Гульня ў хованкi з законам
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Суды ды справы Прапаўшыя без вестак i «пацярпелыя» без сумленняЁсць жыццёвыя сiтуацыi, у якiх, здавалася б, нават жарты недарэчныя. Напрыклад, хiба можна ўспрымаць не iнакш як бяду прапажу без вестак чалавека? Тым больш яго родным i блiзкiм людзям. Аказваецца, гэта зусiм не рытарычнае пытанне. Для немалой колькасцi нашых суграмадзян прызнанне праз суд яшчэ жывых i здаровых сваякоў прапаўшымi i нават памерлымi пераўтварылася ў сродак вырашэння матэрыяльных праблем цi бытавой неўладкаванасцi. Аб тым, хто i як «робiць бiзнэс на прапажы» блiзкiх людзей, аглядальнiк «Звязды» папрасiў расказаць старшага пракурора аддзела аналiзу практыкi пракурорскага нагляду Пракуратуры Беларусi Валерыя САКОВIЧА. — Валерый Станiслававiч, паводле звестак МУС, штогод у нашай краiне аб’яўляецца ў вышук крыху больш за 1 тысячу чалавек. А як часта беларускiя суды разглядаюць просьбы прызнаць таго цi iншага чалавека прапаўшым без вестак альбо памерлым? — Калi меркаваць па вывучаных намi справах гэтай катэгорыi, то за апошнiя 5 гадоў iх колькасць павялiчылася больш чым у 2 разы. Паводле звестак пракурораў абласцей, толькi за 9 месяцаў гэтага года судамi нашай краiны разгледжана 696 падобных спраў. Нават з улiкам таго, што апошнiм часам беларусы сталi часцей выязджаць на заробкi, на вучобу, па справах бiзнэсу за мяжу, нас насцярожыла тэндэнцыя павелiчэння аб прызнаннi людзей без вестак прапаўшымi цi памерлымi. Таму мы вырашылi дэталёва прааналiзаваць адпаведныя справы за 9 месяцаў гэтага года. Намi было вывучана больш за 500 грамадзянскiх спраў гэтай катэгорыi. Аналiз судовых спраў паказаў, што многiя заяўнiкi ведалi аб месцазнаходжаннi сваiх блiзкiх, аднак наўмысна дабiвалiся прыняцця судамi рашэнняў аб прызнаннi такiх асоб без вестак прапаўшымi або памерлымi. Намi быў выяўлены, напрыклад, выпадак, калi жонка прасiла прызнаць прапаўшым без вестак свайго мужа, паколькi ён больш чым год не з’яўляўся дома. Аднак высветлiлася, што «прапаўшы» нават нiкуды не выязджаў, жыў у тым жа населеным пункце. Цi вось такi факт. Жыхарка Гродна звярнулася ў суд з заявай аб прызнаннi прапаўшым мужа, якi, паводле яе слоў, тры гады таму выехаў на заробкi ў Маскву i з таго часу не нагадваў аб сабе. Суд прызнаў таго чалавека прапаўшым, а потым высветлiлася, што ён рэгулярна высылаў у мясцовы РАУС квiтанцыi аб выплаце алiментаў. I такiх выпадкаў нямала, але ўсе яны вельмi падобныя. Ёсць людзi (зазвычай гэта неплацельшчыкi алiментаў), якiя самi жадаюць быць прапаўшымi без вестак цi памерлымi i жывуць дзесьцi, найчасцей у Расii, амаль на нелегальным становiшчы. З iншага боку нярэдка чалавека, якi часова выехаў за мяжу, без яго жадання i ведама, па iнцыятыве «другой палавiны», суды прызнаюць прапаўшым цi памерлым. — Што штурхае людзей на такiя крокi? — Мэты, якія ставiлi перад сабой заяўнiкi, просячы суд прызнаць прапаўшымi без вестак цi памерлымi блiзкiх людзей, можна падзялiць на некалькi асноўных катэгорый. Больш чым трэць заяўнiкаў такiм чынам дабiвалася прызначэння дапамогi цi пенсii на дзяцей. Бо спагнаць алiменты падчас вельмi цяжка. Таму прасцей праз суд прызнаць такога «ўхiлiста» прапаўшым цi памерлым, i атрымлiваць гарантаваныя дзяржавай сацыяльныя выплаты. Прыкладна чвэрць заяўнiкаў такiм шляхам вырашала «кватэрнае пытанне». Iншымi словамi, каб выпiсаць з займаемай плошчы члена сям’i, прэтэндэнты на квадратныя метры прасiлi суд прызнаць яго прапаўшым цi памерлым. Такiм жа чынам людзi змагалiся за спадчыну, скасоўвалi шлюб. Больш за тое, нават дазвол на выезд дзiцяцi за мяжу падчас прасцей зрабiць менавiта гэтым спосабам, бо пошукi бацькоў могуць доўжыцца бясконца. — Атрымлiваецца, што часам людзi проста вымушаны абараняць свае iнтарэсы падманным шляхам? — Безумоўна, бываюць i падобныя сiтуацыi, але гэта адзiнкавыя выпадкi. Усё ж найчасцей заяўнiкi iдуць на падман, ставячы перад сабой вышэйпамянёныя карыслiвыя мэты. Прычым у большасцi выпадкаў закранаюцца матэрыяльныя iнтарэсы не толькi асобных грамадзян, але i ўсёй дзяржавы, якая нясе выдаткi па выплаце пенсiй i iншых дапамог. Таму яшчэ 4 гады таму рэспублiканская Пракуратура прапаноўвала Мiнiстэрству працы i сацыяльнай абароны звярнуць увагу на гэтую праблему. Аднак сiтуацыя карэнным чынам не змянiлася. Па-ранейшаму большасць спраў памянёнай катэгорыi разглядаецца ў судах без прадстаўнiкоў органаў сацыяльнай абароны. Ёсць недапрацоўкi i ў рабоце мiлiцыi, якая не заўсёды прымае эфектыўныя меры па пошуку прапаўшых людзей. Ды i судовыя ўстановы таксама павiнны больш грунтоўна вывучаць адпаведныя справы i прымаць узважаныя рашэннi. А людзям, якiя маюць намер пагуляць у хованкi з законам, хачу нагадаць, што гэта можа мець для iх вельмi сумныя наступствы. Замест сацыяльнай дапамогi цi нейкiх iншых матэрыяльных выгод можна атрымаць рэальны тэрмiн пазбаўлення волi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прапаўшыя без вестак i «пацярпелыя» без сумлення |
|