Па-мужчынску!
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Надзвычайнае здарэнне Хоць сёлетняя зiма ну зусiм неспрыяльная для аматараў пакатацца на лыжах або санках, праляцець вiхурай па азёрнаму лёду на каньках, гэта нiколькi не азначае, што зрабiць падобнае не хочацца. Асаблiва хлапчукам-падлеткам, як сказаў паэт, не сядзiцца дома. А калi тут яшчэ ды канiкулы — дык толькi на прыроду, дзе можна весела пагуляць.Менавiта з такiм настроем i памкненнямi браты Мiкiта i Саша Грамыкi, васьмi i дзевяцi гадоў адпаведна, прыйшлi да свайго дзядулi, якi жыў у Добрушы ў iншым мiкрараёне. Яшчэ б: каля дзядулевага шматпавярховiка — азярына, якая, нягледзячы на цёплае надвор’е, з мiнулых невялiкiх маразоў была пакрытая лёдам. Малодшаму Мiкiту захацелася пакоўзацца па iм, што ён i пачаў рабiць. Усё нармальна: лёд трымае. Вытрымае ён i далей, падумаў хлапчук i рушыў на другi бок азярыны. Неабачлiвасць Мiкiты тут жа была пакараная: ён апынуўся ў вадзе, пачаў крычаць аб дапамозе. Трое хлапчукоў, што гулялi на беразе, спалохалiся i пабеглi клiкаць дарослых, а Саша кiнуўся да брата. I таксама правалiўся пад лёд. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калi б гэта не ўбачыў з акна сваёй кватэры, якая знаходзiлася на сёмым паверсе, чатырнаццацiгадовы Максiм Талкачоў, васьмiкласнiк сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 3, якi дапамагаў мацi па дому. Не марудзячы нi хвiлiны, ён схапiў з канапы пакрывала i пабег унiз, Людмiла Iванаўна — услед за iм. Тут трэба сказаць, што ў школьнай праграме ёсць такi прадмет, якi называецца «Ахова i бяспека жыцця дзяцей» i што Максiм з’яўляецца членам клуба «Юны выратавальнiк» i неаднаразова ўдзельнiчаў у раённых злётах юных выратавальнiкаў-пажарнiкаў. Таму ён дзейнiчаў так, як яго i iншых школьнiкаў вучыў выкладчык таго прадмета Аляксандр Iванавiч Пранузенка. Асцярожна наблiзiўшыся да палонкi, ён падаў адзiн канец пакрывала Мiкiту, якi ўжо страчваў сiлы i нiяк не мог учапiцца за яго, паўтараючы: «Я не ўмею плаваць, выцягнi мяне». Нарэшце гэта яму ўдалося, i ён апынуўся на беразе, а праз некалькi хвiлiн там ужо быў i Саша. Людмiла Iванаўна i Максiм даставiлi хлапчукоў да дзядулi, якi жыў у тым доме, дзе i Талкачовы. Было гэта 26 снежня, i пэўны час мала хто ведаў аб гэтым здарэннi, якое магло закончыцца трагiчна. Шырокую ж пагалоску яно атрымала пасля таго, як Людмiла Iванаўна выпадкова сустрэла на вулiцы намеснiка дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Тамару Iванаўну Бястрыцкую i расказала ёй аб усiм. У школе нядаўна прайшла лiнейка, Максiма ўшанавалi падарункам i ставiлi ў прыклад iншым вучням. У прысутнасцi дырэктара школы Вольгi Уладзiмiраўны Пархоменка i спецыялiста па выхаваўчай рабоце раённага аддзела адукацыi Людмiлы Уладзiмiраўны Яўтуховай я гутарыў з Максiмам, якi, не пабаюся гэтага слова, здзейснiў подзвiг. — Максiм, а калi б ты не меў тых навыкаў, якiя атрымаў у клубе «Юны выратавальнiк» i на ўроках , цi адважыўся б на тое, на што пайшоў? — Абавязкова пайшоў бы. Саша i Мiкiта былi ж у бядзе. Нiчога асаблiвага я не зрабiў. Проста дапамог. У гэтым адказе ўвесь ён, сказала мне пасля Вольга Уладзiмiраўна. Сцiплы. Моцны. Прыгожы. Нiкога нiколi не пакрыўдзiў. Заўсёды гатовы падтрымаць iншага. З простай рабочай сям’i, у якой бацькi прывучылi яго i старэйшага брата Дзянiса да працы, да дысцыплiны, прывiлi iм пачуццё адказнасцi за свае ўчынкi. Па большасцi прадметаў у яго сямёркi—дзевяткi, а вось па беларускай i рускай мовах яму трэба падцягнуцца. Любiць фiзкультуру i ахвотна займаецца валейболам i настольным тэнiсам. — Ведаеце, — расказвала пазней Людмiла Iванаўна дырэктару школы, — што адчувала я, калi стаяла на беразе i думала: крый Божа, калi правалiцца лёд i пад Максiмам — хто будзе выратоўваць дзяцей, усiх траiх, калi нiкога з дарослых побач няма? Добра, што ўсё абышлося. Максiм, чатырнаццацiгадовы васьмiкласнiк, засведчыў (таксама не пабаюся сказаць гэтыя словы) сваю грамадзянскую сталасць, а Саша i Мiкiта Грамыкi, будзем спадзявацца, атрымалi ўрок на ўсё жыццё: перш чым нешта зрабiць, трэба як след падумаць. I яшчэ. Максiма Талкачова чакае ўзнагарода абласнога таварыства выратавання на водах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хоць сёлетняя зiма ну зусiм неспрыяльная для аматараў пакатацца на лыжах або санках, праляцець вiхурай па азёрнаму лёду на каньках, гэта нiколькi не а
|
|