Наша Каложа
Наведаць знакамiтую Каложскую царкву мне хацелася даўно. Цiкавасць падагравалi не столькi маляўнiчыя рэкламныя плакаты — храм (ХII стагоддзе!) карыстаецца вялiкай папулярнасцю сярод турыстаў, колькi захопленыя водгукi шчаслiўцаў, якiя ўжо былi там. Адны — ездзiлi, каб палюбавацца ўнiкальнай архiтэктурай, другiя — каб пакланiцца цудатворнай iконе «Каложскай Мацi Божай», трэцiя — каб наталiць душу непаўторнай атмасферай, што пануе ў храме.
Назва яго пайшла ад стараславянскага слова «калож», каложань», што азначае «студня», «крынiца» — бiлi яны тут спрадвеку. Мае яна i другое iмя — Свята-Барысаглебская, у гонар першых святых вялiкамучанiкаў у праваслаўнай царкве. Мяркуецца, што менавiта яны i паставiлi храм... Але перш, чым да яго падняцца, трэба (варта!) прайсцiся па старому гораду — паблукаць па вузкiх вулiчках, аддаць належнае Фарнаму касцёлу, Старому i Новаму замкам. I там жа пачуць, што прамой дарогi да Каложы няма — ёсць крутая, звiлiстая сцежка (што, дарэчы, яшчэ раз нагадала iсцiну: шлях да Дабрынi — заўсёды цяжкi, i iсцi па iм адважыцца не кожны). Сцяжынка i сапраўды выпiсвала неймаверныя зiгзагi, узбiрацца было ўсё цяжэй i цяжэй. Але ж аб гэтым адразу забываеш, калi з крутога берага ракi, як на далонi бачыш горад: крыжы цэркваў i касцёлаў, дамы i паркi, Нёман, саму царкву... Засмуцiла толькi — за агароджай яна, i на браме ў той дзень вiсеў замок. Але ж роспач маю ўбачыў... няйначай добры анёл? Выйшаў насустрач, адчынiў варотцы, ветлiва запрасiў зайсцi. За свае 800 гадоў царква перажыла мноста войнаў i пажараў, перабудоў... У 1853-м паўднёвая i частка заходняй сцен абрушылiся ў Нёман, бераг якога падточвала вада. Давялося ўзводзiць новыя... Ад чаго... не страцiў храм сваёй велiчы! Пацямнелыя каменнi i цаглiны па-ранейшаму захоўваюць трываласць, невялiкiя вокны пад самым дахам нагадваюць крапасныя байнiцы. Але выгляд у царквы зусiм не грозны. Напэўна, з-за чароўных узораў — зялёных, жаўтаватых, бiрузовых, карычневых, рассыпаных па сценах. Фасад нiбы iнкруставаны камянямi i плiткай. Такое самабытнае ўпрыгажэнне засталося ў Беларусi толькi тут — у Каложскай царкве. Знутры яна здаецца яшчэ больш велiчнай, чым звонку. Асаблiва ўражваюць голыя, не пакрытыя нiчым каменныя сцены. Ад думкi, колькi ж бачылi яны, колькi ж помняць, хочацца стаць на каленi... Дарэчы, у жыццi царквы чакаюцца змены — рыхтуецца поўная рэстаўрацыя. Так што не за гарамi, магчыма, той час, калi мы ўбачым яе ва ўсёй прыгажосцi — такой, як была. Акрамя таго, наша Каложа можа ўвайсцi ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО, заняць пачэснае месца сярод жамчужын сусветнай архiтэктуры. Ганна ПАПРАЎКIНА, вучанiца 11 «Г» класа гiмназii № 10 г. Мiнска.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наведаць знакамiтую Каложскую царкву мне хацелася даўно. Цiкавасць падагравалi не столькi маляўнiчыя рэкламныя плакаты — храм (ХII стагоддзе!) карыста |
|