Б’ецца малюсенькае сэрца
Святлана БАРЫСЕНКА
Новае жыццё Да сёлетняга Дня Мацi беларускiя жанчыны атрымаюць бясцэнны падарунак, якi рыхтаваўся на працягу 18 месяцаў. Менавiта столькi часу спатрэбiлася Рэспублiканскаму навукова-практычнаму цэнтру «Мацi i дзiця» на рэканструкцыю радзiльнага дома, укамплектацыю новага аддзялення — дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогiй. У мiнулую суботу на тэрыторыi цэнтра, размешчанага ў Мiнску па вул. Арлоўскай, 66, кiпела работа па добраўпарадкаванню абноўленых плошчаў, якiя асвяшчаў iерэй Сергiй Кузьмянкоў, настаяцель храма ў гонар Ражства Прасвятой Багародзiцы.Дамаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогii, або экстракарпаральнае апладненне, якое дапамагае некаторым бясплодным парам нарадзiць дзiця, ажыццяўлялася дагэтуль у нашай краiне выключна камерцыйнымi медыцынскiмi структурамi. Аднак цяпер да падобных працэдур сур’ёзна падрыхтаваўся дзяржаўны сектар — на ўзроўнi высокатэхналагiчным i, што немалаважна, грошазберагальным для клiентаў. Як вядома, афiцыйная лiчба бясплодных шлюбных пар у Беларусi — 15 працэнтаў. Лiчба досыць умоўная, паколькi фiксуе ў справаздачах медыкаў выключна тых, хто заяўляе аб сваёй праблеме. Акрамя таго, паводле адных даных, дыягназ бясплоднасцi ставiцца праз паўгода, а паводле другiх — праз год, а значыць, тэарэтычна рэальная колькасць бясплодных можа быць i большай. У многiх еўрапейскiх краiнах, напрыклад, распаўсюджанасць бясплоднасцi дасягае 20 працэнтаў. — Адкрыццё аддзялення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогiй неабходнае для павышэння эфектыўнасцi лячэння пры цяжкiх, камбiнаваных формах бясплоднасцi, у выпадках немагчымасцi натуральнага зачацця, калi прымянялiся кансерватыўныя, медыкаментозныя, хiрургiчныя, у тым лiку рэканструктыўна-пластычныя лапараскапiчныя метады лячэння без эфекту, — тлумачыць дырэктар РНПЦ «Мацi i дзiця» Канстанцiн ВIЛЬЧУК. — У Расii, напрыклад, працуе 40 цэнтраў дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогiй i, паводле iх даных, на 100 стымуляваных у праграме ЭКА цыклаў нараджаецца прыблiзна 30 дзяцей пры ўмове высокаквалiфiкаванай эмбрыялагiчнай службы i прымянення культуральных асяроддзяў... Усе падобныя цэнтры працуюць выключна на платнай аснове. Гэта i зразумела: высокiя тэхналогii не могуць забяспечвацца па таму ж прынцыпу, што i паслугi экстраннай медыцынскай дапамогi. Праўда, у краiнах са страхавой медыцынай, напрыклад, у Германii i Францыi, тры спробы лячэння аплачваюцца са страхоўкi. Аб распрацоўцы аналагiчнай праграмы заявiла i Расiя. У нас жа цяпер з’явiлася альтэрнатыўная прапанова — больш танная. Знiжэння кошту працэдуры экстракарпаральнага апладнення на базе цэнтра «Мацi i дзiця» ўдасца дасягнуць за кошт лiтаральна аднаго пункта — набыцця неабходных лекавых прэпаратаў па рэцэпту ў адной са сталiчных аптэк. На запупках належнага абсталявання, безумоўна, не зэканомiш. — Мы маем самую высокакласную апаратуру i абсталяванне з Iзраiля, Вялiкабрытанii, ЗША, — удакладняе Канстанцiн Усцiнавiч. — Акрамя гэтага, мы падрыхтавалi ў Расiйскiм навукова-практычным цэнтры акушэрства, гiнекалогii i перынаталогii урачоў — рэпрадуктолагаў i эмбрыёлага... У першы год работы мяркуецца ажыццяўляць 100—120 цыклаў экстракарпаральнага апладнення. Работа аддзялення лячэння бясплоднасцi з прымяненнем дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогiй на базе РНПЦ «Мацi i дзiця» павiнна павялiчыць эфектыўнасць лячэння бясплоднасцi на 70—80 працэнтаў у параўнаннi з парамi, якiя прайшлi толькi кансерватыўныя, медыкаментозныя i хiрургiчныя метады лячэння, эфектыўнасць якiх не перавышае 30—35 працэнтаў. Такi расклад павiнен паспрыяць паляпшэнню дэмаграфiчнай сiтуацыi i павышэнню нараджальнасцi ў краiне. — На блiжэйшую будучыню запланавана ажыццяўленне рэдукцыi плодаў, — кажа Канстанцiн Усцiнавiч. — Справа ў тым, што прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогiй не выключае магчымасцi апладнення некалькiх яйцаклетак, але ж неабходна прадаставiць мацi магчымасць нарадзiць столькi дзяцей, колькi яна жадае. Для гэтага i патрэбна рэдукцыя, якую мы першымi ў краiне будзем асвойваць... Вiдавочна, што на карысць iншых пазiцый — знiжэння мацярынскай i дзiцячай смяротнасцi, ранняй дыягностыкi захворванняў у дзяцей адкрываецца пасля рэканструкцыi радзiльны дом, разлiчаны на 94 ложкi. Цяпер тут будзе размяшчацца i рэспублiканскага значэння аддзяленне паталогii для парадзiх з цяжкiмi захворваннямi сардэчна-сасудзiстай, эндакрыннай, дыхальнай сiстэм. Наогул цэнтр «Мацi i дзiця» можна назваць сапраўды ўнiкальным, прычым не толькi для Беларусi. Дастаткова сказаць, што на сусветным узроўнi працуюць лабараторыi для выяўлення захворванняў, абумоўленых генетычнымi фактарамi. Дыягнастычныя даследаваннi заснаваныя на мiкраметодыках. Гаворачы простай мовай, мiкразабор крывi ў лабараторыi тэрмiновых аналiзаў дазваляе атрымаць 26 бiяхiмiчных паказчыкаў за 30 хвiлiн. Цэнтр вядзе зараз каля трыццацi навуковых тэм. Адна з завершаных — уласны iнавацыйны апарат «Малыш», распрацаваны сумесна з Iнстытутам фiзiкi Нацыянальнай акадэмii навук. З апаратам, прызначаным для лячэння жаўтушных станаў рознага паходжання, плануецца выйсцi на мiжнародны рынак, паколькi iм ужо зацiкавiлiся Расiя, Украiна, Польшча.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да сёлетняга Дня Мацi беларускiя жанчыны атрымаюць бясцэнны падарунак, якi рыхтаваўся на працягу 18 месяцаў
|
|