Надзея на ўзаемавыгаднае ўрэгуляванне «газавага» пытання застаецца...Погляд У грамадстве расце занепакоенасць заявамi асобных прадстаўнiкоў расiйскага высокапастаўленага чыноўнiцтва аб намеры Газпрама з наступнага года рэзка павысiць цану на прыродны газ для беларускiх спажыўцоў. Карэспандэнт «Звязды» папрасiў пракаментаваць гэту сiтуацыю намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii па грашова-крэдытнай палiтыцы i банкаўскай дзейнасцi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, члена камiсii па бюджэту Парламенцкага сходу Саюза Беларусi i Расii Iвана МЫЧКО.— Сiтуацыя з цаной на расiйскi газ сапраўды пакуль няпэўная. I з наблiжэннем канца года мiжволi вымушае задумвацца пераважную большасць насельнiцтва наконт верагодных наступстваў такога малазразумелага i несяброўскага, мякка кажучы, кроку з боку галоўнага стратэгiчнага партнёра. Iнакш не магу расцанiць iнiцыiраванне Расiяй павышэнне кошту газу. Крок гэты, дарэчы, супярэчыць думкам i настроям многiх дэпутатаў Дзяржаўнай думы Расii i мiльёнаў iх выбаршчыкаў аб мэтах i спосабах яднання брацкiх народаў. Я ўжо шэсць гадоў працую ў складзе Парламенцкага сходу Саюза Беларусi i Расii. За гэты час меў сотнi шчырых гутарак як з дэпутатамi Думы так i радавымi жыхарамi Расii. Яны адназначна ставяцца да Беларусi як да самага надзейнага i вернага саюзнiка ў свеце. I нiколi ў час гэтых частых размоў не ўзнiкала «газавае» пытанне. Мае суразмоўцы прытрымлiвалiся i працягваюць прытрымлiвацца думкi: калi мы саюзнiкi, то i цэны на энерганосьбiты павiнны быць аднолькавыя як для расiян, так i для беларусаў. Простая i зразумелая пазiцыя. Аднак, на жаль, яе падзяляюць не ўсе ў Маскве. Памятаеце, як ужо аднойчы напярэдаднi ацяпляльнага сезона было востра пастаўлена Газпрамам пытанне аб павышэннi цэн за «блакiтнае» палiва. Тады ўдалося дамовiцца з кiраўнiцтвам Расii. Сёлетняя «газавая атака» на iнтэграцыю пачалася, калi не памыляюся, у час святкавання дзесяцiгоддзя з нагоды ўсталявання Дня яднання народаў Беларусi i Расii. Газ-прам аб’явiў аб сваiх планах браць за газ з Беларусi, як i са спажыўцоў з краiн багатай Заходняй Еўропы. Тады падумалася, што гэта хутчэй за ўсё апаратная недарэчнасць, якая хутка будзе выпраўлена кiраўнiцтвам газавай манаполii... Але сёння я ўсё больш пераконваюся ў тым, што гэта была загадзя спланаваная акцыя пэўных палiтычных сiл Расii супраць нашай краiны, якая мэтанакiравана i ўпарта праводзiцца пад шыльдай абароны нацыянальных iнтарэсаў. Менавiта таму, лiчу, узнiк нядаўнi сумнавядомы дакумент аб процiдзеяннi продажу тавараў беларускiх вытворцаў на рынках расiйскiх рэгiёнаў. Адсюль i заява галоўнага санiтарнага ўрача Расiйскай Федэрацыi аб тым, што праз Беларусь, маўляў, iдуць пастаўкi забароненага вiна з некаторых краiн СНД. Гэтыя i iншыя факты складаюць лагiчны ланцужок дэструктыўных дзеянняў па тармажэнню iнтэграцыi. I «казырная» карта ў гэтай гульнi — «газавае» пытанне. На першы погляд быццам бы кiраўнiцтва Газпрама мае рацыю, бо манаполii патрэбныя мiльярды на ўдзел у рэалiзацыi нацыянальных праектаў. Але нават без дакладнага аналiзу бачна, што атрыманыя ад Беларусi дадатковыя грошы за пастаўкi газу не зробяць пагоды ў краiне пры ажыццяўленнi нацыянальных праектаў. А вось шкода саюзнаму будаўнiцтву будзе нанесена велiзарная. Таксама моцна пацерпяць многiя спажыўцы беларускiх камплектуючых i iншых таварных груп у Расii. Цяжка пакуль дакладна падлiчыць, якiя страты панясе нацыянальная эканомiка Беларусi ў выпадку скачка цаны на газ з першага студзеня наступнага года. Але не трэба быць вялiкiм эканамiстам, каб прадбачыць, што яны ў выпадку непахiснасцi Газпрама будуць даволi адчувальныя. Але калi сiтуацыя ўсё ж будзе развiвацца па схеме Газ-прама, то, упэўнены, тым сiлам, якiя стаяць за Мiлерам, не ўдасца дасягнуць канчатковых мэтаў... Тым часам надзея на ўзаемавыгаднае ўрэгуляванне «газавага» пытання яшчэ застаецца. Многае тут будзе залежыць ад пазiцыi прэзiдэнта Расii Уладзiмiра Пуцiна. Не верыцца, што ён пойдзе на сур’ёзнае пагаршэнне адносiнаў з саюзнiкам. Запiсаў Леанiд ЛАХМАНЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У грамадстве расце занепакоенасць заявамi асобных прадстаўнiкоў расiйскага высокапастаўленага чыноўнiцтва аб намеры Газпрама з наступнага года рэзка п |
|