Зянон ЛОМАЦЬ, старшыня камiтэта Дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь:
Святлана ЯСКЕВIЧ
«Калi можна вырашыць пытанне, яго трэба вырашаць, калi нельга, трэба тлумачыць людзям, чаму нельга»
Другую «прамую лiнiю» кiраўнiк Дзяржкантролю краiны правёў у Брэсце. Зянону Ломацю пазванiлi 86 жыхароў Брэста i вобласцi. За дзве гадзiны ён паспеў адказаць на 36 званкоў. Як адзначыў Зянон Кузьмiч падчас вынiковай прэс-канферэнцыi, большасць пастаўленых пытанняў датычыцца сацыяльнай сферы, паўсядзённага жыцця чалавека. Чацвёра брастаўчан (з тых, што дазванiлiся) узнiмалi праблему выдзялення зямельных участкаў пад будаўнiцтва жылля. Людзi скардзiлiся, што ўся папярэдняя работа (збор дакументаў, выраб праектна-каштарыснай дакументацыi) зацягваецца часам на чатыры i больш гадоў. Здараецца, што набыты ўчастак прапануюць за гэты час памяняць на iншы ў другiм раёне горада. Прыводзiлiся канкрэтныя прыклады валакiты. Усе тэлефонныя абаненты па гэтай тэме атрымалi адказ старшынi гарвыканкама Аляксандра Палышэнкава: да 1 студзеня пытаннi, якiя датычацца зямельных участкаў, будуць вырашаны. Нямала было скаргаў на работу жыллёва-будаўнiчых кааператываў. Людзi так i гаварылi, што нашы ЖБК часам пачуваюць сябе як дзяржава ў дзяржаве, нiкому не падпарадкоўваюцца, а дзяржаўныя органы не жадаюць умешвацца ў работу названых структур. Жанчына з вулiцы Луцкай прывяла прыклад, калi старшыня кааператыва адмовiлася браць аплату ў адпаведнасцi з паказаннямi лiчыльнiкаў, якi жыхарка паставiла за свой кошт. «Так не павiнна быць», — рэзюмаваў Зянон Ломаць. I ў кожным канкрэтным выпадку назначаны адказныя за праверку агучаных фактаў i прыняцце мераў. Жыллёвая праблема ўзнiмалася за час «прамой лiнii» рэкордную колькасць разоў. Маладая жанчына прасiла не столькi дапамагчы, колькi ўзняць пытанне на самым высокiм узроўнi пра занадта высокi кошт за квадратны метр кватэры, якую людзi будуюць у адпаведнасцi з чаргой за крэдытныя сродкi. А мацi дваiх дзяцей з Бярозы, якую высяляюць з барака, прасiла дапамогi. Жанчына працуе малодшай медсястрой, адна гадуе дваiх дзяцей i жыве ў былым ваенным бараку. Будынiну вырашылi знесцi, а высяляцца ёй няма куды. Па названаму выпадку дадзена даручэнне разабрацца лiтаральна на наступны дзень. Былi званкi i наконт цяганiны па iнстанцыях, адносiнаў да сваёй справы чыноўнiкаў. Так, жанчына скардзiлася, што з красавiка не можа дабiцца афармлення дакументаў на права спадчыннасцi. На такiя сiгналы старшыня Дзяржкантролю рэагаваў вельмi рэзка: калi ў асобных установах зрабiлi «адно акно i сем дзвярэй», упаўне магчыма, што службовыя асобы там заседзелiся. Аўтару званка пра нядобрасумленнасць вадзiцеляў вялiкагрузных аўтамабiляў i бяздзейнасць адпаведных органаў Зянон Ломаць падзякаваў. Гутарка iшла пра вёску Федзькавiчы Жабiнкаўскага раёна, праз якую праходзяць дзесяткi «фураў» штодзённа ў аб’езд мытнага тэрмiнала. Акрамя таго, што на гэтым дзяржава страчвае, церпiць i вёска. Загазаванасць, разбiтыя дарогi, павышаная небяспека для людзей i хатняй жывёлы, зразумела, адмоўна ўплываюць на якасць жыцця вяскоўцаў. Па званку, як i па ўсiх iншых сiгналах, будуць праведзены праверкi. — Калi можна вырашыць пытанне, яго трэба вырашаць, калi нельга, трэба тлумачыць людзям, чаму нельга, — сказаў пасля «прамой лiнii» Зянон Ломаць i дадаў, што службовым асобам, кiраўнiкам прадпрыемстваў i арганiзацый усiх формаў уласнасцi адказваць за зробленае iмi давядзецца. Рана цi позна. Важна, каб гэта ўсвядомiлi ўсе i дзейнiчалi ў рамках закона. А кантралюючыя органы павiнны спакойна рабiць сваю справу, каб адчувалася, што дысцыплiна i парадак у краiне ёсць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Калi можна вырашыць пытанне, яго трэба вырашаць, калi нельга, трэба тлумачыць людзям, чаму нельга» |
|