Каму прад’явiць прэтэнзiю?
Iнга МIНДАЛЁВА
У нашых грамадзян штодзень узнiкае шмат пытанняў i праблем наконт абароны сваiх спажывецкiх правоў. Каб дапамагчы сваiм чытачам знайсцi на iх адказы, «Звязда» запрасiла на прамую лiнiю старшыню Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганну Уладзiмiраўну СУШУ.
(Працяг. Прачатак у нумары за 19 верасня). — Венiямiн Венiямiнавiч, мiнчанiн. Мне вельмi цiкава, цi павiнен я плацiць за кантэйнер цi полiэтыленавы пакет, у якi магазiн фасуе тавар? I цi магу я набыць прадукт без iх упакоўкi? — Пакупнiк мае права на тавар у запакаваным выглядзе i асобна за ўпакоўку грошы не павiнны спаганяцца за выключэннем харчовых тавараў, папярэдне сфасаваных у полiэтыленавыя пакеты без герметычнай упакоўкi i маркiроўкi. Аднак многiя магазiны навязваюць сваю ўпакоўку i прымушаюць спажыўца за яе плацiць. Праўда, некаторыя пункты цывiлiзаванага продажу для таго, каб прывабiць да сябе пакупнiка, робяць упакоўку бясплатнай. Гэта бянтэжыць спажыўцоў: у адным унiверсаме фасовачныя пакеты бясплатныя, у другiм за iх трэба плацiць. Калi пакупнiк не жадае плацiць за ўпакоўку, магазiн абавязаны пераўпакаваць тавар у паперу. — Маладзечна турбуе. Набыла ў магазiне пракiслы тварог, хоць яго тэрмiн годнасцi яшчэ не выйшаў. Тварог можна вярнуць? — Хутчэй за ўсё ў магазiне былi парушаны ўмовы захавання тварагу. Вы маеце права на вяртанне назад гэтага тавару. Можаце пакiнуць запiс у Кнiзе заўваг i прапаноў. Акрамя таго, у Маладзечна ёсць наша структурнае падраздзяленне, куды таксама можна звярнуцца. — Святлана Рышардаўна са Жлобiна з пытаннем. У студзенi гэтага года мы набылi маразiльнiк. Ён паўгода адпрацаваў, потым перастаў уключацца. Двойчы прыходзiў майстар, рамантаваў яго (замяняў рэле). Аднак маразiльнiк 2 месяцы папрацуе, потым перастае. Днямi зноў прыйдзе майстар, забярэ апошнi гарантыйны талон, аднак цi доўга пратрымаецца на гэты раз маразiльнiк — невядома. Што вы параiце? — Пры гарантыйным рамонце складанай бытавой тэхнiкi, калi двойчы праводзiлася замена аднаго i таго ж элемента, i ён зноў выйшаў са строю, вы маеце права на замену тавару. — З Мядзела да вас звяртаюцца. Калi я набыў тавар, але ён мне не падышоў, хоць да яго якасцi ў мяне прэтэнзiй няма, я магу яго абмяняць? — Спажывец мае права на працягу 14 дзён абмяняць некаторыя нехарчовыя тавары, калi яны не падышлi па фасону, колеру, памеру i г.д. пры ўмове захавання таварнага выгляду, ярлыкоў, цэннiкаў i чэка. Аднак ёсць пералiк тавараў належнай якасцi, якiя не падлягаюць абмену. Сюды ўваходзяць метражныя тавары (тканiна, штучнае футра, дывановыя вырабы, карункi, правады, кабелi, лiнолеум, багет i г.д.), нiжняя бялiзна, панчохi, шкарпэткi, пальчаткi, рукавiцы, вырабы з каштоўных металаў i камянёў, мэбля, шпалеры, парфумерна-касметычныя тавары, прадметы асабiстай гiгiены, лакафарбавыя тавары i прадметы бытавой хiмii, цацкi, ручкi i фламастары, жывёлы i раслiны, аўдыё- i вiдэакасеты, дыскi i кампакт-дыскi, друкаваныя выданнi, тавары для прафiлактыкi i лячэння хвароб у хатнiх умовах. Ёсць цiкавы нюанс. Скажам, я набываю тэлевiзар, але не ведаю, цi падыдзе ён мне, як будзе iсцi. Спажывец можа ўзяць тавар i 14 дзён прыглядацца, разважаць. Галоўная ўмова: у тэхнiчным пашпарце не павiнна стаяць пячатка i метка аб продажы. Пра гэта амаль нiхто не ведае i нiхто з пакупнiкоў гэтым правам не карыстаецца. Калi тавар вам не падыходзiць, пры захаваннi ўсiх квiткоў i чэкаў яго можна абмяняць на iншы. Але калi ў тэхнiчным пашпарце зроблена метка аб продажы, складаную тэхнiку замянiць нельга. Усе пералiчаныя вышэй групы тавараў нельга абмяняць як дабраякасныя, аднак калi тавар мае брак, смела звяртайцеся ў пункт продажу. — Дзень добры, Марыя мяне завуць, жыву ў Бабруйску. У адным з магазiнаў мэблi сутыкнулася з такой сiтуацыяй. У зале выстаўлены мяккiя вугалкi, спальныя гарнiтуры, канапы, мэбля ў дзiцячы пакой i — нiводнага ўзору кухнi. Яе можна заказаць — вам пакажуць каталог, дзе прапануюць выбраць гарнiтур i зрабiць заказ. Але «памацаць», убачыць «жыўцом» мэблю можна будзе толькi калi яе прывязуць устанаўлiваць вам дамоў. Цi правiльна гэта? — Пры набыццi-продажы мэблi па каталогу павiнен быць заключаны дагавор з дадаткам — скапiраванай з каталога старонкай з узорам выбранай вамi кухнi. — Алена Францаўна звяртаецца. Выбiралi з мужам ва ўнiвермагу халадзiльнiк. Адзiн спадабаўся, аднак калi мы паспрабавалi яго паглядзець знутры, прадавец нам не дазволiў. Як я магу набыць такую дарагую рэч, калi не ведаю, колькi ў яго аддзяленняў, як размешчаны палiцы, якi памер маразiльнай камеры i iнш.? Заўважу, што халадзiльнiк стаяў пасярод гандлёвай залы, распакаваны i не запячатаны... — Тут былi парушаны вашы правы. Пакупнiк мае права не толькi на вусную кансультацыю, але i паглядзець тавар у выкарыстаннi, тым больш — што ён з сябе ўяўляе. Параю адно — выбраць iншы магазiн. — Алена, Гродзенская вобласць. У мяне да вас такое пытанне. Што рабiць, калi цырульнiк дрэнна мяне пастрыг i як мне гэта даказаць? — Адразу выкажыце сваю прэтэнзiю самому майстру. Магчыма, ён прызнае вашу правату i не возьме з вас грошы за абслугоўванне, я такiя выпадкi ведаю. Iнакш — пiшыце заяву на iмя кiраўнiка ўстановы. Аднак трэба падыходзiць аб’ектыўна да работы цырульнiка, магчыма, вам проста здаецца, што стрыжка не ўдалася. Ёсць, безумоўна, выпадкi няякаснага аказання паслуг цырульнiка. Я памятаю сiтуацыю, калi на ААТ «Усход» мы адпраўлялi для правядзення экспертызы жанчыну з Ваўкавыска, якой на доўгiя валасы была зроблена хiмiчная завiўка. Я бачыла гэтую «хiмiю», сапраўды, сумнае вiдовiшча. Эксперты пацвердзiлi, што валасы былi перапаленыя, i канфлiкт скончыўся вяртаннем грошай за работу i выплатай маральнага ўрону. — Соф’я Канстанцiнаўна з Мядзельскага раёна. У раённай газеце знайшлi аб’яву аб аказаннi паслуг па ўстаноўцы вокнаў ПВХ. Прыехала брыгада, узяла папярэднюю аплату не прадаставiўшы нi дагавор, нi касавыя дакументы. Дагавор я з iх спагнала толькi пасля заканчэння работ, але касавых дакументаў так i не дачакалася. Горш таго, потым прыйшлося наймаць другую брыгаду, плацiць дадатковыя 120 долараў, каб дарабiць адкосы... — Не трэба было аддаваць грошы без атрымання дагавора i касавых дакументаў. Вы можаце прад’явiць прэтэнзii наконт недапрацовак (няякаснае выкананне работ) i спагнаць 120 долараў, якiя вы плацiлi другой брыгадзе, з першых работнiкаў. Увогуле, скаргi на дрэннае выкананне работ па ўстаноўцы дзвярэй i вокнаў трапляюць да нас рэгулярна i носяць сезонны характар. У агульным аб’ёме зваротаў грамадзян у наша таварыства яны займаюць 12—15 працэнтаў. — У мяне яшчэ адно пытанне: мы з мужам у 92-м годзе прыватызавалi кватэру, аднак адмiнiстрацыя пры вызначэннi сумы не ўлiчыла iзнос (дому тады было 20 гадоў). Мы аплацiлi поўны балансавы кошт. Цi можна зараз праз суды кампенсаваць рознiцу? — Гэтае пытанне не да мяне. Вам трэба звярнуцца ў юрыдычную кансультацыю. (Заканчэнне будзе.) «Гарачы тэлефон» Беларускага таварыства абароны спажыўцоў: 262-96-08; юрыстаў: 226-84-21.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашых грамадзян штодзень узнiкае шмат пытанняў i праблем наконт абароны сваiх спажывецкiх правоў. Каб дапамагчы сваiм чытачам знайсцi на iх адказы, |
|