«Топлес» вярнулiся на перыферыюМуз-news Гурт «Топлес» нарэшце паказаўся ў новым складзе — у клiпе на песню «Перыферыя». У пэўным сэнсе гэта вiдэа можна лiчыць аўтабiяграфiчным, бо ўсе дзяўчаты насамрэч з правiнцыi.Спецыяльна для клiпа, якi здымаў рэжысёр Дзянiс Волкаў, былi пашытыя стыльныя залацiстыя сукенкi. А вось «дэкарацыямi» стала рэальная кватэра ў адным з правiнцыйных гарадоў Беларусi. Паводле сюжэта, чатыры сяброўкi, якiя стамiлiся ад аднатоннага iснавання, вырашылi скарыць Мiнск. У кожнай з дзяўчат свая складаная перадгiсторыя: гераiня Вольгi Вайнiловiч жыве з айчымам-алкаголiкам, Таня Лукашэнка iграе сiрату, у Леры Бацяковай мацi-распуснiца i маленькi брацiк, Насця Касянкова працуе прыбiральшчыцай у казiно i бачыць адно толькi хамства з боку наведвальнiкаў... У вынiку прыгажунi ўганяюць машыну i перабiраюцца ў сталiцу — да гламура i, як iм здаецца, славы... Што дзяўчаты насамрэч знойдуць, гледачы ўбачаць у сярэдзiне снежня. Дарэчы, самi гераiнi чакаюць прэм’еры больш за каго iншага: па-першае, цiкава паглядзець на сябе ў новых вобразах, па-другое, здымкi далiся цяжка. «Мы вярнулiся ў Мiнск, а перад вачыма стаялi карцiны той абстаноўкi, — прыгадвае Таня Лукашэнка. — Маё дзяцiнства прайшло побач з людзьмi, якiя вялi гэткi ж лад жыцця. Мы жылi на ўскраiне Пiнска, дзе было многа неўладкаваных сем’яў, i я памятаю, як пакутавалi дзецi алкаголiкаў. I тут на здымках клiпа вярнулiся адчуваннi з дзяцiнства». Саша Салавейчык «запалiла» песню Выступаючы на тэлефестывалi «Сузор’е надзей» у якасцi госцi, уладальнiца першай прэмii «Славянскага базару-2003» Саша Салавейчык прадставiла песню ўласнага сачынення. Дакладней, словы да кампазiцыi «Запальвай» напiсала сама юная спявачка, а музыку стварыў кампазiтар Сяргей Раiнчык. Акрамя артыстычнай кар’еры, дзяўчынка спрабуе сябе ў якасцi вядучай канцэртных праграм, а таксама актрысы — яна выконвае галоўную ролю ў дзiцячым музычным спектаклi «Ученье — свет, но учебников — тьма». На пачатку наступнага года Саша плануе адправiцца ў паездку на Кiпр, дзе пройдзе традыцыйны штогадовы фестываль Першай лэдзi Егiпта. Вiталь Пракаповiч прадаўся. Напалову Дэбютны альбом спевака Вiталя Пракаповiча «Ты не адна» афiцыйна будзе прэзентаваны 1 снежня, але палову тыражу яшчэ да выхаду ў свет выкупiла адна сталiчная фiрма. Як патлумачыў яе кiраўнiк, з артыстам яны пазнаёмiлiся нядаўна на карпаратыўнай вечарынцы. Рэпертуар настолькi спадабаўся, што вырашана было падарыць усiм супрацоўнiкам фiрмы на Новы год менавiта кампакт-дыск з рамантычнымi песнямi ў выкананнi Вiталя Пракаповiча. (Уяўляю, як узрадуюцца тыя, хто чакаў грашовай прэмii!). Усяго на дыск — ён, дарэчы, мультымедыйны, з трыма вiдэаклiпамi i вялiкай калекцыяй фотаздымкаў — трапiлi 13 кампазiцый. Сярод iх i вядомыя танцавальныя хiты «Ты скажы, скажы...», «Маю дзяўчыну звёў Дзед Мароз», i любiмая песня самога выканаўцы «Пiсьмо з нябёсаў», i нават арыгiнальны запiс з канцэрта. Вокладка альбома, над якiм працавалi сумесна беларускiя i расiйскiя спецыялiсты, выканана ў навамодным падарункавым стылi — з высакаякаснага кардону, у выглядзе глянцавай кнiжкi-раскладушкi. «Грашовы дождж» для «Ляписа Трубецкого» Кiношнiкi вельмi любяць гэткi ход: залезе якiсьцi герой на дах, раскрые чамаданчык з грашыма i — на вецер iх, проста на галовы аслупянелых ад шчасця прахожых... Якiя адчуваннi перажываюць людзi, якiм на галаву падае мiльён «зялёных», зараз дакладна ведаюць музыканты гурта «Ляпис Трубецкой». У клiпе на песню «Харэ», паводле задумкi рэжысёра i акцёра Уладзiмiра Япiфанцава, на выканаўцаў якраз высыпалi мiльён долараў. Наконт долараў, дарэчы, нiхто з артыстаў не прызнаецца, цi сапраўднымi яны былi. А вось пафасны маскоўскi рэстаран з фантанамi, у якiм праходзiлi здымкi, самы што нi ёсць сапраўдны. «Ляпiсы» выступаюць у ролi запрошаных музыкантаў на вяселлi. П’яненькi багацей у выкананнi акцёра тэатра «Ленком» Сяргея Фралова робiць iм «дождж» з грашовых купюр. Ён жа купаецца ў фантане i вынырвае адтуль з рыбiнай у руках, пакуль з месца падзей чамусьцi збягае жанiх... Прэм’ера клiпа чакаецца зусiм хутка, а вось новы альбом, куды трапiла песня «Харэ», выйдзе, як чакаецца, толькi вясной 2007 года. Вядучая рубрыкi Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гурт «Топлес» нарэшце паказаўся ў новым складзе — у клiпе на песню «Перыферыя». У пэўным сэнсе гэта вiдэа можна лiчыць аўтабiяграфiчным, бо ўсе дзяўча |
|