйнейшы ў Беларусi архiў XX стагоддзя. — Ён мiнчук, пасляваеннае дзiця, — расказвае пра Вячаслава Дзмiтрыевiча гiсторык i лiтаратуразнаўца Вiталь Скалабан. — Я не толькi яго падначалены, але яшчэ i бiёграф: пiсаў пра яго артыкул у даведнiку «Архiвiсты Беларусi». Дарэчы, пра людзей, аб якiх успамiнаюць тады, калi патрэбна пацвярджэнне стажу, даведка пра ўдзел у партызанскiм руху цi антыфашысцкiм падполлi... — пра архiвiстаў Беларусi ўпершыню выйшаў даведнiк. Селяменеў там выступае як адзiн з аўтараў, i, вядома, там ёсць пра яго артыкул — толькi факты. Пералiчаны некалькi дзесяткаў найменняў даведнiкаў i дакументальных выданняў, назваў артыкулаў, адным са складальнiкаў i аўтарам якiх з’яўляецца Вячаслаў Селяменеў: «Белорусские остарбайтеры», «Паляванне на гауляйтара», «Озаричи — лагерь смерти», «Забытые агенты Кремля», «Заложники вермахта», «Нацистское золото из Беларуси», «1 января 1919 года. Временное рабоче-крестьянское советское правительство Белоруссии», «Заходняя Беларусь. Падзеi i людзi»... У даведнiк не ўвайшлi надзвычай цiкавыя i ўнiкальныя па прыведзеных дакументах кнiгi, якiя выдадзены пад грыфам Нацыянальнага архiва сёлета: «Беларусь в первые месяцы Великой Отечественной войны» i «Чернобыль. 26 апреля—декабрь 1991 года». Пра Селяменева кажуць, што ён, як мiнiмум, выдатны ў дзвюх iпастасях: як гiсторык-публiцыст i як дырэктар Нацыянальнага архiва. Як дырэктар ён сфармiраваўся ў савецкiя часы, а ў складаных 90-х, у новых умовах, здолеў разгарнуць паўнавартасную дзейнасць цэнтральнага сховiшча дакументаў нашай дзяржавы. Маецца на ўвазе не толькi самастойная навуковая i выдавецкая дзейнасць, але i стварэнне ўмоў для даследчыкаў, i сумесныя праекты з замежнымi архiвамi, i карпатлiвы пошук дакументаў, якiя датычацца канкрэтных чалавечых лёсаў. У 1995 годзе да Нацыянальнага архiва, якi раней называўся Архiвам Кастрычнiцкай рэвалюцыi, быў далучаны былы партархiў. Гэта дазволiла дапоўнiць згубленыя па розных прычынах у гады Вялiкай Айчыннай вайны архiўныя матэрыялы 20—30-х гадоў. — Селяменеў не толькi дасканала вывучыў новыя фонды, — расказвае гiсторык Мiхаiл Шумейка, дацэнт Белдзяржунiверсiтэта. — Паралельна iм была распачата работа па аб’яднанню сiстэм навукова-даведачнага апарату, улiку. I вынiкi не прымусiлi сябе доўга чакаць: калектыў архiва здолеў хутка адаптавацца да новых умоў i працягнуў работу па асноўных накiрунках сваёй дзейнасцi, пачынаючы ад камплектавання i да выкарыстання. Самае галоўнае, што ўдалося забяспечыць дырэктару Нацыянальнага архiва, гэта тое, што не пацярпелi iнтарэсы карыстальнiкаў: чытальная зала не толькi не закрывалася, але, наадварот, часам з цяжкасцю ўмяшчала ўсiх жадаючых працаваць з дакументамi. — Самы абаяльны i прывабны, — кажа пра свайго шэфа намеснiк дырэктара архiва Людмiла Мурмыла. — I самы лепшы. Гэта на самай справе чалавек высокага iнтэлекту i высокай культуры. Ён нiколi не раздражняецца, заўсёды роўны ў адносiнах, нiколi не выхваляецца тым, што кандыдат навук, лаўрэат дзяржпрэмii, трымаецца з усiмi нароўнi. Да яго можна зайсцi ў любы час з любой праблемай — заўсёды выслухае i заўсёды дапаможа. З Селяменевым лёгка працаваць, сцвярджаюць i навукоўцы, i архiвiсты. Бо ён чалавек абавязковы, уважлiвы i цудоўна ведае фонды, аж да таго, што не толькi можа ўказаць, у якiм з iх знаходзiцца патрэбны дакумент, але i назваць лiст. «Ён заўсёды ўмее сканцэнтравацца на галоўным, пакiдаючы «дробязi» на потым, але, дарэчы, не забываючы пра iх», — заўважае Мiхаiл Шумейка. — На абарону яго кандыдацкай хадзiў увесь наш аддзел, — узгадвае вядучы навуковы супрацоўнiк Галiна Лiхтэнштэйн. — Гэта было ў 1979 годзе, дагэтуль памятаю тэму: «Аграрнае перанасяленне Беларусi ў гады першай пяцiгодкi». Усе тады былi ўпэўненыя, што ён пойдзе ў навуку, на абароне яму так адразу i сказалi, каб кандыдацкую дапрацоўваў у доктарскую. Але чамусьцi Вячаслаў Дзмiтрыевiч доктарскую пiсаць не стаў. Можа таму, што аддаў усе свае сiлы архiву. Нацыянальны архiў знаходзiцца ў лiку вядучых еўрапейскiх сховiшчаў дакументаў. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь захоўвае дакументы агульнанацыянальнага значэння з 1917 года. Гэта — станаўленне савецкай улады, грамадзянская вайна, iншаземная ваенная iнтэрвенцыя, утварэнне БССР, мiжваеннае развiццё рэспублiкi, уз’яднанне Заходняй Беларусi з БССР, антыфашысцкi падпольны i партызанскi рух у 1941—1945 гадах, аднаўленне i развiццё народнай гаспадаркi ў пасляваенны перыяд. Тут захоўваюцца дакументы, якiя прыадкрываюць заслону сакрэтнасцi над трагедыяй, што абрынулася на Беларусь у вынiку аварыi на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi. Шмат архiўных матэрыялаў, якiя расказваюць пра канкрэтных людзей: Янку Купалу, Якуба Коласа, Змiцера Жылуновiча, Аляксандра Чарвякова, Усевалада Iгнатоўскага, Петруся Броўку, Кузьму Чорнага, Змiтрака Бядулю i iншых значных дзяржаўных, навуковых i лiтаратурных дзеячаў Беларусi. I ў тым, што ўсе гэтыя дакументальныя помнiкi захоўваюцца надзейна i даступныя для даследчыкаў, вялiкая заслуга чалавека, якi ўзначальвае калектыў Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь. «Звязда» далучаецца да вiншаванняў юбiляру, жадае паспяхова пераехаць у будынак Нацыянальнай бiблiятэкi. Для архiвiста Вячаслава Селяменева гэта ўжо чацвёрты пераезд.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З чаго пачынаецца гiсторыя? З рэчы даволi празаiчнай — з паперы (цi яе папярэднiкаў), на якой занатавана тая цi iншая падзея. Бо сама падзея — гэта яш |
|