Шляхам паразумення — каб графаманiя не стала прыкметай часу
Вячаслаў ДАШКЕВIЧ
Погляд Палемiчныя нататкi напярэдаднi з’езда Саюза пiсьменнiкаў БеларусiКажуць, што ў Беларусi паэтаў, як бяроз... Мяняюцца эпохi, улады, а вершатворцаў менш не стае. Наадварот, большае. Лезуць, як трава з-пад асфальту. Тое, што мы маем тут справу з духоўнай з’явай, — бясспрэчна. Своеасаблiвае, так бы мовiць, праяўленне iнстынкту самазахавання нацыi. З выразна акрэсленым палiтычным падтэкстам. Дастаткова нагадаць, што вызваленчы рух на ўскраiнах Расiйскай iмперыi ў ХIХ стагоддзi пачынаўся з адмысловай паэзii. Славянскiя Беларусь, Украiна... Эстонцы, якiя належаць да угра-фiнскай групы народаў... Усе пачыналi аднолькава — з рыфмаваных iдэй свабоды, роўнасцi, братэрства. Проза i драматургiя расквiтнелi пазней. Прыярытэт паэзii ў сферы класiчнай лiтаратуры гiстарычна спраўджаны. Хто зможа аспрэчыць першынство Дантэ, Шэкспiра i Пушкiна ў вызначэннi маральна-эстэтычных каштоўнасцяў не толькi сваiх народаў, але i ўсёй духоўнай моцы Чалавека пасля нараджэння Хрыста? Аднак вернемся да ўласнай гiсторыi. Айчынныя паэты-першапраходцы Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч, Францiшак Багушэвiч пачыналi з сацыяльнага пратэсту («Бог няроўна дзелiць!»). А ў ХХ стагоддзi на беларускiм небасхiле ўзышлi новыя непагасныя зоркi — Янка Купала, Якуб Колас, Максiм Багдановiч. У iх творчасцi, акрамя апiсання прыроды i сялянскага побыту, ужо безлiч iншых матываў. Перадусiм — вострае адчуванне неабходнасцi стварэння ўласнай дзяржавы. Што бачым сёння? Рэдакцыйныя партфелi штотыднёвiка «Лiтаратура i мастацтва», часопiсаў «Полымя» i «Маладосць», «Нёман» i «Всемирная литература» (рускамоўныя) пухнуць ад паэтычных допiсаў. Наколькi я ведаю, не скардзяцца на iх недахоп i апазiцыйныя выданнi — часопiс «Дзеяслоў», газеты «Народная воля», «Наша нiва», «Наша слова» i iншыя. Дзякуючы прафесiйнаму адбору прыстойныя выданнi абы-што не друкуюць. Непакоiць iншае. Нашэсце «самапальных» творцаў. Яны выдаюць сваю пiсанiну не толькi за ўласныя грошы, але вельмi часта знаходзяць спонсараў сярод паасобных кiраўнiкоў дзяржаўных устаноў i прадпрыемстваў. «У правiнцыi, — пiша С. Грышкевiч («ЛiМ», 8 снежня г.г.), — графаманаў больш, чым камароў на ўрадлiвых палескiх балотах... Вось, скажам, берасцейскi паэт-«самародак» з членскiм бiлетам С. за два апошнiя гады выдаў дзве шыкоўна аформленыя кнiгi альбомнага фармату агульным накладам звыш 10 тысяч (!) асобнiкаў. Удалы камерцыйны праект С. аформiў у выглядзе лiрычна-вытворчых паэм пра двух мясцовых старшынь сельскагаспадарчай нiвы. Выдаў — ну i добра. Але навошта аўтару трубiць па ўсёй вобласцi аб годным мастацкiм узроўнi таго, што назваць лiтаратурай нельга пры ўсiм жаданнi, i «запiхваць» праз абласную «вертыкаль» сваю «каштоўную» прадукцыю ў бiблiятэкi?»... Рэгiёны... А што ў сталiцы? Радкi з кнiгi вершаў, выдадзенай «Беллiтфондам» у 2006 годзе: «Зноў прыйшла ды ў госцi восень, У дзевак, як у маi, не папросiш, падмаўляй — не падмаўляй, Бывай любоў, чароўны май». Ці: «Известен всем Амур с крылами, Но более известны его стрелы, Разит он меткими стрелами, Попадая в девичьи пределы». Серада з-пад пятнiцы. Галоўлiта няма. Разлiчваць на самацэнзуру таксама не даводзiцца, бо графаманiя — хваравiтае захапленне, якому падуладныя i дзецi, i дактары навук. Выйсце? Думаю, што варта стварыць пры двух (менавiта двух — для пошукаў згоды i паразумення!) дзеючых Саюзах пiсьменнiкаў Камiсiю па этыцы, якая б стрымлiвала прыём у Саюзы апантаных «лiтаратурай» людзей. Экспертныя заключэннi камiсii сталi б сiтам i пры рассылцы падобных «шэдэўраў» у бiблiятэкi рэспублiкi. Другой важнай справай, на мой погляд, маглi б стаць iнтэлектуальна-мастацкiя намаганнi пiсьменнiкаў, зноў-такi незалежна ад iх членства ў той цi iншай суполцы, пры фармiраваннi (працэс гэты — бясконцы) пазiтыўнага iмiджу Беларусi ў свеце. На гiстарычныя тэмы ў нас пiшуць (па алфавiце): У. Арлоў, Л. Дайнека, В. Iпатава, В. Коўтун, А. Наварыч, А. Петрашкевiч, Э. Скобелеў, К. Тарасаў i шмат хто яшчэ. А дзе заўжды актуальныя матэрыялы аб гiстарычнай спадчыне розных культур i народаў у Беларусi? Публiкацыi, якiя б з задавальненнем пераклалi (зноў па алфавiце) у Балгарыi, Германii, Iзраiлi, Латвii, Лiтве, Польшчы, Расii, Сербii, Украiне, Францыi, Швецыi... Да прыкладу. Палякi абавязкова паказалi б на адным з нацыянальных тэлеканалаў невялiкi фiльм аб гiстарычных камянях на тэрыторыi Беларусi, цесна звязаных з iмёнамi Адама Мiцкевiча i Юзэфа Пiлсудскага. Немцы зрабiлi б тое самае, калi б iм прапанавалi стужку пра захаванне ў Беларусi надмагiльных помнiкаў часоў Першай сусветнай вайны. Сэнс сучаснай глабалiзацыi не толькi ў распаўсюджанасцi Iнтэрнэта i мабiльнай сувязi. Трэцяе, пра што хочацца сказаць, гэта ўдзел лiтаратараў у стварэннi грамадскай думкi ўнутры краiны, больш пашырана, грамадскай супольнасцi. Чаму мы бачым на нацыянальным тэлебачаннi асоб, якiя, прэтэндуючы на iдэалагiчнае настаўнiцтва, не валодаюць па-сапраўднаму нi рускай, нi беларускай мовамi? Канкрэтная прапанова: выспела неабходнасць арганiзацыi цi рэанiмацыi медыя-электроннай крытыкi. Хто як не пiсьменнiкi (многiя з iх маюць багаты вопыт працы на тэлебачаннi i радыё) павiнны ўзначалiць гэты накiрунак? Зазiрнём у каляндар. У наступным годзе — некалькi важных юбiлеяў. 125-годдзе з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа. Спаўняецца 75 гадоў з дня заснавання газеты «Лiтаратура i мастацтва». Названых дат дастаткова, каб любому майстру слова задумацца аб сваiм месцы ў грамадскiм жыццi i пакончыць з зацятымi ўнутрыцэхавымi спрэчкамi раз i назаўсёды. Сёння, можа, як нiколi, з боку творчай iнтэлiгенцыi патрабуецца нацыянальная згода, пошук вырашэння паасобных праблем. У iмя чаго i каго? Адказ кароткi — Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палемiчныя нататкi напярэдаднi з’езда Саюза пiсьменнiкаў Беларусi
|
|