Тэндар запаволенага дзеяння
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Плацдарм На шляху знiшчэння запасаў мiн у Беларусi ўзнiклi «еўрабюракратычныя» бар’ерыБеларусь паступова пазбаўляецца ад небяспечнай спадчыны, пакiнутай Савецкай Армiяй. Як паведамiў журналiстам начальнiк iнжынерных войскаў Узброеных Сiл Беларусi Сяргей ЛУЧЫНА, напрыканцы мiнулага года наша краiна ўтылiзавала тратылавыя мiны. Адметна, што iстотную дапамогу ў гэтым аказалi Канада i Лiтва, якiя выдзелiлi нам 205 тысяч еўра. Аднак на гэтым мiнныя праблемы нашай краiны не скончылiся. На вайсковых складах засталося больш за 3,5 мiльёна касетных мiн ПФМ, якiя ўтрымлiваюць сiнiльную кiслату. Часу на ўтылiзацыю вадкасных мiн засталося няшмат. Далучыўшыся да Атаўскай канвенцыi, Беларусь абавязалася лiквiдаваць усе «мiнныя запасы» да 1 сакавiка 2008 года. Iстотную дапамогу ў гэтым нам пагадзiўся аказаць Еўрапейскi саюз. Краiны ЕС маюць намер выдаткаваць на ўтылiзацыю вадкасных мiн 4 мiльёны еўра. Аднак на шляху знiшчэння гэтых смертаносных прылад узнiклi «еўрабюракратычныя» бар’еры. Справа ў тым, што Еўрасаюз можа выдаткаваць сродкi толькi пасля правядзення тэндару, пераможцы якога павiнны пазбаўляць нас ад небяспечнай спадчыны Савецкай Армii. Летась тэндар «сарваўся». Калi адбудзецца новая працэдура вызначэння «фiрмы-пераможцы» яшчэ невядома. Часу на сам працэс знiшчэння мiн застаецца ўсё менш i менш. А значыць Беларусь можа не па сваёй вiне парушыць узятыя на сябе абавязкi наконт тэрмiну знiшчэння процiпяхотных мiн. Паводле слоў генерала Лучыны, прадстаўнiкi ЕС заклiкалi беларускi бок не драматызаваць сiтуацыю i суцешылi тым, што наша краiна не адзiная будзе вымушана падоўжыць тэрмiн знiшчэння процiпяхотных мiн. I хоць санкцый за падобныя парушэннi не прадугледжана, Беларусь сама зацiкаўлена ў тым, каб як мага хутчэй пазбавiцца ад небяспечнай спадчыны. Гарантыйны тэрмiн захоўвання памянёных мiн скончыўся яшчэ ў 1999 годзе. Генерал Лучына, праўда, запэўнiў, што «пратэрмiнаваныя» мiны знаходзяцца пад пастаянным кантролем i, паводле заключэння замежных спецыялiстаў, умовы iх захавання на складах Узброеных Сiл Беларусi адпавядаюць мiжнародным нормам бяспекi. Аднак лепш усё ж як мага хутчэй пазбавiцца ад гэтых небяспечных прылад.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На шляху знiшчэння запасаў мiн у Беларусi ўзнiклi «еўрабюракратычныя» бар’еры
|
|