Вам — iльгота. Падатковая
Iгар ШЧУЧЭНКА
Карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Максiм УГЛЯНIЦА i карэспандэнт «Звязды» гутараць з начальнiкам упраўлення падаткаабкладання грамадзян, дэкларавання даходаў i маёмасцi Мiнiстэрства па падатках i зборах Беларусi Марынай ГРЫГАРЧУК
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 15 снежня.) — У выпадку, калi ў фiзiчнай асобы ёсць толькi асноўнае месца працы i плюс да гэтага нейкiя непастаянныя падзаробкi, — гэта трэба ўказваць у дэкларацыi? — Калi пры атрыманнi даходаў па гэтых падпрацоўках, па дагаворах фiзiчная асоба выплачвала падатак па стаўцы 20 працэнтаў, а такое права ў яе ёсць, то такiя даходы ў сукупны гадавы даход не ўключаюцца. А вось калi фiзiчная асоба атрымлiвала даход, маючы асноўнае месца працы, i плюс да гэтага атрымлiвала даходы ад iншай фiзiчнай асобы, якiя належаць падаткаабкладанню, то незалежна ад таго, якi памер даходу быў атрыманы па месцы працы, нават у выпадку, калi сукупны гадавы даход за 2006 год не перавысiў 7 млн 360 тысяч рублёў, усё роўна неабходна падаваць дэкларацыю. — Марына Алегаўна, а як можна праверыць тое, якую суму адна фiзiчная асоба заплацiла iншай? — Я не думаю, што ў нас людзi ходзяць па вулiцы i перадаюць адзiн аднаму грошы. Калi размова iдзе пра нейкiя прыватныя мерапрыемствы, нейкiх падарунках на днi нараджэннi, вяселлi, то закон устанавiў, што даходы, атрыманыя ў вынiку дарэння ад фiзiчных асоб, рэзiдэнтаў рэспублiкi ў межах да 500 базавых велiчынь, не абкладваюцца падаходным падаткам. Што ж датычыцца даходаў, якiя выплачваюцца за аказанне нейкiх паслуг у прыватным парадку, аплаты хатнiх работнiкаў, то апошнiя самi зацiкаўленыя ў тым, каб iх праца была афiцыйнай. Працоўныя дагаворы памiж фiзiчнымi асобамi рэгiструюцца ў выканкамах, робiцца адпаведны запiс у працоўную кнiжку. Зараз ужо ўсе разумеюць, што не заключыўшы дагавор, чалавек пазбаўляецца падстрахоўкi таго, што яму не заплацяць грошай. Ён не зможа нават атрымаць iх па суду, калi ўзнiкне канфлiктная сiтуацыя з наймальнiкам, не зможа дабiцца кампенсацыi свайго заробку. З iншага боку, наймальнiк таксама зацiкаўлены ў заключэннi дагавора, каб агаварыць усе ўмовы па абавязках наёмнага работнiка. — На ваш погляд, цi павысiлася культура выплаты падаткаў нашымi грамадзянамi? — У параўнаннi з тым, што было 5—6 гадоў таму, канешне, зараз грамадзяне сталi больш граматнымi i адказнымi па выплаце падаткаў, у запаўненнi дэкларацый, падачы дэкларацый. З iншага боку, мы iмкнёмся i заканадаўства строiць такiм чынам, каб чалавеку было нявыгадна не плацiць падаткi. Напрыклад, фiзiчная асоба мае права вылiчыць са свайго даходу расходы, што звязаны з будаўнiцтвам жылога дома. Чалавек наймае рабочых у прыватным парадку, каб яны выканалi работы пры будаўнiцтве яго дома. Калi раней ён мог заплацiць iм наяўнымi грашамi, нiяк гэта не дэкларуючы, то зараз яму гэта нявыгадна. Не заключыўшы дагавор, не адлюстраваўшы суму выплачаных рабочым грошай, ён не атрымае вылiк, не атрымае льгот. Мы стараемся ў заканадаўстве прадумваць такiя моманты, каб чалавеку самому было выгадна выплачваць падаткi. — Даволi часта сустракаюцца сiтуацыi, калi чалавек атрымлiвае невялiкiя сумы, не дэкларуе iх i не ведае, у што гэта потым можа вылiцца... — Па-першае, падаткi ў нас выплачваюцца з рубля i няма такога, што да нейкай пэўнай сумы можна падаткi наогул не плацiць, цi не ўтрымлiваць. Так, у нас ёсць нейкi неабкладаемы даход, неабкладаемы мiнiмум для кожнага чалавека — гэта дванаццаць базавых велiчынь у год. Але такiя вылiкi прадаставiць толькi падатковы орган. Калi вы атрымлiваеце прыватныя пераводы з-за мяжы, нават невялiкую суму, патэлефануйце ў iнспекцыю i пракансультуйцеся , каб быць упэўненымi, што потым нiхто да вас не прад’явiць нiякiх прэтэнзiй. Сапраўды, такiх звестак да нас прыходзiць вельмi шмат. Але, у першую чаргу, увага надаецца вялiкiм сумам падатку. А калi пераводы невялiкiя, то кантроль за iмi ажыццяўляецца ў апошнюю чаргу, i падатковыя органы могуць выклiкаць iх атрымальнiкаў праз паўгода-год. За гэты час пеня можа нарасцi роўная нявыплачанаму падатку. — Хто не абавязаны, але можа прыйсцi па свайму жаданню ў падатковую iнспекцыю, ды яшчэ i атрымаць грошы? — Я крыху вас папраўлю: магчыма, тыя людзi, якiя абавязаны прыйсцi ў падатковую iнспекцыю, таксама маюць права на льготы i вылiкi. Ёсць фiзiчныя асобы, якiм абкладаемы даход будзе памяншацца. Кожная фiзiчная асоба, якая будзе падаваць дэкларацыю, зрэшты, як i кожная фiзiчная асоба, якая наогул атрымлiвае даходы ў Беларусi, мае права вылiчваць са свайго даходу 12 базавых велiчынь у год на сябе як плацельшчыка, па 2 базавыя велiчынi на кожнае дзiця або дзiця i ўтрыманца (напрыклад, студэнты дзённай формы навучання для сваiх бацькоў будуць утрыманцамi да канца навучання). Ёсць у нас яшчэ асобныя катэгорыi грамадзян, напрыклад, iнвалiды першай i другой груп, Героi Савецкага Саюза, Героi Беларусi, кавалеры ордэна Славы i асобы, што пацярпелi ад катастрофы на ЧАЭС, якiя маюць права вылiчваць са свайго даходу ў год 120 базавых велiчынь. Гэта стандартныя вылiкi, яны прадастаўляюцца па месцы асноўнай працы ўсiм. У выпадку, калi ў кагосьцi не было месца асноўнай працы на працягу 2006 года, а ён працаваў недзе па дагаворах, то такiя вылiкi яму не прадастаўляюцца. Такi чалавек мае права прыйсцi ў падатковую iнспекцыю, падаць дэкларацыю i яму будуць прадастаўлены гэтыя вылiкi i пералiчаны падаткi. У нас ёсць яшчэ так званы сацыяльны вылiк, права на якi маюць фiзiчныя асобы, што трацiлi на працягу 2006 года грашовыя сродкi на аплату навучання — сваё, сваiх дзяцей, мужа цi жонкi. Для таго, каб атрымаць такi вылiк, неабходна толькi адна ўмова — каб навучальная ўстанова адносiлася да навучальных устаноў Беларусi, гэта значыць мела лiцэнзiю РБ на аказанне адукацыйных паслуг. Калi навучанне адбывалася за мяжой цi ў фiлiялах нейкiх замежных устаноў у Беларусi, то вылiкi не прадастаўляюцца. I гэта павiнна быць першая адукацыя — альбо першая вышэйшая, альбо сярэднеспецыяльная. Але пры гэтым не мае значэння форма адукацыi — завочная, дзённая, вячэрняя. Для таго, каб атрымаць такi вылiк, у падатковую iнспекцыю неабходна прадаставiць дэкларацыю, а дакументамi, якiя пацвярджаюць атрыманне вылiку, будуць з’яўляцца дагавор з навучальнай установай на аказанне платных паслуг, даведка навучальнай установы аб тым, што гэта першая адукацыя. Калi размова iдзе аб адукацыi дзяцей, то, адпаведна, патрэбна копiя пасведчання аб нараджэннi, аб адукацыi мужа цi жонкi — копiя пасведчання аб шлюбе i плацёжныя дакументы, якiя пацвярджаюць панесеныя расходы. Да нас, бывае, звяртаюцца людзi, якiя згубiлi квiтанцыю аб аплаце. Таксама нiчога страшнага тут няма: калi квiтанцыя страчана, сапсавана, то чалавеку неабходна звярнуцца на прадпрыемства, у навучальную ўстанову, куды ён уносiў плату, i там яму выдадуць афiцыйнае пацвярджэнне, што за навучанне была заплачана пэўная сума. Гэты дакумент будзе служыць падставай для атрымання вылiку. — А калi чалавек узяў крэдыт, i за гэтыя грошы атрымлiвае адукацыю? — Тады пад вылiк будзе падпадаць не сама сума крэдыту, а расходы, якiя звязаны з пагашэннем гэтага крэдыту. У гэтым выпадку чалавеку неабходна копiя крэдытнага дагавора. Адзiнае, што не вылiчваецца з даходу, — гэта працэнты за карыстанне крэдытам. — Яшчэ адна катэгорыя, якая можа разлiчваць на льготы, — тыя грамадзяне, якiя будуюць, цi купляюць жыллё? — Гэта, мабыць, самая шматлiкая катэгорыя фiзiчных асоб, якiя атрымлiваюць у нас вылiкi па дэкларацыях — людзi, што знаходзяцца на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, i на працягу года нясуць расходы, якiя звязаны з набыццём, будаўнiцтвам жылля або аплатай крэдытаў, выкарыстаных на гэтыя мэты. На што тут хацелася б звярнуць увагу. Падкрэслю, што фiзiчныя асобы павiнны не проста мець патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, а абавязкова стаяць на ўлiку альбо ў выканкамах, альбо па месцы працы. Галоўнае, каб падставы пастаноўкi на ўлiк па месцы працы не адрознiвалiся ад устаноўленых заканадаўствам. У нас ёсць Указ Прэзiдэнта, якi ўстанаўлiвае ўмовы прызнання грамадзян маючымi патрэбу, i калi калектыўным дагаворам на прадпрыемстве ўмовы гэтыя зменены, i чалавек стаiць па гэтых змененых умовах на ўлiку маючых патрэбу, то, на жаль, права на вылiк ён не мае. Каб было зразумела, прывяду самы распаўсюджаны прыклад. Маючымi патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў прызнаюцца тыя фiзiчныя асобы ў адпаведнасцi з заканадаўствам, у якiх агульная плошча менш за 15 кв. м на чалавека. Калектыўным дагаворам можа быць прынята рашэнне, што маючымi патрэбу на прадпрыемстве будуць прызнавацца тыя работнiкi, у каго, напрыклад, менш за 20 кв. м. Адпаведна, калi ў чалавека больш за 15 кв. м, але менш чым 20, i ён на прадпрыемстве стаiць на ўлiку маючых патрэбу, права на вылiк ён мець не будзе. Акрамя таго, што неабходна стаяць на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, трэба сабраць дакументы, якiя пацвярджаюць панесеныя расходы. Калi чалавек набывае кватэру, то гэта будзе дагавор куплi-продажу i копiя тэхпашпарта на набытую кватэру. Калi кватэра будуецца, то гэта будзе дагавор аб долевым будаўнiцтве, або дакумент аб уключэннi фiзiчнай асобы ў ЖБК, або iншыя кааператывы i дакументы аб аплаце. Неабходна абавязкова даведка аб каштарысным кошце будаўнiцтва, таму што вылiк прадастаўляецца толькi ў межах каштарыснага кошту. У маёмасным вылiку ёсць вельмi цiкавая асаблiвасць, якая парадуе плацельшчыкаў: калi на працягу 2006 года атрыманых даходаў не хапае на тое, каб атрымаць вылiк поўнасцю, то астатак вылiку будзе перанесены на 2007 год, а пры неабходнасцi i на 2008-ы. Напрыклад, калi чалавек купiў кватэру, патрацiўшы на гэта 30 мiльёнаў рублёў, а яго даход за год склаў толькi 10 мiльёнаў, яму будзе прадастаўлены вылiк у поўным памеры, i яго абкладаемы даход за 2006 год будзе прызнаны роўным нулю, гэта значыць падаткаў не будзе. У яго застаецца яшчэ 20 мiльёнаў нявыкарыстанага вылiку, якiмi ён можа скарыстацца ў 2007 годзе, а калi ў яго зарплата застанецца такая ж, то i ў 2008-м. Тыя людзi, якiя маюць права атрымаць iльготы i вылiкi, не абавязкова павiнны зрабiць гэта да 1 сакавiка 2007 года. Фiзiчныя асобы маюць права скарыстацца сваiмi льготамi i прадастаўленымi вылiкамi на працягу 3 гадоў з моманту выплаты падатку. Калi мы гаворым аб даходах за 2006 год, то фiзiчныя асобы, якiя за гэты год збiраюцца скарыстацца льготамi, могуць падаць дэкларацыю да 31 снежня 2009 года. Калi хтосьцi толькi зараз пачуў аб гэтых вылiках, а навучаў дзяцей у 2004, 2005 гадах, то ён таксама можа сабраць зараз усе дакументы, пайсцi ў падатковую iнспекцыю i да Новага года атрымаць падарунак ад дзяржавы ў выглядзе вернутых падаткаў. — Дзе можна атрымаць гэтыя грошы? — Як пажадае чалавек. У яго ёсць шмат спосабаў, якiя ён можа выбраць. Нiхто не можа навязваць грамадзянiну нейкi пэўны спосаб вяртання грошай — гэта толькi яго выбар. А пачаць трэба з падачы дэкларацыi: пакуль яна не пададзена, нiхто не можа вызначыць суму, якая належыць вяртанню. Калi падатковы орган вызначае на падставе дэкларацыi суму, што належыць вяртанню, чалавек атрымае бясплатны бланк заявы, дзе зможа выбраць спосаб атрымання грошай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Максiм УГЛЯНIЦА i карэспандэнт «Звязды» гутараць з начальнiкам упраўлення падаткаабкладан |
|