Пытайцеся. I вам адкажуць
Сяргей ГРЫБ
«АДНО АКНО» Па насельнiцтву Мiнск — амаль шостая частка Беларусi. А дзе шмат жыхароў — там i значная колькасць самых розных пытанняў. Працоўнае заканадаўства i пенсii, правы сем’яў з дзецьмi i iнвалiдаў — за сёлетнiя студзень—лiстапад у Камiтэт па працы i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама звярнулася амаль 1,4 тысячы чалавек. Прычым даволi цiкавы факт — як адзначаюць у камiтэце, апошнiм часам мiнчане ўсё менш звяртаюцца з просьбамi аб дапамозе або па кансультацыi пiсьмова. I ўсё часцей — праз тэлефон цi Iнтэрнэт.СПРЭЧКА ПАЧЫНАЕЦЦА З... КАМIСII Па традыцыi Мiнск быў i застаецца самым высокадаходным горадам нашай краiны. Таму зваротаў наконт мiнiмальных памераў выплат работнiкам тут, магчыма, i не так шмат. Прынамсi, абсалютная большасць кiраўнiкоў арганiзацый розных форм уласнасцi дакладна ведае: чалавек, якi заняты ў рэжыме поўнага працоўнага дня i выконвае нормы выпрацоўкi, не можа атрымлiваць менш за «мiнiмалку». Сёлета — менш за 156,9 тыс. рублёў у месяц. Нашмат больш пытанняў датычыцца iншага — своечасовасцi выплаты зарплаты, адпускных i канчатковых разлiкаў пры звальненнi. — У такiм выпадку нялiшне нагадаць наша заканадаўства, — кажа начальнiк аддзела арганiзацыйна-прававой работы i кадраў Камiтэта па працы i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Вольга ТАРАШКЕВIЧ. — Так, паводле артыкула 73 Працоўнага кодэкса, выплата заробкаў павiнна праводзiцца рэгулярна ў днi, што вызначаны ў калектыўным дагаворы, пагадненнi цi працоўным дагаворы, але не радзей, чым два разы ў месяц. Пры гэтым калi такiя тэрмiны парушаюцца, то кiраўнiкi прадпрыемстваў i арганiзацый, незалежна ад формы ўласнасцi, нясуць персанальную адказнасць — аж да звальнення з пасады. Адначасова, зноў-такi па заканадаўству, выплата адпускных павiнна рабiцца яшчэ да пачатку працоўнага водпуску — у адваротным выпадку работнiк мае поўнае права патрабаваць пераносу яго тэрмiнаў. Што ж да непрадастаўлення належных сум пры звальненнi па вiне наймальнiка, то ў падобнай сiтуацыi работнiк можа спагнаць са свайго работадаўцы сярэднi заробак за кожны дзень пратэрмiноўкi. I, да слова, абсалютна такiя ж спагнаннi прадугледжваюцца тады, калi наймальнiк не выдае работнiку яго працоўную кнiжку адразу ж у дзень звальнення. Яшчэ адна, таксама «папулярная» падстава для зваротаў жыхароў сталiцы — канфлiкты на рабоце. Якiм чынам яны павiнны вырашацца? — Паводле артыкула 236 Працоўнага кодэкса, усе iндывiдуальныя канфлiкты першапачаткова мусяць вырашацца ў камiсii па працоўных спрэчках на прадпрыемстве, — падкрэслiвае Вольга Тарашкевiч. — Заява, што падаецца ў гэту камiсiю, падлягае абавязковай рэгiстрацыi i можа быць разгледжана толькi ў прысутнасцi работнiка. Пры няяўцы заяўнiка на пасяджэнне камiсii разгляд самой заявы адкладваецца. А пры паўторнай няяўцы камiсiя можа прыняць рашэнне аб зняццi пытання з разгляду, што аднак не пазбаўляе работнiка права падаць заяву зноў. Дарэчы, варта адзначыць, што камiсiя абавязана разгледзець працоўную спрэчку ў 10-дзённы тэрмiн i на працягу 3 дзён уручыць копiю свайго рашэння як наймальнiку, так i работнiку. I калi адзiн з гэтых бакоў з рашэннем не пагадзiцца, ён можа звярнуцца ў суд. Прычым пры звароце туды для вырашэння iндывiдуальных працоўных спрэчак работнiкi вызваляюцца ад «традыцыйных» судовых выдаткаў. ШМАТ ДЗЯЦЕЙ — ЯШЧЭ НЕ ПАДСТАВА ДЛЯ ЛЬГОТ? Вялiкi блок зваротаў датычыцца правоў сям’i i дзяцей. Вось адна з тыповых сiтуацый. Цяжарная жанчына ўладкавалася толькi 4 месяцы таму. Цi павiнен новы наймальнiк прадаставiць ёй водпуск перад выхадам у «дэкрэтны»? — Пры жаданнi самой жанчыны прадастаўленне водпуску да 6 месяцаў работы перад водпускам па цяжарнасцi i родах цi пасля яго — не права, а абавязак наймальнiка, — адказвае Вольга Тарашкевiч. — Прычым, калi паўгода ўсё ж не адпрацавана, то працоўны водпуск такiм жанчынам можа быць дадзены авансам у поўным памеры i з захаваннем сярэдняй зарплаты. Увогуле «дзiцячыя» пытаннi могуць датычыцца па сутнасцi ўсiх сфер заканадаўства. У прыватнасцi, распавядае Вольга Тарашкевiч, часам даводзiлася тлумачыць, што сам па сабе факт выхавання дзiцяцi-iнвалiда не дае падстаў для таго, каб перавесцi дзяржслужачага на бестэрмiновы працоўны дагавор. Або, з iншага боку, нагадваць: жанчын, што маюць дзiця-iнвалiда ва ўзросце да 18 гадоў, наймальнiк можа накiраваць у службовую камандзiроўку толькi пры адной вельмi iстотнай умове — асабiстай згодзе такой работнiцы. Асобная гаворка — аб выхаваннi дзяцей у прыёмных i апякунскiх сем’ях. Так, заўважаюць у камiтэце, асобы, якiя сталi ўсынаўляльнiкамi цi апекунамi дзiцяцi ва ўзросце да 3 месяцаў, маюць поўнае права на дапамогу па цяжарнасцi i родах на працягу 70 дзён з моманту атрымання новага статуса. А, да прыкладу, тыя ж апекуны могуць карыстацца льготай па падаходнаму падатку — са студзеня 2006 года ў iх даход, якi абкладаецца падаткам, не ўключаецца штомесячная зарплата ў памеры 4 базавых велiчынь. — Вядома, што наша заканадаўства вызначае пэўныя i немаленькiя дадатковыя льготы для шматдзетных сем’яў, — працягвае Вольга Тарашкевiч. — Аднак трэба мець на ўвазе: сям’я лiчыцца шматдзетнай пры ўмове, што ў ёй выхоўваецца не менш чым тры дзiцяцi ва ўзросце да 18 гадоў. I пры гэтым статус шматдзетнай сям’i пацвярджаецца спецыяльным пасведчаннем. Мiж тым, для атрымання такога пасведчання ёсць некаторыя правiлы. Пасведчанне, прыкладам, можа не выдавацца, калi шматдзетныя бацькi не выконваюць або выконваюць не належным чынам свае абавязкi па выхаванню, навучанню цi ўтрыманню дзяцей, калi бацькi злоўжываюць сваiмi правамi, аказваюць адмоўны ўплыў на паводзiны дзяцей, жорстка абыходзяцца з iмi, нарэшце, калi дзецi знаходзяцца на поўным цi няпоўным дзяржаўным забеспячэннi ў дзiцячай установе. Словам, акалiчнасцяў тут шмат. Таму, да прыкладу, калi ў сям’i налiчваецца трое дзяцей, аднак адзiн з iх стаiць на ўлiку ў камiсii па справах непаўналетнiх цi фактычна знаходзiцца ў сацыяльна небяспечным становiшчы, ужо ўзнiкаюць падставы для адмовы ў пасведчаннi. Зрэшты, з улiкам усiх акалiчнасцяў канчатковае рашэнне ў дадзеным выпадку павiнна прымацца мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi ўлады. I ўсё ж найбольш няпростай застаецца тэма дзяцей-iнвалiдаў. Неяк у камiтэт патрапiў зварот з просьбай расказаць аб дапамозе маленькiм мiнчанам, якiя пазбаўлены магчымасцяў бачыць. Такiя дзецi ва ўзросце звыш 7 гадоў i пры наяўнасцi медыцынскiх паказанняў, апроч усяго, маюць права на бясплатнае атрыманне магнiтолы тэрмiнам на 10, брайлеўскага гадзiннiка цi гадзiннiка з сiнтэзатарам маўлення —тэрмiнам на 5, а таксама тэлефона з сiнтэзатарам маўлення за 25 працэнтаў яго кошту — тэрмiнам на 10 гадоў. А iншым разам «узнiкла» пытанне наконт прадастаўлення для абслугоўвання дзяцей-iнвалiдаў, што пакутуюць на цяжкую форму ДЦП, аўтамабiляў. — Сапраўды, сваякам, членам сям’i цi апекунам, што пражываюць сумесна i пастаянна даглядаюць дзiця-iнвалiда ва ўзросце да 18 гадоў, якi хворы на цяжкую форму дзiцячага цэрабральнага паралiчу, можа перадавацца ў карыстанне з аплатай 20 працэнтаў кошту аўтамабiль «Таўрыя» цi «Ака» са звычайным кiраваннем, — зазначае Вольга Тарашкевiч. — I заяву на атрыманне машыны трэба падаць ва ўпраўленне сацыяльнай абароны па месцы жыхарства. Разам з тым нялiшне сказаць, што тут абавязковае патрабаванне пры выдачы транспартнага сродку — наяўнасць адпаведных медыцынскiх паказанняў. А таксама — адсутнасць процiпаказанняў да кiравання. ПЕНСIЯ. ЦI БОЛЬШЫ СТАЖ? Сталiца была i, напэўна, застанецца самым развiтым у плане прадпрымальнiцтва рэгiёнам. А адсюль — значная колькасць пытанняў па пенсiйных правах. Часцяком спецыялiстам камiтэта выпадае яшчэ i яшчэ раз нагадваць, што залiчыць час работы ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка цалкам магчыма. Аднак — пры ўмове выплаты ўзносаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Пры гэтым тэрмiны такiх выплат да 1 лiпеня 1998 года павiнны быць пацверджаны даведкамi аб перыядах страхавых адлiчэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва, з 1 лiпеня 1998 года па 1 студзеня 2003 года — даведкамi аб перыядах страхавых адлiчэнняў у Фонд i даведкамi аб сумах даходу, з якiх рабiлiся адлiчэннi, а з 1 студзеня 2003 года — выпiскай з iндывiдуальнага асабiстага рахунка ў сiстэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Таксама па-сапраўднаму актуальная i, на жаль, «звычайная» праблема — немагчымасць адшукаць архiўныя дакументы аб заробках. Як вынiк, зарплата за «страчаныя» гады прымаецца ў разлiк «па нулях», а ў сваю чаргу гэта — больш нiзкi iндывiдуальны каэфiцыент. I больш нiзкая пенсiя. Цi не адзiнае тут выйсце — звярнуцца ў суд. Суд можа ўзяць да разгляду выпiскi са штатнага раскладу аб акладзе па адпаведнай спецыяльнасцi, укладыш да працоўнай кнiжкi, улiковыя карткi членаў партыi, членаў прафсаюза, партыйныя i прафсаюзныя бiлеты, разлiковыя кнiжкi цi лiсткi i г.д. I на падставе гэтага вызначыць факт атрымання заробку за канкрэтны перыяд i ў пэўным памеры, што можа стаць падставай для пераразлiку пенсii ў большым памеры. ТАК ЗРУЧНА ЛЮДЗЯМ Пералiк «пенсiйных» пытанняў можна было б працягваць. Як i пытанняў iншага кшталту — аб правах, гарантыях i льготах. У камiтэт людзi звяртаюцца лiтаральна штодня. Прычым тут нiколi не iмкнуцца «схавацца» ад часам па-сапраўднаму вострых тэм. Хутчэй наадварот — спрабуюць «шукаць» iх самi. — За апошнiя гады з’яўляюцца ўсё новыя формы работы з жыхарамi сталiцы, — канстатуе Вольга Тарашкевiч. — Так, у стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання, раённых упраўленнях сацыяльнай абароны, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва сталi праводзiцца выязныя прыёмы нашых спецыялiстаў. Аднак найбольшым попытам карыстаецца iншае. З 2004 года ў Камiтэце па працы i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама пачала работу «гарачая» лiнiя, i сёння па працоўных днях з 11 да 13 гадзiн кожны мае магчымасць патэлефанаваць да нас па нумары 285-17-68. Нарэшце, з мiнулага года накiраваць сваё пытанне наконт сацыяльнай падтрымкi, заробкаў i аховы працы можна праз форум афiцыйнага сайта Мiнгарвыканкама — па адрасу www.minsk.gоv.bу. Пры гэтым стаўка на падобныя кантакты апраўдала сябе цалкам. Так больш зручна людзям. I прасцей для нас, бо ў вынiку працягвае змяншацца «папяровая» перапiска. Зразумела, вырашыць удаецца далёка не ўсё. Аднак, заўважае Вольга Тарашкевiч, размовы, званкi цi электронныя пiсьмы нiколi не застаюцца без увагi. Па прынцыпу «аднаго акна» кансультацыi даюцца адразу, больш складаныя праблемы бяруцца на кантроль. А ў горшым выпадку, калi пытанне не адносiцца да кампетэнцыi сацыяльных службаў, можна атрымаць простую параду, куды з iм лепш звярнуцца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па насельнiцтву Мiнск — амаль шостая частка Беларусi. А дзе шмат жыхароў — там i значная колькасць самых розных пытанняў
|
|