Чэмпiёны не шкадуюць медалёў, а школьнiкi — часу на наведванне музея
Iрына ПРЫМАК
Днямi калекцыя музея алiмпiйскай славы (з’явiўся ў Мiнску 6 лiпеня 2006 года) папоўнiлася новымi экспанатамi.
Сваю спартыўную экiпiроўку з выявай талiсмана Гульняў у Сеуле-1988, серыю марак, два алiмпiйскiя праспекты з сiмвалiчнымi адбiткамi талiсмана Алiмпiяды ў Сеуле ў спартыўную скарбнiцу перадаў Аляксандр Раманькоў, алiмпiйскi чэмпiён, уладальнiк двух сярэбраных i бронзавых алiмпiйскiх медалёў, дзесяцiразовы пераможца сусветнага першынства па фехтаванню. Таксама зрабiла падарунак музею i Наталля Шыколенка, двухразовая чэмпiёнка свету i сярэбраны прызёр Алiмпiяды ў Барселоне-1992 па кiданню кап’я: без шкадавання яна развiталася з кап’ём, памятнымi медалямi, талiсманам Гульняў-1992, хусткай «Атланта-1996», лялькай «Прымадонна», якую спартсменцы прэзентавалi на дзень нараджэння (яно супала са стартам спаборнiцтваў). Першымi, хто пабачыў новыя экспанаты, сталi вучнi сталiчнай гiмназii № 22 i жодзiнскага прафесiйнага лiцэя, а таксама прадстаўнiкi турыстычнага агенцтва «Барысаўрэгiёнтур». Гэта былi не выпадковыя наведвальнiкi, а спецыяльныя госцi: справа ў тым, што менавiта вышэй узгаданыя асобы часцей за ўсё заглядваюць у музей. Вось i вырашылi iх узнагародзiць за такую вялiкую пашану да дасягненняў нашых атлетаў: уручылi падарункi i паказалi новыя экспанаты, арганiзавалi сустрэчу вучняў з алiмпiйскай чэмпiёнкай Сеула па мастацкай гiмнастыцы Марынай Лобач. Марына Вiкенцьеўна ўзгадала тое iмгненне, калi стаяла на п’едэстале: «Думаеш аб сваёй краiне, родных i людзях, якiя дапамагалi стаць чэмпiёнкай. Зараз мая дачка займаецца лёгкай атлетыкай, хацелася б, каб i яна дасягнула поспеху». Дзесяцiгадовыя школьнiкi з цiкавасцю глядзелi на чэмпiёнку, уважлiва разглядалi ўзнагароды, факелы, экiпiроўку. «Калi вы актыўна будзеце займацца спортам, то паспееце выступiць на Алiмпiядзе-2016, — заўважыў прэс-аташэ Нацыянальнага алiмпiйскага камiтэта Пётр Рабухiн. — Калi заваюеце медалi, падарыце музею?» —«Канешне», — пагадзiўся адзiн з гiмназiстаў i вельмi сур’ёзна дадаў: «Я ўжо два гады займаюся рукапашным боем».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi калекцыя музея алiмпiйскай славы (з’явiўся ў Мiнску 6 лiпеня 2006 года) папоўнiлася новымi экспанатамi |
|