«Аддаў бы дачку за беларуса!»
Уладзiмiр СМОЛIЧ
Завяршылiся Днi беларускiх i саюзных СМI ў Маскоўскай вобласцi. Яны праходзiлi, як мы паведамлялi раней, у рамках Нацыянальнай выстаўкi Рэспублiкi Беларусь у Падмаскоўi. Першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi нашай краiны Лiлiя Ананiч i мiнiстр па справах друку i iнфармацыi ўрада Маскоўскай вобласцi Сяргей Майсееў падпiсалi пратакол аб супрацоўнiцтве ў сферы сродкаў масавай iнфармацыi, палiграфii i выдавецкай дзейнасцi.
— Я з радасцю аддаў бы сваю дачку за беларуса! — так нечакана вiтаў беларускую дэлегацыю на вулiцы з хлебам-соллю (ад гэтага мы паспелi ўжо адвыкнуць!) адзiн з кiраўнiкоў выдавецкага дома «Масковiя». Дарэчы, сярод мноства выданняў гэтага дома самым папулярным аказаўся часопiс «Подмосковный летописец». А аб праблемах стварэння сучаснага летапiсу двух народаў, неабходнасцi наладжвання iнфармацыйнага ўзаемаабмену гаварылася на «круглым стале» кiраўнiкоў мiнiстэрстваў i СМI Падмаскоўя i Беларусi. Так, у прыватнасцi, Сяргей Майсееў заўважыў, што, на жаль, цэнтральная прэса часам аднабакова асвятляла жыццё «нашага заходняга суседа». Акрамя чыста прафесiйных размоў былi, натуральна, i паездкi па адрасах лепшага падмаскоўнага вопыту. Пробкi ў Маскве сёння такiя, што дарога на работу можа заняць да 4 гадзiн, уласныя машыны на ўвесь дзень пакiдаюцца ля канцавых станцый метро, а жыллё ў Падмаскоўi лiчыцца прэстыжным перш за ўсё на маршрутах электрычак. ... Мыцiшчы, Лядовы палац. Толькi што «з iголачкi», тут налета будуць праводзiцца матчы чэмпiянату свету. Тысяча дзяцей бясплатна займаюцца хакеем. Зноў жа бясплатна на ўсе спаборнiцтвы ходзяць iнвалiды, сем’i ўдзельнiкаў войнаў... Арэна лёгка трансфармуецца для канцэртаў, шоу.... Здзiвiла мноства рэкламы будаўнiчых матэрыялаў — «А ў нас за хакей адказвае будаўнiчы комплекс». Нам асаблiва падкрэслiлi немалаважную сённяшнюю дэталь: сем тысяч гледачоў пры неабходнасцi эвакуiруюць за пяць хвiлiн. ... Пасёлак Нагорны Адзiнцоўскага раёна. Пакуль даехалi — некалькi рэкламных расцяжак проста ў густым векавым лесе: «Прадаюцца ўчасткi». Заязджаем на тэрыторыю прадпрыемства «Мартадэль» — i гучыць гiмн фiрмы ў выкананнi Анжэлiкi Агурбаш. Iм тут пачынаюць i заканчваюць працоўны дзень. «Мартадэль» сёння — лепшы брэнд Расii. Мiкалай Агурбаш паказвае лепшы ў краiне цэх сыравяленых каўбас на 10 тон у суткi. Свiнiна, дарэчы, паступае i з Беларусi, але, як заўважаюць тэхнолагi, «трохi тлусцейшая, чым хочацца». Каўбаса, да ведама, робiцца 35 дзён, з iх 4 тыднi «спее» на сушцы — i без так званых «стартавых паскаральнiкаў», папросту «хiмii». На думку мясцовых знаўцаў (у гэтым цэху занята ўсяго 40 чалавек), лепшыя гатункi — браўншвейгская i зярнiстая. У нас была магчымасць купiць iх у мясцовым магазiне, у вiтрыне якога не на задворках кiнулася ў вочы i магiлёўская малочная марка «Бабулiна крынка»... Але каўбасу з «Мартадэля» не так часта сустрэнеш у Маскве. Аказваецца, толькi за ўваходжанне ў гандлёвыя сеткi трэба выкласцi 100—200 тысяч долараў, а за мяжою ва ўсю раскручаныя заводы па 1200 тон у суткi i гоняць у Расiю, мякка кажучы, не вельмi натуральны прадукт. Мiкалай Агурбаш цяпер вывучае магчымасць адкрыць адну са сваiх вытворчасцяў у Беларусi. Праўда, з усмешкай расказвае, як запрасiў упраўляючым сваёй фiрмы былога кiраўнiка вядомай кампанii «Фiлiпс» i распавёў яму пра 13 сваiх каўбасных заводаў, а таксама пра яшчэ два ўласныя прадпрыемствы — адзiн з лепшых у Расii завод чыстакроўных галубоў i, канешне ж, знакамiты шоу-праект, на што галандзец яму параiў закрыць усе каўбасныя вытворчасцi i пакiнуць толькi галубоў i шоу... Нягледзячы на цемру позняга вечара, галубоў мы ўсё ж «разбудзiлi». На гэты «кветнiк» варта было паглядзець — сотнi рознакаляровых птушак у адмысловых шыкоўных галубятнях... Доктар эканамiчных навук Мiкалай Агурбаш збiраецца фундаваць падрыхтоўку 5—6 аспiрантаў-галубятнiкаў, а гэтай зiмою — сабраць у сябе галубятнiкаў з усёй Расii на першы галубiны фэст... Беларусы там будуць таксама.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Завяршылiся Днi беларускiх i саюзных СМI ў Маскоўскай вобласцi. Яны праходзiлi, як мы паведамлялi раней, у рамках Нацыянальнай выстаўкi Рэспублiкi Бел
|
|