Далёка Эрмiтажу да Мiёраў!
Надзея ДРЫЛА
«Бог, Бацькi, Бацькаўшчына» — з гэтым дэвiзам упэўнена крочыць па жыццi лаўрэат прэзiдэнцкай прэмii «За духоўнае адраджэнне» i ўладальнiк знака педагагiчнага таварыства «За актыўную працу» Вiтольд Антонавiч Ермалёнак. Гэты год для яго ўраджайны на юбiлеi. Адзначылi з жонкай Марыяй Георгiеўнай жамчужнае вяселле, 30 гадоў споўнiлася краязнаўчаму гуртку «Арганаўты мiнулага», 20 — народнаму гiстарычнаму музею, некаторыя экспанаты якога не маюць аналагаў у свеце...
«Цэлы год проста гулялi i размаўлялi пра фiласофiю...» — Сустрэлiся, пазнаёмiлiся i пакахалi адзiн аднаго на гiсторыка-педагагiчным факультэце Гродзенскага педiнстытута. Курс быў невялiкiм, усяго 70 чалавек. Але чамусьцi спачатку я Вiтольда не заўважала. Магчыма, таму, што ён быў цiхiм, сцiплым. У адзiн цудоўны дзень прамiльгнула думка: а якiя шырокiя плечы ў гэтага хлопца. Напэўна, мужны. I я праявiла iнiцыятыву. Не паверыце, мы цэлы год проста гулялi i размаўлялi пра фiласофiю, — дзелiцца ўспамiнамi Марыя Георгiеўна. Ажанiлiся маладыя пасля заканчэння iнстытута. Так як Вiтольд быў адным з лепшых студэнтаў, яму раiлi ехаць вучыцца ў Маскву. Гiсторык жа выбраў Браслаўскi раён, дзе нарадзiўся, дзе жывуць бацькi. Размеркавалi ў маленькую школку, якая знаходзiлася ў Дуброўне. Жонцы там месца не знайшлося, таму паехалi на яе радзiму. Ды i невялiкая рознiца, бо Мiёры гiстарычна лiчацца часткай Браслаўскага павета. Краiна арганаўтаў У Мiёры Вiтольд Антонавiч прыехаў маладым настаўнiкам. Трэба было зацiкавiць вучняў гiсторыяй. Вось ён i прыдумаў «Арганаўтаў мiнулага», бо трымаць у руках сапраўдныя старажытныя рэчы дзецям вельмi цiкава. — Маем асабiсты герб, гiмн i пячатку. Спачатку правожу тэарэтычныя заняткi (знаёмлю з асновамi нумiзматыкi, геральдыкi i iнш.). I толькi той арганаўт, якi наведваў iх пастаянна, можа прымаць удзел у экспедыцыях, паходах, — распавядае кiраўнiк гуртка. Кожны год, асаблiва вясною i летам, археолага-краязнаўчы гурток Мiёрскага Дома дзiцячай творчасцi ў пошуку. Краязнаўцы знаходзяць тое, што ляжыць практычна на паверхнi. Напрыклад, адзiн з арганаўтаў дапамагаў бацьку вадзiць каня, калi патрэбна было абганяць бульбу. I знайшоў сякеру, якая служыць доказам таго, што пасяленне на месцы сучасных Мiёраў iснавала ўжо 5 тысяч гадоў таму. У сажалцы ля вёскi Дворышча арганаўты знайшлi старажытны пярсцёнак у жабрах шчупака: больш як сто гадоў насiла рыбiна яго ў сабе. На гэтым пярсцёнку выбiты 1884 год. Некалькi пакаленняў гурткоўцаў выхаваў Вiтольд Антонавiч. Нават дынастыi арганаўтаў маюцца: спачатку бацькi наведвалi гурток, а праз колькi гадоў эстафету перанялi iх сыны. Калi яны нават i не робяцца прафесiйнымi гiсторыкамi, то, безумоўна, атрыманыя веды i набытая назiральнасць дапамагаюць iм глядзець на свет вачыма шукальнiка. Не ў машыне шчасце Настаўнiкаў гiсторыi шмат, а вось краязнаўцаў, якiя адначасова вучаць дзяцей у школе, рэдка сустрэнеш. — Краязнаўства — усё маё жыццё, — запэўнiвае Вiтольд Антонавiч. У студэнцкiя гады Вiтольду Антонавiчу прапаноўвалi паступаць у аспiрантуру. — Гэта зусiм не тое, што мне было патрэбна. Там проста даюць тэму, вузкую, над якой трэба працаваць, а краязнаўства нельга абмяжоўваць. Часта з Мiёраў краязнаўца ездзiць на Браслаўшчыну да мацi. У Друi па дзве гадзiны чакае перасадкi. — Многiя дзiвяцца, чаму я не набываю машыну. Каб меў машыну, дык страцiў бы шмат каштоўных экзэмпляраў. Раскажу гiсторыю. Аднойчы чакаў я аўтобуса на прыпынку. Аж бачу метрах у ста гарыць вогнiшча. Там людзi на суботнiку палiлi старыя кнiжкi. Я падбег i голымi рукамi пачаў выратоўваць iх з агню. Рукi, праўда, абпалiў, але колькi цiкавых i рэдкiх кнiг я там знайшоў (клапатлiва бярэ з палiцы самую тоненькую кнiгу Аўгуста Адлера, датаваную 1913 годам). Вось гэта мая любiмая. Нават у Эрмiтажы такога не ўбачыш Спроба стварыць музей была яшчэ ў 1-й школе, дзе Вiтольд Антонавiч пачынаў працаваць. Але шмат каштоўных экспанатаў парасцягвалi, бо сцелажы размяшчалiся на калiдоры. Пасля гэтага настаўнiк вырашыў чакаць памяшкання, якое можна было б зачыняць. Дачакаўся ўсё ж такi: у 1986 годзе быў створаны гiстарычны музей на базе 3-й школы, куды ён перайшоў настаўнiчаць. У зборы экспанатаў (13,5 тысячы асноўнага i запаснога фондаў) актыўна ўдзельнiчалi вучнi, члены археалагiчнага гуртка «Арганаўты мiнулага». Музей стаў цэнтрам распаўсюджання вопыту краязнаўчай працы ў вобласцi. — Часцей праводжу экскурсii сам, але ёсць i дзве групы экскурсаводаў. Усяго падрыхтавана 28 спецыялiзаваных экскурсiй. — Якiя экспанаты прадстаўляюць цiкавасць для замежных турыстаў? — Палякаў цiкавiць усё звязанае з гiсторыяй Польшчы, шведаў — са Швецыяй, кiтайцаў — з Кiтаем. Адметна тое, што ў Польшчы музеяў у школах няма. — Самы любiмы экспанат? — Выдзелiць адзiн — значыць, пакрыўдзiць астатнiх. Кожная знаходка — цiкавая гiсторыя, у кожнай жыве кавалачак душы. — А ўнiкальны? — Маецца ў нас падвеска-браксiят — адзiная ў свеце знаходка. Нават у Эрмiтажы, дзе захоўваюцца два з паловай мiльёны манет, такой няма. Калi аб ёй расказалi на канферэнцыях у Маскве i Кракаве, нiхто не паверыў. Пакланiлiся, але не Напалеону Больш за ўсё краязнаўца любiць вандраваць. Аб’ехаў усе краiны былога Саюза, наведаў Iндыю, В’етнам. Самым лепшым падарункам на 50-годдзе стала падарожжа ў Егiпет. Дачушка ведала, чым парадаваць бацьку. У краiне пiрамiд знайшоў скрабок, узрост якога 8 тысяч гадоў. У Францыi ў час наведвання грабнiцы Напалеона экскурсавод папярэдзiла рускiх турыстаў: «Можа, не заходзьце туды, бо вам давядзецца пакланiцца iмператару, а вы з iм некалi ваявалi...» (грабнiца усталявана так, што кожны вымушаны нахiлiцца, каб яе разглядзець). Турысты не паслухалi папярэджвання. Экскурсавод iранiчна ўсмiхаецца. Вiтольд Антонавiч, заўважыўшы гэта, падышоў да яе i сказаў: «Мы пакланiлiся не Напалеону, а генiю нашага земляка, сусветна вядомага скульптара Генрыха Дмахоўскага, барэльефам якога ўпрыгожана грабнiца». Так веданне гiсторыi i выручыла. «У 4 гады нёс за мной рыдлёўку...» Кожны бацька марыць перадаць сыну не толькi прозвiшча, але i захапленне. У 1991 годзе пра нашага героя Уладзiмiр Сцепаненка здымаў фiльм «Старыя людзi гавораць». — Гэта мастацкая стужка пра тое, як я шукаю скарбы. I Антон тады трапiў у кадр: нёс рыдлёўку за мной. Яму тады было гады чатыры. Пасля сын быў у школьным музеi вядучым экскурсаводам. У рэспублiканскiм конкурсе «Мой радавод» заняў першае месца. Але нават нягледзячы на гэта, Антона адгаворвалi ад паступлення на гiстфак, бо ён скончыў профiльны фiзiка-матэматычны клас. Не паслухаў. Зараз паспяхова вучыцца на 3-м курсе. Марыць вярнуцца працаваць на Мiёршчыну, каб прадоўжыць бацькаву справу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Бог, Бацькi, Бацькаўшчына» — з гэтым дэвiзам упэўнена крочыць па жыццi лаўрэат прэзiдэнцкай прэмii «За духоўнае адраджэнне» i ўладальнiк знака педага |
|