«Сем цудаў Беларусi»
Мiхась АЛIМПIК
«Кнiжныя Каляды» — незвычайная iмпрэза пад такой назвай адбылася ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце культуры i мастацтваў. Супрацоўнiкi бiблiятэкi разам са студэнтамi i выкладчыкамi, сярод якiх знаныя майстры беларускай сцэны Рыма Маленчанка i Тамара Нiкалаева, задумалi зрабiць сваiм калегам па ўстанове Калядны падарунак.
Яны падарылi ўсiм зацiкаўленым сустрэчу з беларускай кнiгай. Кнiгай, народжанай у серыi «Сем цудаў Беларусi», што прысвечана нашай багатай i слаўнай гiсторыi i яе стваральнiкам. Распачало серыю мiнскае выдавецтва «Кавалер», а зараз годна працягвае Мiнская фабрыка каляровага друку. Аўтар кнiг — пiсьменнiк Анатоль Бутэвiч. А ягоны мастацкi сааўтар — малады i таленавiты мастак Павел Татарнiкаў. Нават у самiх назвах кнiг чуецца водгулле далёкiх падзей: «У гасцях у вечнасцi», «Званы Нямiгi», «За намiткай гiсторыi», «Адвечны поклiч Радзiмы»... Выйшла пяць кнiг Анатоля Бутэвiча. Апошняя з iх — «Славутыя родам сваiм» прысвечана тым, хто некалi сваiм вайсковым, мастацкiм, навуковым, арганiзатарскiм талентам праславiў нашу зямлю. Соф’я Гальшанская, Соф’я i Анастасiя Слуцкiя, Канстанцiн Астрожскi, прадстаўнiкi роду Храптовiчаў, Хадкевiчаў, Чартарыйскiх, Гаштольдаў сталi героямi гэтай кнiгi. Пра «герояў» жа iншых кнiг — Смаргонскую мядзведжую акадэмiю, Мiнскi абраз Божай мацi, летапiснае Бярэсце, Камянецкую Белую вежу, Мiрскi, Крэўскi i Нясвiжскi замкi, Каложскую царкву, пра Мiр як «цыганскую сталiцу на ўсё Вялiкае княства Лiтоўскае» i шмат што iншае таксама вялася гаворка на сустрэчы з аўтарам кнiг i мастаком. А студэнты нават паспрабавалi ўвасобiць сёе-тое ў спецыяльна разыграныя сцэнкi. Як зазначыла рэктар унiверсiтэта Ядвiга Грыгаровiч, гэтая iмпрэза пашырыла абсяг традыцыйнага ўнiверсiтэцкага свята мастацтваў «Калядная зорка», якое даўно ладзяць студэнты i выкладчыкi, стала цiкавай новай старонкай, якая з часам таксама можа стаць традыцыйнай. Iмпрэзу годна дапоўнiла выстава iлюстрацый Паўла Татарнiкава, якая працягне сваё жыццё ў сценах бiблiятэкi некалькi тыдняў, i выстава кнiг Анатоля Бутэвiча. Адбывалiся кнiжныя Каляды пад поклiчным i iнтрыгуючым дэвiзам «У гасцях у вечнасцi». I нiхто з прысутных не пашкадаваў, што прыняў гэтую прапанову i хоць на хвiлiнку зазiрнуў за намiтку гiсторыi, якая ахвотна адкрывае свае таямнiцы настойлiвым шукальнiкам i даследчыкам. А ў якасцi рэальнага Каляднага падарунка засталiся кнiгi з аўтографам аўтара i мастака. Застаецца i чаканне новых сустрэч з серыяй кнiг «Сем цудаў Беларусi».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Кнiжныя Каляды» — незвычайная iмпрэза пад такой назвай адбылася ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце культуры i мастацтваў |
|