ВЯДРО
Алесь КАСЦЕНЬ
Простыя рэчы Летам 1978-га маладыя беларускiя паэты былi ў творчай камандзiроўцы на поўначы Заходняй Сiбiры. Выступалi перад нафтавiкамi на буравых свiдравiнах, перад будаўнiкамi газаправодаў. Тады на поўначы працавала шмат беларусаў — так званым вахтавым метадам. Паўмесяца працуюць — i на самалёт, у Гомель, паўмесяца адпачываць. У гасцiнiцы ў Ханты-Мансiйску сустрэлiся з брыгадай маскоўскiх паэтаў. Зразумела, вечарам было застолле i... вершы. Чыталi i сваё, i чужое, тое, што хацелася прачытаць у сяброўскай бяседзе. Чамусьцi з таго вечара ўрэзалiся ў памяць радкi аднаго з рускiх паэтаў, iмя дакладна не помню:Цилиндрическую воду В вёдрах женщины несут. Вобраз не такi ўжо i яркi, але дакладны, запамiнальны. Сапраўды, вядро — гэта найперш цылiндр. З якога б матэрыялу нi было яно выраблена — гэта галоўная адметнасць формы захоўваецца. А вядомыя вёдры чалавеку з далёкай старажытнасцi. Археолагi пры раскопках паселiшчаў нашых папярэднiкаў знаходзяць рэшткi вёдзер. Прычым ад самых невялiкiх конавак да бочак на некалькi соцень лiтраў. А бочка — гэта ж тое самае вядро, толькi памерамi большае. У нашых суседзяў, палякаў, таксама са старажытнасцi ва ўжытку было Wiadro, Kubel. На Беларусi вёдры, як i iншыя простыя гаспадарчыя прылады, выраблялiся з дрэва. Служылi яны для захоўвання i пераносу вадкiх, паўвадкiх i сыпучых рэчываў. Бондарская справа была вельмi распаўсюджанай. Спецыяльныя дошчачкi — клёпкi — iшлi на выраб самага разнастайнага посуду — конаўкi, кадушкi, балеi, кадзi, кубелы, кубельцы, дзежы, цэбры, рагi, карчагi, даёнкi, бойкi. А ў аснове ўсё той жа цылiндр — канiчны цi пукаты. Гараджанiну, якi жыве, не пакiдаючы сваёй ячэйкi ў шматячэiстым гмаху (з вядром сутыкаецца толькi тады, мусiць, калi выносiць смецце), многiя назвы будуць незразумелымi. Патлумачу толькi некаторыя з iх. Балею, напрыклад, выкарыстоўвалi для мыцця бялiзны, для купання малых дзяцей. Таму найчасцей рабiлiся яны авальнай формы. Да такой жа лягчэй даступiцца. Канешне, сёння ёсць для мыцця «iндэзiты». Але, згадзiцеся, у драўлянай, з лiпавых, да бляску адпалiраваных клёпак балеi, добра пачувалася б i вашаму малечы. У дзяжы ставiлi падымацца, «расцi» цеста перад выпечкай хлеба. У рагу дзецi насiлi ў поле бацькам стравы на полудзень. Даёнка — гаворыць сама за сябе. А вось бойка — вузенькае высокае вядзерца з таксама драўлянай накрыўкай, праз дзiрку ў якой ходзiць сам баёк, зроблены крыжыкам. Залiваеш туды вяршкi. I збiвай сабе масла пакрысе. Работа працяглая, нават нуднаватая. Ну, дык сядзь перад тэлевiзарам. Сумясцi прыемнае з карысным. Сёння па вёсках у многiх хатах стукаюць вечарамi бойкi. Часам цяжка здаць лiшкi малака, часам гаспадары проста аддаюць перавагу свайму, самаробнаму маслу перад крамным, куплёным. Вядро — гэта яшчэ i мера. Раўнялася яна раней — 12,3 лiтра. Дзялiлася на чверцi, штофы, чаркi. Так-так, i на гарэлку была гэта самая мера. Шмат дзе апiсана, што ў царскай армii салдатам раздавалi па чарцы вiна (у рускiм разуменнi i гарэлка — вiно, толькi не чырвонае, а зялёнае). Гэта не тая далiкатная чарачка, якая на высокай ножцы стаiць на вашым стале i змяшчае кроплю напою. Гэта адна сотая вядра — 123 грамы моцнага зелля. З вядром звязаныя i iншыя старадаўнiя меры аб’ёму, якiмi карысталiся беларусы — асьмiна, шаснастка, гарнец, карэц. Напрыклад, асьмiна — пасудзiна, якая ўмяшчае тры пуды збожжа. Наш зямляк Уладзiмiр Дубоўка пiсаў: На вербах бэры там раслi, на соснах — гарбузы з асьмiну. Слова «вядро» часта сустракаецца ў прыказках, прымаўках, устойлiвых выказваннях беларусаў. Моцным дажджом — лiе як з вядра. А калi чалавек учора крыху ўзяў лiшняга, то сёння ў яго галава як цэбар. У Максiма Танка: Улан у хаце Баўтрука сядзеў. Падпёршы п’яны цэбар-галаву. Але ж ёсць i iншае — пранiкнёнае, лiрычнае. Як у класiчнай народнай песнi пра рэчаньку, якая адказвае, чаму яна не поўная: А як жа мне поўнай быць, З берагамi роўнай плыць — Янка конiка паiў, Маня воду чэрпала. Скептычны чалавек скажа, што не можа дзяўчына зачэрпнуць больш, чым два вядры вады, ды i конiк у юнака вып’е столькi, колькi яму патрэбна. Але вобраз цудоўны, глыбока паэтычны. Ды ўрэшце разышлiся закаханыя. Пагнаў Янка конiка на пашу, падхапiла Маня свае вёдры на каромысел, панесла дадому. Даўней у беларусаў каромысел насiў яшчэ назву «суднiк», ад суды — два вядры вады. Увогуле гэта сiтуацыя — ён i яна з вёдрамi ля ракi, студнi — вельмi часта сустракаецца, як у фальклоры, так i ў мастацкай лiтаратуры. Помнiце, у «Цiхiм Доне» Шолахава першая iскрынка кахання прабегла памiж Грыгорыем i Аксiнняй ля Дона. Яна несла ваду ад ракi, ён гнаў паiць каня. У паэта Аркадзя Нафрановiча ёсць верш таксама пра гэта, але з добрай усмешкай. Працытую некалькi строф з яго: У нядзельны дзень i будны, Ды вячэрняю парой Сустракаюся ля студнi Я з жанчынай дарагой. Зачарпну я ёй вадзiцы, Набяру сабе вады. I гаворым ля крынiцы Мы шчаслiвыя тады... Панясе яна вядзерца, Што напоўнiў я вадой. Ёй услед гляджу, а сэрца Б’ецца птушкай пад рукой... Так мы з ёй ваду i носiм. Сэрцу хочацца спяваць. Мне ужо за дваццаць восем. А жанчыне — толькi пяць. У хатняй гаспадарцы сённяшняга беларуса ў вёсцы, у невялiкiм гарадку шмат вёдраў. У iх ён прыносiць у хату ваду, выносiць адходы, у вёдрах замешвае ежу парсючкам ды курам, з iх поiць карову, у вядро — цяпер не ў даёнку — доiць тую кароўку. Ды i брыкет, самы распаўсюджаны на сёння вiд палiва, носiць у вядры. Розныя яны — ацынкаваныя, эмалiраваныя, пластмасавыя. Драўлянае калi дзе i ўбачыш — то яно ўжо не мае функцыянальнага значэння. Дэкор. Ну, i каб развiтацца з вядром, давайце ўсмiхнёмся. Мне ўжо неяк даводзiлася пiсаць пра гэту гiсторыю, якой дзесяткi са тры гадоў. Ёсць у Пастаўскiм раёне пасёлак Лынтупы, а ў iм спiртзавод, а яшчэ чыгуначная станцыя, адкуль той спiрт цыстэрнамi iшоў спажыўцам. I вось вярнулася па незразумелых прычынах адна цыстэрна на станцыю нераскачанай, поўненькай. Спачатку чыгуначнiкi, а потым i ўвесь пасёлак пайшлi на яе штурм. Праз некалькi дзён было расследаванне. Потым суд. Найбольш буйныя раскрадальнiкi сацыялiстычнай маёмасцi атрымалi нават тэрмiны. А мне ўспомнiўся расказ аднаго з радавых «цягуноў». Яго не судзiлi, абышоўся сполахам ды штрафам. «У мяне, дзякаваць Богу, вялiкiх ёмiстасцяў не было. Сабраў усе вёдры, што ў хаце былi — iх i налiў. Ну, а ў працэсе нашэння прыкладаўся, дэгуставаў. Так што прачнуўся ранiцой — сушыць. Вадзiцы хочацца. Я да аднаго вядра — чарпануў. Ён, зараза. Да другога — ён. У прывень, там вядро таксама было — ён. Выскачыў з хаты. Рукамыйнiк на плоце вiсiць. Я да яго — твар спаласнуць. Нацiснуў пiпку, падставiў далонi. Ён. Пабег праз дарогу да суседа ў студню. Адчынiў, цоп за ланцуг. Няма вядра. Вiдаць, i яго для iншай вадкасцi прыладзiлi...» Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летам 1978-га маладыя беларускiя паэты былi ў творчай камандзiроўцы на поўначы Заходняй Сiбiры. Выступалi перад нафтавiкамi на буравых свiдравiнах, пе |
|