Мара даўжынёй... у 30 кiламетраў правадоўСёлета на хутар нарэшце падвялi электрычнасць Яшчэ ў 50-я гады тут, пад вёскай Радзеж Маларыцкага раёна, размяшчаўся вялiкi хутар Чамярынне (каля 20 двароў). Але ў вынiку барацьбы з кулацтвам лепшыя дамы былi перавезеныя ў Радзеж. Тут з iх была сфармiравана цэлая вулiца, якая атрымала назву «Калёнiя». Пяць дамоў разам са сваiмi гаспадарамi засталiся на хутары. Iшлi гады, але, здавалася, яны праходзiлi мiма хутара, а ён так i заставаўся ў 50-х гадах: кожны жыў толькi са сваёй гаспадаркi. I ўсе жылi без электрычнасцi. Адзiнае, што тут змянялася, — колькасць жыхароў. Толькi сем чалавек дажылi да моманту, калi зiмою 2006 года да хутара дайшоў прагрэс — сюды падвялi электрычнасць. Згодна са словамi Вольгi Мiкалаеўны Каралюк, старшынi мясцовага сельвыканкама, жыхарам Чамярыння давялося пакрываць затраты толькi па правядзенню электраправодкi ўнутры дома. У сярэднiм гэтая сума не перавышала двухсот тысяч беларускiх рублёў. Марыя Шульжык жыве на хутары з нараджэння, 74 гады. Сёння ў сваiм невялiчкiм доме (адзiн жылы пакой, якi па памерах не большы за 4х4 яна адна: 6 гадоў таму памёр муж, з якiм яны паставiлi на ногi пецярых дзяцей. «Жылi ў гэтай хатцы з аднаго пакойчыка, якi табе i кухня, i спальня, i прыхожая. Таўклiся, спалi на адным ложку, а дзяцей гадавалi. Гаспадарка, дзецi, зноў гаспадарка. Столькi клопату, што часу не было, каб задумвацца над тым, як здабыць сабе лепшыя ўмовы», — расказвае пра сваё жыццё Марыя Апанасаўна. Пасля смерцi мужа давялося пазбавiцца ад гаспадаркi, пакiнула толькi адну карову i некалькi авечак. Вясной, назапасiўшы крыху грошай са сваёй стотысячнай пенсii, Марыя Апанасаўна набыла некалькi курак-нясушак. «Ну не магу без курак. З iмi неяк весялей на двары». — А чаму ж пенсiя такая маленькая? — не магу ўтрымацца ад пытання. — А адкуль ёй быць? — тлумачыць з сумам у вачах жанчына. — Пра работу тады нават i размовы не магло iсцi: на руках пяцёра дзяцей, дзiцячага садка няма, i да месца працы не менш як тры кiламетры. Ды i нашто ж мне тыя грошы? Паела бульбачкi, папiла сырадою — i сытая. А «шлюбных» касцюмаў мне набываць не трэба. Куды я ў iх хадзiць буду? Хiба на поле?.. А на той свет мяне i так возьмуць... Марыя Апанасаўна прызналася, што хоць у доме ўжо ёсць электрычнасць, часам вечарам па старой звычцы рукi пацягнуцца да газавай лямпы, якую дзеля эканомii яна запраўляе саляркай. I завядзе гэты невялiчкi настольны «трактар» (так называе з-за сажы газавую лямпу гаспадыня). Сядзе, паглядзiць праз акно на амаль мёртвую лясную дарогу, i толькi потым, праз гадзiну-другую ўзгадае, што гэта лямпа павiнна стаць учарашнiм днём, якi яна, напэўна, так i не зможа пакiнуць у мiнулым. Крыху па-iншаму лёс звязаў з хутарам жыццё братоў Аляксея i Пятра Навумчыкаў. Калi былi маладымi, атрымалася ўладкавацца на працу ў Брэсце, Пятро нават атрымаў у горадзе аднапакаёвую кватэру. Але з цягам часу браты вярнулiся на хутар, без анiякiх ваганняў прамяняўшы цесныя ланцугi кватэрных квадратаў на прастор i дом без электрычнасцi. Чаму яны так зрабiлi? «Напэўна, такiя нашы каранi, што заўсёды патрабуюць кантакту з зямлёй», — гавораць браты. Двойчы на тыдзень хутар ажывае. Сюды прыязджае аўталаўка, якая прывозiць усё, што пажадаюць хутаране. А жадаюць яны няшмат. «Рэгулятары» жаданняў — пенсii. Я ведаю кожнага з хутаран. Многiя з iх — ахвяры абставiнаў. У свой час нiкуды не паехалi з хутара, не было магчымасцi. А сёння яны рады, што i да iх, нарэшце, прыйшло святло. Аляксандр АЛЕСIК. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета на хутар нарэшце падвялi электрычнасць |
|