Моста сапраўды не будзе. Замест яго пабудуюць пешаходны пераход
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 17 лiстапада ў «Звяздзе» была змешчана скарга жыхароў вёскi Панямонь Навагрудскага раёна i адказ на яе адносна набалелай i важнай для вяскоўцаў праблемы — адсутнасцi моста, што яшчэ нядаўна злучаў два берагi Нёмана, на якiх размешчана вёска. «Знесла мост. Няма яго — няма праблемы?» — з назвы таго матэрыялу вынiкае i сутнасць праблемы i стаўленне да яе на той момант, як нам падавалася, шэрагу афiцыйных крынiц, куды мы звярталiся ў пошуках адказу.Нагадаем коратка, што памянёны драўляны мост быў знесены вадой унiз па цячэнню Нёмана недзе на 3,5 км, дакладней, яго частка. Вярнуць яе на ранейшае месца не ўяўлялася магчымым па шэрагу прычын: па-першае, для гэтага патрабавалася спецыяльная тэхнiка, якой не было; па-другое, была рызыка, што пры буксiроўцы закранутая канструкцыя магла страцiць асобныя элементы. Для аднаўлення моста, паводле слоў кiраўнiка мясцовага СВК «Шчорсы» Мiкалая Краўчука, патрабавалася каля 200 кубоў лесу. Выканаць такi аб’ём работ сiламi толькi адной гаспадаркi, на балансе якой знаходзiлася пераправа, было нерэальна. У райвыканкаме паведамiлi, што ў мясцовым бюджэце сродкаў на гэтыя мэты таксама няма, прынамсi, на блiжэйшую перспектыву. Дапамогi, калi што, давялося б прасiць нават не ў абласным, а ў рэспублiканскiм бюджэце. «Ды i навошта вяскоўцам гэты мост?» — спрабавалi пераканаць нас работнiкi райвыканкама. Непадалёк знаходзiцца капiтальны жалезабетонны мост, па якiм ездзяць машыны, у тым лiку «хуткая дапамога», аўталаўка ў Панямонь. Так, па ранейшаму маршруту, калi быў драўляны мост, вяскоўцам да цэнтра калгаса трэба было пераадолець 5 кiламетраў, зараз — 9, калi па жалезабетоннаму. Ну i што, малако можна вазiць на канi, пераконвалi нас. Ды i лодкi для пераправы праз Нёман ёсць, калi каму так ужо трэба. Карацей кажучы, па ўсяму выходзiла так, што драўляны мост наўрад цi ў блiжэйшы час мог быць адноўлены, пра што мы прама i напiсалi ў мiнулы раз... У рэдакцыю днямi патэлефанавалi тыя ж чытачы. «Мост калгаснымi трактарамi расцягнулi i бярвеннi звезлi на дровы да лазнi гаспадаркi. Навошта?». Сапраўды, навошта? Пра аднаўленне моста гаворкi не было, гэта так. Аднак нiхто не гаварыў у мiнулы раз, што мост будзе фактычна знiшчаны цалкам. Паводле слоў выконваючага абавязкi старшынi СВК «Шчорсы» Генрыха Лукоўскага (Мiкалай Краўчук у водпуску), на тое былi свае прычыны. Паколькi мост аднаўленню не падлягаў, чаму было б не скарыстаць яго элементы хоць бы на дровы? Да таго ж была рызыка, што мост можа знесцi яшчэ далей, што ўяўляла ўжо небяспеку для жалезабетоннай пераправы.. — Мы абмеркавалi пытанне i прынялi рашэнне сiламi гаспадаркi на месцы ранейшага моста ўзвесцi пешаходны пераход на жалезных палях. На машыне па iм не праедзеш, але пехатой, на веласiпедзе — калi ласка, — патлумачыў далей Генрых Вацлававiч. — Палi возьмем з разабранага будынка, лесу, у адрозненне ад моста, для перахода спатрэбiцца ўсяго каля 20 кубоў, пераважна дошак. За зiму нарыхтуем матэрыялы, а недзе ўвесну зоймемся пераходам ушчыльную. Чаму ж тады людзi працягваюць скардзiцца? Паводле слоў Генрыха Лукоўскага, такi варыянт выйсця са становiшча ўзнiк нядаўна, яго яшчэ трэба абмеркаваць у самой гаспадарцы, а затым ужо iнфармаваць вяскоўцаў. «Але ў блiжэйшы час мы гэта зробiм».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
17 лiстапада ў «Звяздзе» была змешчана скарга жыхароў вёскi Панямонь Навагрудскага раёна i адказ на яе адносна набалелай i важнай для вяскоўцаў прабле
|
|