Народная медыцына выклiкае больш даверу, калi яна пазбаўлена камерцыялiзацыi
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... Як на мой суб’ектыўны погляд, дык апошнiм часам на тэлебачаннi, у газетах занадта шмат увагi надаецца нетрадыцыйным метадам лячэння, парадам народных, як iх называюць, дактароў. Многiя яшчэ не паспелi забыць кашпiроўскiх—чумакоў, а iх нiшу сёння ўжо трывала занялi iншыя. Канешне, нельга агулам перакрэслiваць па-сапраўднаму карысныя здабыткi народнай медыцыны, але асабiста мяне, напрыклад, насцярожвае такое масавае праяўленне цiкаўнасцi насельнiцтва да «лячэння на хатняй канапе» — замест звароту ў выпадку неабходнасцi да дыпламаваных медыкаў. Зразумела, нельга абвiнавачваць i тэлебачанне, радыё, газеты — попыт, як кажуць, нараджае прапанову.Чым, на ваш погляд, выклiканы такi iнтарэс з боку насельнiцтва да парад, метадаў лячэння, што даюць шматлiкiя народныя дактары? Леў СТРАЦКЕВIЧ, галоўны iнспектар-урач аддзела сацыяльнага страхавання Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва: — Вось так адразу на гэта пытанне, напэўна, i не адкажаш... Асабiста я такiя перадачы не гляджу. Чаму? Сам я ўрач, ведаю, што iснуюць навукова даказаныя хваробы, зрэшты, як i метады iх лячэння. Калi адыходзiць ад iх, гэта будзе, напэўна, ужо шарлатанства. У першую чаргу чалавеку трэба звяртацца да медыкаў. Зразумейце, яны працуюць не толькi на падставе ўласных ведаў, вопыту, але нават сусветнага, што дазваляе аказваць квалiфiкаваную дапамогу. Я не адмаўляю цалкам заслуг народнай медыцыны, бо многiя медыкаменты вырабляюцца не толькi сiнтэтычна, але i з траў... Але сучасная медыцына, на жаль, не ўсемагутная. Гэта па-першае. Па-другое, некаторыя хваробы патрабуюць працяглага, паўторнага лячэння. А чалавеку хочацца вылечыцца хутчэй, асаблiва калi ён яшчэ пачуў, што некаму народная медыцына дапамагала. Вось гэта вышэйпералiчанае, напэўна, i робiцца асновай такой цiкаўнасцi людзей да тэлеперадач, артыкулаў у газетах на тэму народнай медыцыны. Валяр’ян КАРОЛЬ, намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны: — У пэўнай ступенi, як мне падаецца, адказ ужо закладзены ў вашым пытаннi. Таму, што не трэба хадзiць у бальнiцу, а седзячы, як вы кажаце, на канапе, дзейнiчаць па аналогii з суседам, якому народная медыцына дапамагла — залiў лыжку зёлак шклянкай кiпеню, выпiў i — здароўе на сто гадоў наперад гарантаванае. Iнтарэс да такiх метадаў лячэння ў свой час быў падагрэты шматлiкiмi публiкацыямi, маўляў, знойдзены старажытны тыбецкi рэцэпт iдэальнага здароўя i даўгалецця. Дарэчы, i зараз часам не зусiм добрасумленная рэклама абяцае поўнае выздараўленне цi амаладжэнне за тыдзень. А вы спытайце ў якога знахара, цi ёсць у яго пацвярджальныя дакументы з боку высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў наконт дзейснасцi i эфектыўнасцi яго лячэння. Думаю, наўрад цi будуць. Таму нават вашай газеце, друкуючы парады народных дактароў, думаю, трэба дадаваць: рэдакцыя адказнасцi за iх не нясе. Або суправаджаць iх каментарыямi медыкаў. Як у кулiнарыi: i прадукты аднолькавыя, i iх колькасць, а гатовыя стравы ў гаспадынь атрымлiваюцца розныя, ды i густ у кожнага з нас свой. Iншымi словамi, кожнаму да парад народных дактароў трэба падыходзiць узважана. Я нi ў якiм разе не адмаўляю заслуг i дасягненняў народнай медыцыны, але хутчэй паверу нейкай цётцы Машы з райцэнтра, якая выпрабавала на сабе пэўны сродак, ён дапамог яе суседцы, i гэты чалавек дапамагае бескарыслiва, не шукаючы для сябе нi рэкламы, нi грошай. Аляксей БАЖКО, дырэктар сельскагаспадарчага фiлiяла «Крынiца» ААТ «Мiнскпрамбуд», Капыльскi раён: — Калi гаварыць пра сiтуацыю ўвогуле, дык такi ўсеагульны iнтарэс, напэўна, тлумачыцца нашай неадукаванасцю. Нечым яна нагадвае шаманства, падмацаванае камерцыялiзацыяй таго ж тэлебачання. А што датычыцца мяне асабiста i маёй сям’i, я раскажу вам гiсторыю, а высновы рабiце самi. Тры гады таму мой сын на Усяночную перад Вялiкаднем пайшоў гуляць. Патэлефанаваў бабулi, а яна папрасiла яго не хадзiць, бо ў гэты час людзi павiнны малiцца. Сын не паслухаў. I ў 4.20 яго збiў матацыкл. Стан у сына быў крытычны: шматлiкiя сур’ёзныя траўмы, два тыднi ў коме, ён перанёс тры трэпанацыi чэрапа... Афiцыйная медыцына сказала, што шанцаў — нуль... Я звярнуўся да сваёй шматлiкай раднi, i мы ўсе разам ставiлi ў царкве свечкi, я ездзiў да народнага лекара. Ён павадзiў рукамi, пашаптаў на ваду, якой я потым два тыднi абмываў сына. Мы ўзялi на год акадэмiчны водпуск, пасля якога сын вярнуўся на вучобу ў БАТУ, вучыўся з сярэднiм балам 4,7, паспяхова атрымаў дыплом, потым жанiўся... Аляксандр ВIНЧЭЎСКI, выканаўчы дырэктар грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Бацькаўшчыны»: — Асабiста я такiя перадачы не гляджу. На шчасце, не было сiтуацый, каб так дапякло, што давялося б завяртацца да народных дактароў. У такiх выпадках сапраўды лепш звяртацца да медыкаў. Але ў народную медыцыну я веру. Праўда, тады, калi такi чалавек iмкнецца найперш дапамагчы iншаму, а не зарабiць. Iнакш гэта будзе ўжо шарлатанствам. Народны доктар павiнен быць папулярным за кошт сваiх спраў. Лiчу, што з дапамогай тэлебачання нельга рэкламаваць такiх лекараў, асаблiва калi ў iх няма дыпломаў. Калi памятаеце, быў час пасля розных кашпiроўскiх, калi iх з’яўленне на тэлеэкране было пад забаронай. Зараз яны зноў з’явiлiся. Вiдаць, i тэлеканалы маюць нешта з гэтага. А ўвогуле цiкавасць да нетрадыцыйнай медыцыны была заўсёды, хоць яе паслугi часам i нельга назваць таннымi, i цалкам адмаўляцца ад яе не варта.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як на мой суб’ектыўны погляд, дык апошнiм часам на тэлебачаннi, у газетах занадта шмат увагi надаецца нетрадыцыйным метадам лячэння, парадам народных, |
|