Рэпетыцыйнае тэсцiраванне. Спроба першая...
Надзея НIКАЛАЕВА
Аб правядзеннi ў лiстападзе—снежнi ў нашай краiне першага раунда рэпетыцыйнага тэсцiравання аб’явiў Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў.
Пасля адмены Мiнiстэрствам адукацыi добраахвотнага платнага цэнтралiзаванага тэсцiравання з выдачай абiтурыентам на рукi сертыфiкатаў, у патэнцыяльных прэтэндэнтаў на званне студэнта засталася ўсяго адна спроба здачы адказных экзаменацыйных iспытаў. Таму рэпетыцыйнае тэсцiраванне стала хоць i не раўнацэннай, але ўсё ж такi заменай добраахвотнаму цэнтралiзаванаму тэсцiраванню. I колькасць заданняў у тэсце, i структура тэста, i час, адведзены на яго выкананне, i нават бланк адказаў на рэпетыцыйным тэсцiраваннi нiчым не адрознiваюцца ад цэнтралiзаванага тэсцiравання. Нават праверкай тэстаў займаецца Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў. Ён жа забяспечвае ўстановы адукацыi i тэставымi матэрыяламi. Для абiтурыентаў удзел у рэпетыцыйным тэсцiраваннi — гэта ўнiкальны шанц выявiць прабелы ў ведах i крытычна сябе ацанiць, паколькi школьная адзнака далёка не заўсёды адлюстроўвае рэальны ўзровень падрыхтоўкi. Да таго ж падчас так званай «рэпетыцыi» ёсць магчымасць набыць навыкi работы з тэстамi, што асаблiва важна для абiтурыентаў, якiя скончылi школу даўно i мала знаёмыя цi ўвогуле не знаёмыя з тэставымi тэхналогiямi. Варта зазначыць, што ўдзельнiчаць у рэпетыцыйных тэсцiраваннях могуць i дзесяцiкласнiкi — нiхто iм гэта не забараняе. I кола дысцыплiн, па якiх можна прайсцi рэпетыцыйнае тэсцiраванне, таксама нiхто не абмяжоўвае. Дарэчы, як сведчыць вопыт папярэднiх гадоў, часцей за ўсё вынiкi першых тэстаў аказваюцца горшымi, чым пры паўторных спробах. Усяго ў абiтурыентаў 2007 года будзе тры магчымасцi паўдзельнiчаць у рэпетыцыйным тэсцiраваннi: другi раунд, як плануецца, пройдзе ў студзенi—лютым, а трэцi — у красавiку. На трэцi раунд будуць вынесеныя тэставыя заданнi, складзеныя па спецыфiкацыi 2007 года, гэта значыць, максiмальна наблiжаныя да будучага цэнтралiзаванага тэсцiравання. Рэпетыцыйнае тэсцiраванне будзе праводзiцца па 14 вучэбных дысцыплiнах: беларускай, рускай мовах, матэматыцы, фiзiцы, хiмii, бiялогii, англiйскай, французскай, нямецкай, iспанскай мовах, гiсторыi Беларусi, геаграфii, сусветнай гiсторыi навейшага часу i курсу «Чалавек. Грамадства. Дзяржава.» Для старшакласнiкаў-мiнчан Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў арганiзуе рэпетыцыйнае тэсцiраванне сумесна з Камiтэтам па адукацыi Мiнгарвыканкама на базе сталiчных агульнаадукацыйных школ, гiмназiй i лiцэяў. Выпускнiкi мiнулых гадоў, навучэнцы прафесiйна-тэхнiчных i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама старшакласнiкi з iншых рэгiёнаў змогуць прайсцi рэпетыцыйнае тэсцiраванне на базе устаноў адукацыi, з якiмi Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў заключыў адпаведныя дагаворы (глядзi таблiцу). Трэба заўважыць, што кошт удзелу ў рэпетыцыйным тэсцiраваннi будзе аднолькавы для ўсiх i па ўсёй краiне, незалежна ад таго, дзе абiтурыент будзе яго праходзiць — у сталiчнай школе, Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце цi у Барысаўскiм полiтэхнiчным каледжы — 16 100 рублёў за адзiн прадмет. Як патлумачыў нам дырэктар РIКВ Мiкалай Фяськоў, некаторыя ВНУ могуць арганiзоўваць па вынiках тэсцiравання дадатковыя кансультацыi з аналiзам найбольш тыповых памылак. У гэтым разе кошт такой кансультацыi яны ўстанаўлiваюць самастойна — Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў не мае да гэтага нiякага дачынення... Аплату за ўдзел у рэпетыцыйным тэсцiраваннi можна ўнесцi ў любым аддзяленнi ААБ «Беларусбанк» на разлiковы рахунак № 3632934510021 фiл. № 529 «Белсувязь», код 720 УНН 190194148, атрымальнiк — УА «Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб правядзеннi ў лiстападзе—снежнi ў нашай краiне першага раунда рэпетыцыйнага тэсцiравання аб’явiў Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў
|
|