Бландзiнка ў законе... Шоу-бiзнэсу
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Гасцёўня Спявачка Аня Шаркунова ўварвалася на эстраду, як белакуры метэор — але, насуперак прадраканням скептыкаў, не згарэла знiчкай за крыху менш як год сваёй кар’еры. Наадварот, пра Аню можна сказаць «белыя пачынаюць i перамагаюць» — трыумф на «Сярэбраным грамафоне», упэўненае лiдарства ў iншых тэле- i радыёхiт-парадах, а зараз яшчэ i ўваходжанне ў лiк 15 паўфiналiстаў нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»...— Аня, вiншую з адборам у 15-ку! Але растлумач, навошта табе гэта трэба: калi пераможаш, трапiш у кабалу да тэлепрадзюсараў, калi выступiш няўдала — свае ж гледачы i калегi разбяруць па костках... — Нам проста трэба ўдзельнiчаць паўсюль, паказваць свой твар на ўсiх конкурсах, каб паказаць, што ты ўмееш спяваць. Для «Еўрабачання» насамрэч патрэбны большы прафесiяналiзм, крыху iншы ўзровень, якога я спадзяюся таксама дасягнуць. Але, канешне, з часам... Добра, калi я траплю ў фiнал, аднак перамагчы i скончыць на гэтым кар’еру — напэўна, няправiльна. Так што ўдзел у адборы — гэта хутчэй дадатковая рэклама, з аднаго боку, i дадатковы карысны вопыт, з другога. — У цябе ў актыве вельмi ўдалы старт на «Зорным дылiжансе», лiдарства на «Сярэбраным грамафоне», «Песня года», дуэты «Ноч у Мiрскiм замку»... На якiя яшчэ праекты хацелася б трапiць? — Ну, у прынцыпе, нас клiчуць паўсюль. Прычым менавiта так: не я хаджу i прашуся, вазьмiце мяне вось туды i туды, а тэлефануюць i прапануюць: хочаце ўзяць удзел? I я практычна не адмаўляюся, хоць зараз, перад Новым годам, працы вельмi многа. Увогуле я спадзяюся, што толькi на беларускiх праектах мы не спынiмся — проста пакуль што паставiлi перад сабой планачку, да якой трэба iмкнуцца i расцi, i працуем над гэтым. — Кажуць, дарэчы, што ў «Зорны дылiжанс» ты трапiла ледзьве не выпадкова, а да таго атрымлiвала сабе цiхенька педагагiчную адукацыю... — Заўважу — не проста педагагiчную, а музычна-педагагiчную. Я ж выкладчык музыкi — фано i спевы, вакал. I выбар прафесii невыпадковы: я заўжды спявала. Зараз вучуся на пятым курсе, перыядычна праходжу практыку — вучу дзетак; але гэта не эстрадны вакал, мы проста даём iм агульнае ўяўленне пра музыку. Бо гэта занадта вялiкая адказнасць перад дзецьмi — сказаць, што «я навучу цябе музыцы i вакалу» , трэба яшчэ самому дасягнуць пэўнага ўзроўню. А наконт «Дылiжанса»... У мяне быў перыяд, калi хацелася скласцi ручкi i сказаць: усё, я буду працаваць толькi па спецыяльнасцi i больш нiчога не захачу. Анкету мне запоўнiў тата, падштурхнуў: «Дачка, паспрабуй!». Угаварыў, можна сказаць. Аднак калi мы прыйшлi на плошчу i паглядзелi, колькi народу жадае трапiць на кастынг, зноў падумалi — можа, не трэба? Прыйшлi мы ранiцай, а на праслухоўванне першы раз я трапiла толькi ў сем вечара... I прайшла. Не ведаю, чаму. Так атрымалася. Дарэчы, тата Анi раiў дачцэ сцэнiчную кар’еру не толькi з бацькоўскай любовi: ён сам добра грае на гiтары i на баяне, у свой час працаваў у аркестры, дый дагэтуль няблага спявае i пiша вершы. I ведае, што талент варта развiваць з аматарскага ўзроўню да прафесiйнага. «А што, можа быць такое, што ты выканаеш песню на татавы вершы?» — цiкаўлюся ў Анi. — «Лёгка!» — не раздумваючы, адказвае яна. — На тваю думку, чаму так атрымалася, што акрамя цябе ды пераможцы праекта Дзiмы Карпiнчыка астатнiя ўдзельнiкi «Зорнага дылiжанса» неяк згубiлiся? — Можа, проста ў тым справа, што толькi мы з Дзiмам пакiнулi праект?.. Канешне, дзякуючы гэтаму конкурсу мы атрымалi паўгода тэлевiзiйнага эфiру, i хто хацеў, мог нас заўважыць. I ў нейкi момант Уладзiмiр Кубышкiн, прадзюсар, прапанаваў такiя казачныя ўмовы, такiя плюсы, што проста нельга было б не пагадзiцца. Мы, я лiчу, зрабiлi правiльна. Было, натуральна, многа добрага i дрэннага, былi i складанасцi, i «непаняткi», i крыўды, i сваркi — з арганiзатарамi конкурсу толькi зараз пачынаюць наладжвацца адносiны. Арганiзатараў можна зразумець: яны знайшлi, вывелi на сцэну нiкому не вядомых хлопцаў i дзяўчат, далi iм шанц, а мы, можна сказаць, «кiнулi» iх... Я на iх месцы, напэўна, таксама так палiчыла б. Як складваюцца стасункi з iншымi хлопцамi i дзяўчатамi? Ну, вось з Дзянiсам Лiсам нядаўна разам запiсвалi бэкi для песнi «Белы сцяг». Неяк бачыла Лену Пiшчык, яна паступiла ў наш унiверсiтэт (БДПУ iмя М.Танка. — Аўт.) на першы курс; душэўна так паразмаўлялi. З астатнiмi блiзкага сяброўства неяк не склалася — усё ж гэта было часовае згуртаванне людзей у адзiн час i ў адным месцы, нас аб’ядноўвала агульная мэта, а зараз кожны займаецца сваiмi справамi. — Пасля прарыву ў «Сярэбраным грамафоне» ты даволi трывала ўмацавалася ў лiку сэкс-сiмвалаў беларускай эстрады. Як табе ў гэтым статусе i што ты магла зрабiць для яго падтрымання — зняцца там на вокладку часопiса, у кiно паспрабавацца, на ТБ пайсцi?.. — Я вельмi хацела б весцi музычную перадачу, гэта было б здорава. А сэкс-сiмвал (карцiнна хлопае вейкамi) — хто гэта сказаў? Што, праўда?... Ну, прыемна, канешне. Хоць я чытала пра сябе рознае, i добрае, i дрэннае. Калi прыхiльнiкi тэлефануюць або пiшуць на форумах цёплыя, добрыя словы — дзякуй iм вялiкi. Але я разумею, што нельга спадабацца ўсiм, i сама сябе сэкс-сiмвалам не лiчу — увогуле не «замарочваюся» на гэтым. — Папулярнасць паўплывала на тваю вучобу, стасункi з сябрамi — стала лягчэй або складаней? — У нас ва ўнiверсiтэце жаночы калектыў, i ўсе ставяцца выключна пазiтыўна, радуюцца маiм поспехам i дапамагаюць мне. Нядаўна мы ездзiлi з канцэртам у дзiцячы дом у Радашковiчах, i я ў чарговы раз адчула гэту падтрымку, камандны дух — i вельмi ўдзячная за гэта. I нават калi я не паспяваю нешта зрабiць па вучобе, педагогi закрываюць на гэта вочы, даюць мне магчымасць навярстаць. Зайздрасцi я не адчуваю — хоць, напэўна, яна ёсць. Я часам крыўдую, калi раблю нешта ад душы, а потым чую ад блiзкiх людзей, ад каго нават не чакала, што гэта было надумана i няшчыра. Напрыклад, я вельмi перажывала, калi выступала ў сваiм родным горадзе Пiнску, стомленая была, але ўсё ж старалася дзеля землякоў, прычым спяваю ж заўсёды жыўцом — а потым пачула размовы, што выйшла нейкая абыякавая i спявала пад фанаграму... Складаней стала ў тым сэнсе, што часам выходзiш у магазiн, ненафарбаваная, звычайная, i бачыш там часопiс са сваiм фота на вокладцы, а людзi ж цябе пазнаюць — i папулярнасць ужо абавязвае заўжды выглядаць i трымаць сябе бездакорна. Ганна забылася ўзгадаць яшчэ пра адзiн бок медаля «папулярны артыст»: чуткi. А яны ходзяць самыя неверагодныя, перадрукоўваюцца «жоўтай» прэсай, абмяркоўваюцца ў кулуарах, распаўсюджваюцца ў Iнтэрнэце. I паступова слухачы блытаюцца, дзе «чорны» пiяр, дзе «белы», дзе выдумкi, а дзе праўда. А самi артысты, як на злосць, на ўсе роспыты збольшага маўчаць ды загадкава пасмiхаюцца. Праўда, Аня пагадзiлася пракаментаваць некаторыя чуткi аб сабе. Такiм чынам, гавораць, што... ...Аня Шаркунова не ўжываецца з прадзюсарамi, мяняе iх як пальчаткi — з «Зорнага дылiжанса» перайшла ў прадзюсарскi цэнтр «Спамаш», а цяпер вось працуе з Уладзiмiрам Кубышкiным. — Афiцыйнага прадзюсара ў «Зорным дылiжансе» ў нас не было, гэта проста быў агульны праект, з якога я сышла. А «Спамаш» непадзельны з Уладзiмiрам Кубышкiным, i я шчаслiвая, што гэты чалавек вырашыў са мной працаваць. Iншая справа, што ў цэнтры iснуе ўнутраная... канкурэнцыя, цi барацьба? Тры прадзюсары займаюцца рознымi артыстамi. Я не ведаю, каму я што зрабiла, каб хадзiлi такiя чуткi — але, зрэшты, няхай ходзяць. Лепш «чорны» пiяр, чым нiякага. ...У Анi раман з цяперашнiм прадзюсарам (вiдаць, меркаванне выклiкана тым, што на ўсiх тусоўках творчы тандэм з’яўляецца выключна разам. — Аўт.), ён нават падарыў спявачцы дарагую машыну. — (Адсмяяўшыся). Канешне, машына дарагая — слоў няма! (У Анi белы «Фольксваген пола». — Аўт.). Увогуле раман з прадзюсарам — больш банальнай рэчы не прыдумаеш. Зараз бескарысна пацвярджаць або абвяргаць гэтыя чуткi. Што б я нi сказала, «так» або «не», людзi застануцца пры сваiм меркаваннi... А Вова — чаму б яго не любiць? Ён выдатны, найдабрэйшай душы чалавек, якi займаецца ўсiмi маiмi справамi. Я для яго — «праект Аня Шаркунова», а не проста Аня. I дзеля гэтага праекта ён гатовы ўсё аддаць. Чаму ж не любiць чалавека, якi пiша такiя цудоўныя песнi? Трэба падумаць над гэтым... (Зноў смяецца). ...Аню паўсюль прапускаюць без чаргi, а ДАIшнiкi нават штрафаў не бяруць. — Штраф якраз узялi, а потым яшчэ аўтограф папрасiлi! (Напаўжартам.) Спачатку забралi многа часу, грошай, нерваў, сапсавалi настрой, а потым распытваюць: «Ну, як ваш канцэрт?». Малайцы такiя... А наконт без чаргi — мне здаецца, што прыгожых дзяўчат часта прапускаюць без чаргi. Ну, i мяне ў прыватнасцi. ...Аню ўжо «заказаў» на Новы год нейкi алiгарх за фантастычныя грошы. — Ужо нават тры заказы. Насамрэч работы вельмi многа, i Новы год я сустрэну ў выключна працоўнай абстаноўцы — на «агеньчыках», ёлках, канцэртах. Я буду спяваць, нават калi мне будзе дрэнна. Чатыры канцэрты ў дзень, хоць бы па 45 хвiлiн кожны, жыўцом — гэта вельмi складана. Але буду старацца апраўдваць давер слухачоў. — Супраць якiх чутак ты сама не пярэчыла б? — Нават не ведаю.. Няхай будуць розныя чуткi. Наогул няхай кажуць што заўгодна, галоўнае, абы не забывалiся. — Аня, бландзiнак нават на беларускай сцэне дастаткова многа, i ў большасцi яны ўсё ж маюць голас i талент. Як ты збiраешся ўтрымацца i вылучыцца на агульным фоне? — Бландзiнка — так, гэта сапраўды распаўсюджаная катэгорыя спявачак. Але, я думаю, наш праект не згубiцца сярод iх. Бо ў нас вельмi моцны рэпертуар. I прафесiйны калектыў, у якiм кожны ведае, што яму рабiць. Зараз вось яшчэ дабавiцца балет — дзве дзяўчыны. Мне здаецца, у нас у сукупнасцi ёсць усё, каб утрымацца на сцэне: знешнiя даныя, вакальныя, i плюс камандны дух. Калi спатрэбiцца — будзем мяняць iмiдж. Я вось вельмi хачу быць рыжай, але прадзюсар пакуль што забаранiў перафарбоўвацца, кажа, рана, трэба «прымiльгацца», запомнiцца i палюбiцца сваiм слухачам. Ну вось i будзем старацца запомнiцца. ...Яна праляцела па рэдакцыi — свежая, вясёлая, з нейкай песенькай на вуснах — як легкакрылы матылёк. Спяшалася на запiс у студыi — вiдаць, не за гарамi здымкi клiпа i выпуск дэбютнага альбома, а значыць, тэмп працы будзе паскарацца. Здаецца, з гэтага Анiнага вiзiту нарадзiлася яшчэ адна чутка — але яна ўжо няхай застанецца нашым сакрэтам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спявачка Аня Шаркунова ўварвалася на эстраду, як белакуры метэор — але, насуперак прадраканням скептыкаў, не згарэла знiчкай за крыху менш як год св |
|