Iстэрыка ад «Атлантыкi»Муз-news Гурт «Atlantica» няблага зжыўся ў новым саставе i нават запусцiў на радыёстанцыi сваю першую кампазiцыю «Better Safe Than Sorry». Паводле слоў лiдара гурта Алекса Дэвiда, з музыкантаў лiтаральна выплёсквалася назапашаная энергiя, свядома былi выкарыстаны высокiя галасы, i ў вынiку атрымалася «iстэрычна i крыху драйвова».Гурт упершыню запiсаў песню не пра каханне, а пра ўзаемаадносiны чалавека i мас-медыя — пра тое, як лёгка можна паддацца спакусе i страцiць уласную iндывiдуальнасць. Праўда, у святле пераважнай рускамоўнасцi беларускiх выканаўцаў «Aтлантыцы» гэта пакуль не пагражае. Музыканты абяцаюць у сваiм будучым альбоме многа сюрпрызаў i эксперыментаў — усё для любiмых слухачоў. БЕЛАРУСЫ ПЕРАСПЯВАЛI IТАЛIЮ Маладая каманда «Litesound» наведала iтальянскi курортны горад Маёры на беразе Мiжземнага мора. Але не для таго, каб адпачыць, як усе нармальныя людзi, а для таго, каб паўдзельнiчаць у мiжнародным фестывалi-конкурсе маладых выканаўцаў i аўтараў «Festival Internazionale di Maiori». Такая адданасць музыцы не магла застацца без узнагароды. Па вынiках трох конкурсных дзён прадстаўнiкi Беларусi ўзялi першае месца, абагнаўшы канкурэнтаў з Iталii, Iспанii, Румынii, Албанii, Мальты i Кiтая. А вярнуўшыся на радзiму, гурт пачаў працаваць над дэбютным альбомам. Пакуль вядома толькi, што на iм змесцiцца 11 або 12 арыгiнальных песень i некалькi бонус-трэкаў, а магчыма, вiдэа i дадатковыя матэрыялы. Акрамя таго, музыканты выступаюць у ролi прадзюсараў, раскручваючы новае iмя — спявачку Раду. КАБ «ВЕДАЛI» ЎСЕ НАВОКАЛ Былы ўдзельнiк гурта «Чук i Гек» Дзмiтрый Врангель нядоўга заставаўся ў ролi вядучага свецкiх вечарынак. Ён усё ж пачаў сольную кар’еру — праўда, з дуэта. «Саўдзельнiкам» Дзiмы стала спявачка i даўняя сяброўка Вольга Плотнiкава. Артысты сустрэлiся неяк, разгаварылiся, прыгадалi былое i... напiсалi словы да кампазiцыi «Ведалi». Ды яшчэ i праспявалi яе разам, падкрэслiваючы, што песня заснавана на рэальных падзеях. Муж i пастаянны кампазiтар Вольгi Генадзь Маркевiч не толькi не пакрыўдзiўся, але i выступiў аўтарам музыкi да песнi. Бо, як ён сцвярджае, гэта нармальная з’ява ў творчасцi — а ў жыццi яго каханая падстаў для рэўнасцi не дае. АД «ЧЫСТАГА СЭРЦА» Экс-салiст гурта «Новы Iерусалiм» Аляксандр Патлiс, кажуць, разышоўся з камандай у поглядах на творчасць i — часова цi назаўжды — заняўся сольнымi праектамi. Першым з iх стане гастрольны тур «Чыстае сэрца», якi стартуе з 11 кастрычнiка па гарадах Беларусi. Удзел у праграме бяруць сябры артыста — брэсцкi гурт «Spasenie» i нямецкi музыкант Дэнi Плэт. Выканаўцы плануюць праехаць праз Оршу, Баранавiчы, Брэст, Магiлёў i iншыя гарады, а 22 кастрычнiка даць заключны гала-канцэрт у КЗ «Мiнск». Галоўнай iдэяй праграмы Аляксандр Патлiс называе iнтэрнацыянальнае яднанне: «Мы хочам паказаць, што хоць мы i размаўляем на розных мовах, нiякi геаграфiчны бар’ер нам не перашкаджае». «БЕЗБIЛЕТНIКI» ЎСIХ МАСЦЕЙ, СПЯВАЙЦЕ! Ёсць, аказваецца, такое свята — Дзень безбiлетнiка. Яго прыдумалi, як няцяжка здагадацца, удзельнiкi мiнскага гурта «beZ bileta» — з нагоды дня нараджэння свайго лiдара Вiталiка Артыста, — i сёлета збiраюцца адзначыць свята ў трэцi раз. У 2004 годзе музыканты суцяшалi «зайцоў», аштрафаваных у грамадскiм транспарце — у абмен на квiтанцыю аб аплаце штрафу выдавалi альбом «Намаляваная». Праз год Вiталь даў двухгадзiнны акустычны канцэрт для ўсiх жадаючых па тэлефону. А сёлета... Задумана суцэльная акцыя «Дзень безбiлетнiка 2006». Яе ўдзельнiкам прапанавана выканаць уласную кавер-версiю любой кампазiцыi гурта, запiсаць яе на чым заўгодна (мабiльнiк, дыктафон i г.д.) i даслаць музычны ўрывак працягласцю не больш за хвiлiну на электронны адрас гурта pisma@bezbileta.by.com. Заяўкi прымаюцца да 19 кастрычнiка, а ўжо з 20 кастрычнiка па 4 лiстапада пройдзе галасаванне наведвальнiкаў. Аўтар кампазiцыi-пераможцы зможа выканаць яе разам з гуртам на канцэрце, якi адбудзецца 10 лiстапада ў адным з мiнскiх клубаў. Вядучая рубрыкi Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гурт «Atlantica» няблага зжыўся ў новым саставе i нават запусцiў на радыёстанцыi сваю першую кампазiцыю «Better Safe Than Sorry»
|
|