Вячаслаў ГЛЕБ: «Напрыканцы сезона мы перажылi шок»
Алена АЎЧЫННIКАВА
Па-за гульнёй Нягледзячы на самакрытыку, якая пераважае ў ягоным настроi, Слава Глеб звязаны з многiмi знакавымi з’явамi ў беларускiм футболе. З амбiцыёзным клубам МТЗ-РIПО, з самым тытулаваным трэнерам Юрыем Пунтусам, з нашым самым паспяховым на сёння футбалiстам Аляксандрам Глебам нарэшце. I нядаўнiя высвятленнi адносiнаў у прэсе памiж iгракамi нацыянальнай зборнай яго не абмiнулi. Ад Сяргея Гурэнкi многiм дасталася, Глебу-малодшаму нагадаем, у прыватнасцi, за тое, што на матч зборнай са Славенiяй паехаў на машыне з братам, а не на аўтобусе разам з астатнiмi. Хоць пазiцыя нападаючага нацыянальнай зборнай ў гэтым пытаннi здаецца куды больш узважанай, чым некаторых старэйшых i больш вопытных таварышаў па камандзе.— Вячаслаў, давайце спачатку звернемся да апошняга матча сезона, якi МТЗ правёў у Гомелi. Што асаблiвага сказаў сваiм футбалiстам Юрый Пунтус, што каманда выйграла з такiм разгромным лiкам — 8:2? — Перад гульнёй трэнер сказаў, што мы дастойныя першага месца. На жаль, перад апошнiм матчам, улiчваючы наша турнiрнае становiшча, заняць яго было ўжо нерэальна. У нас не атрымаўся першы круг, мы страцiлi занадта многа ачкоў, i, канешне, гульня ў Наваполацку пераблытала ўсе нашы планы. Таму ў Гомелi не было куды адступаць. «Проста прадэманструйце гульню, дастойную першага месца», — сказаў Юрый Iосiфавiч. Выходзячы на матч, мы ведалi, як бы самаўпэўнена гэта не гучала, мы — наймацнейшы клуб у Беларусi. Да таго ж гэта была апошняя гульня Юрыя Пунтуса ў якасцi галоўнага трэнера МТЗ-РIПО. Адным словам, гэта перамога прысвячалася яму. — Як, дарэчы, аднеслiся ў клубе да адстаўкi Юрыя Пунтуса? — Усе ўдзячныя за тое, што ён зрабiў для каманды за гэтыя два гады. Можна сказаць, што менавiта на iм у МТЗ-РIПО ўсё i трымалася. Але, наколькi я ведаю, зыход Юрыя Iосiфавiча з пасады галоўнага трэнера не зменiць планаў клуба на наступны сезон. МТЗ-РIПО павiнен быць сярод галоўных прэтэндэнтаў на першае месца. — А цяперашняе чацвёртае месца каманды... — ...гэта шок. Для кожнага iграка, трэнера, медработнiка МТЗ-РIПО. З такой камандай не толькi не заваяваць першае месца, але i не трапiць у тройку вельмi крыўдна. МТЗ-РIПО забiла больш за ўсiх, рознiца мячоў — большая за ўсiх. А адзiн-адзiны гол, якi «Шахцёр» забiў на чужым, гэта значыць, на нашым полi, вырашыў лёс медальнай гонкi на яго карысць. Я лiчу, гэта несправядлiва. Такiя змены ў рэгламенце, здаецца, дзейнiчаюць сёлета ўпершыню. Уносiлi iх, вiдаць, далёкiя ад футбола людзi. — У вас былi кантракты з вядомымi клубамi — «Штутгартам», «Гамбургам», «Грассхопперам». З якiмi камандамi звязаны вашы планы на наступны сезон? — На жаль, з-за свайго характару я не дасягнуў шмат чаго. Мне крыўдна ўспамiнаць, што з-за сваiх памылак я страцiў вельмi многа. Але я працую над сабой, i людзi, якiя мяне ведаюць, заўважаюць, што я мяняюся. Што датычыць планаў на наступны сезон, то яны ёсць, але агучваць iх пакуль яшчэ рана. — Цi сачылi вы за скандальнай палемiкай у прэсе iгракоў нацыянальнай зборнай? — Хачу адразу сказаць, што скандал у многiм раздуты прэсай. Магчыма, хтосьцi з футбалiстаў нешта гаварыў, пагарачыўшыся. Я не звяртаю на гэта ўвагу i не хацеў бы каментаваць. А што датычыць каментарыяў постфактум некаторых так званых спецыялiстаў, дык няхай яны лепш пра кёрлiнг што-небудзь распавядаюць, чым пра футбол. — Усё ж такi не магу не спытаць: чаму вы ў той злашчасны дзень на матч са Славенiяй паехалi не ў камандным аўтобусе, а ў машыне з братам? — Чаму злашчасны дзень? Мы што, прайгралi матч? — Прэтэнзiй да матча няма. Былы капiтан зборнай Сяргей Гурэнка ацанiў вашу паездку як ваш своеасаблiвы статус у зборнай. — У кожнага сваё меркаванне. Гурэнка мае права думаць усё, што заўгодна. Я нiчога не буду гаварыць пра яго ў прэсе. Усё, што думаю на гэты конт, скажу яму пры асабiстай сустрэчы. Канешне, я збiраўся ехаць на аўтобусе разам з усiмi, але брат папрасiў паехаць з iм. У Сашы назаўтра ў пяць ранiцы быў самалёт. Яму не хацелася пакiдаць машыну ў Стайках, каб пасля гульнi туды за ёй вяртацца. Зразумела, гэта толькi зачэпка для сваркi. Да чагосьцi трэба было прыдрацца — i прыдралiся. Значыць, камусьцi гэты скандал быў патрэбны. Нiякiх канфлiктаў у зборнай няма. Гэта дружны калектыў, дзе можна разлiчваць на падтрымку. — Брат сапраўды лабiруе вашы iнтарэсы ў зборнай? — Якiя мае iнтарэсы? Проста смешна. Скажу коратка — некаторымi людзьмi кiруе зайздрасць. I больш не хацелася б пра гэты «цырк» гаварыць. — А якiя адносiны ў вас з Сяргеем Карнiленкам? Гледачы матча нашай зборнай з румы-намі былi сведкамi высвятленняў вашых адносiнаў. — Трэба разумець, што гэта футбол — нервы, адрэналін. Мы абодвы iмпульсiўныя, не заўсёды атрымлiваецца аддаць мяч. Нягледзячы ні на што, мы падтрымлiваем адзiн аднаго. — Наколькi часта вы размаўляеце з братам? — Амаль кожны дзень. Ён, канешне, крытыкуе мяне, калi штосьцi я не так раблю. Саша мой галоўны крытык па жыццi, акрамя трэнераў, з якiмi я працую. — Юрый Пунтус затое лiчыць, што патэнцыял у вас большы, чым нават у брата... — Юрый Iосiфавiч вельмi верыць у мяне. I гэта надае мне сiл i ўпэўненасцi. Напэўна, яму лепш бачна. Хаця Саша сказаў, што калi б у мяне быў лепшы патэнцыял, я гуляў бы ў якiм-небудзь замежным клубе. — Хутка ў вас пачнецца адпачынак. Якiя-небудзь планы ўжо ёсць? — Ёсць iдэя злятаць да брата ў Лондан на тыдзень. Потым — да сяброў у Германiю. Ну а потым з сябрамi i каханай дзяўчынай адпачыць дзе-небудзь у цёплай краiне. — Пра вяселле выпадкова не падумваеце? Магчыма, апярэдзiце брата ў гэтым плане? — Не, пра вяселле пакуль не думалi. — Ваша сяброўка разбiраецца ў футболе? — Яна вельмi любiла футбол. I любiць яго дагэтуль, хварэе за беларускiя каманды, калi яны выступаюць на еўрапейскай арэне. А калi я яшчэ выступаю, увогуле вар’яцее ад перажыванняў. — Пазнаёмiлiся, вы... — М-м... Няхай гэта будзе сакрэтам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на самакрытыку, якая пераважае ў ягоным настроi, Слава Глеб звязаны з многiмi знакавымi з’явамi ў беларускiм футболе |
|