Жыў сярод нас класiк...
Вядомаму майстру слова мiхасю стральцову 14 лютага споўнiлася б 70 гадоўi
I У чырвоназменаўскiя, а потым — i звяздоўскiя пакоi ён заўсёды заходзiў да нас «сваiм чалавекам». Хаця — i сарамлiва, нават некалькi баязлiва, кожны раз перапрашаючы прабачэння: «Мальцы, я не перашкодзiў вам?..» Ён не мог нам «перашкодзiць»... Бо мы, тагачаснае чырвоназменаўскае, а потым — i звяздоўскае маладое пакаленне, ведалi яму, жывому класiку i нашаму суайчыннiку, сапраўдную цану! Ды i працавалi мы, у тых чырвоназменаўскiх i звяздоўскiх пакоях, поруч з ягонымi добрымi i шчырымi сябрамi: Алесем Дзятлавым i Мiхасём Кацюшэнкам, Яўгенам Крупенькам i Мiколам Федзюковiчам — у «Чырвонай змене»; Алесем Траяноўскiм i Аляксандрам Калеснiкам, Янкам Казловым i Алесем Бяржынскiм — у «Звяздзе»: лепшымi на той час журналiсцкiмi пёрамi Беларусi, якiя насамрэч шчыра i непадробна ганарылiся сяброўствам з iм, паважалi яго, Мiхася Лявонавiча. Кожны дзень завiтваючы да нас, у рэдакцыю, ён, зноў жа папрасiўшы прабачэння, даставаў з кiшэнi свой так любiмы «Беламор» i дымiў iм ахвотна i заўзята. I пры гэтым ледзь цi не «ад коркi i да коркi» чытаў-праглядваў штодзённыя газеты. Зрэдку што-кольвечы каментаваў, але часцей за ўсё маўчаў, нiбы «глытаў» iнфармацыю ды i толькi... II Увогуле ж Мiхась Стральцоў быў маўчуном. Умеў i любiў слухаць iншых, нават тых суразмоўцаў, якiя былi яму не даспадобы, а iншым разам i проста непрыемнымi... А з тымi з iх, хто быў вельмi ўжо катэгарычны цi проста нахабны, калi i не пагаджаўся, дык «папраўляў» вельмi ўжо далiкатна i тонка, зноў жа нiбы просячы прабачэння: «А ты, старычок, не маеш рацыi...» «Старычок», як i згаданае вышэй — «мальцы», былi ягонымi любiмымi слоўцамi. Я шматкрат чуў, як называў Мiхась Лявонавiч «старычкамi» i насамрэч старэйшых за сябе творцаў, нават «аксакалаў»: Кандрата Кандратавiча Крапiву i Петруся Усцiнавiча Броўку, Iвана Паўлавiча Мележа i Iвана Антонавiча Брыля, Iвана Пятровiча Шамякiна i Пiмена Емяльянавiча Панчанку; i сваiх аднагодкаў, народжаных, як i ён, у даваенныя гады, «мальцаў» свайго пакалення: Iвана Чыгрынава i Рыгора Барадулiна, Леанiда Дайнеку i Анатоля Кудраўца, Янку Сiпакова i Вiктара Карамазава, Анатоля Грачанiкава i Уладзiмiра Паўлава, Вячаслава Адамчыка i Iвана Пташнiкава; i маладзейшых за сябе, але ж такiх таленавiтых: Алеся Жука i Сяргея Законнiкава, Генрыха Далiдовiча i Алеся Разанава, Казiмiра Камейшу i Георгiя Марчука, i нават самых юных на той час: Алеся Пiсьмянкова, Леанiда Дранько-Майсюка, Алеся Асташонка (дарэчы, за ростам лiтаратурнай моладзi Мiхась Лявонавiч сачыў пiльна, моцна радаваўся яе набыткам, i як шкада, што двух з трох згаданых вышэй сёння ўжо няма сярод нас!)... Думаю (i нават не сумняваюся!): усе яны не толькi цанiлi Мiхася Стральцова як творцу, але i моцна даражылi iм, ягоным, рэдка сказаным, але такiм дакладным, стральцоўскiм Словам. III Кiм ён быў найперш — паэтам, пiсьменнiкам, крытыкам цi публiцыстам — спрэчкi вядуцца i да сённяшняга дня. Але не ў гэтым, на маю думку, справа. Галоўнае, што быў ён чалавекам таленавiтым, ад Бога. Калi ж зноў i зноў пачынаеш чытаць напiсанае i апублiкаванае iм, у чарговы (каторы ўжо раз!) пераконваешся: усё, што выходзiла з-пад пяра Мiхася Стральцова, пазначана выдатнымi якасцямi: тонкiм веданнем роднай беларускай мовы, не менш глыбокiм пазнаннем жыцця, неверагодна высокiм мастакоўскiм асэнсаваннем той рэчаiснасцi, у якую паглыбляўся i якой так шчыра i захапляльна цiкавiўся ён. Прыснiўся верш — не верш, а два радкi. Абломак лодкi ўсплыў са дна ракi, I кружыць вiр счарнелую траву. З абломкам лодкi к берагу плыву. Прачнуўся. Дзень трывогаю прапах, I два радкi гаркотай на губах, — гэта Стральцоў-паэт... «Iдуць ужо халады, бяруцца прымаразкi — ападаюць iнеем сырыя туманы. Чарсцвее зямля, i цёмным, iльсняна халодным зяленiвам б’е ў вочы парадзелая пры дарозе трава. Ужо выпетрала зяблiва, пасiвела ў гародчыках i пазванчэла бадыллё, i панiшчымнела паветра. Неба ўдзень ужо нiжэй прыпадае, цiснецца да зямлi. Яшчэ выганяюць на пашу кароў — далей ад вёскi, у лес. Пад вечар жывёла не хоча вяртацца ў хлеў, цаляе адбiцца ў прапахлае бульбоўнiкам i сцюдзёным капусным водарам поле. I вечарамi, i ўранку марозлiва, хмельна, бы першаком, пахне ў наваколлi дымам. Такою парою ў вёсках свяжуюць вепрукоў...» — гэта зноў жа ён, Стральцоў, але — празаiк. «Час паклiкаў нашых паэтаў на адну агульную справу, i яны рабiлi яе, не замiнаючы адзiн аднаму, iдучы кожны сваёй дарогай i спяваючы кожны сваю, адметную ад усiх песню. Калi на адной рабоце сыходзяцца тры майстры, нiводзiн з iх не стане хадзiць падручным у другога: кожны стане рабiць тое, што яму блiжэй да душы. Неяк так натуральна ўзнiк у дадзеным выпадку i лiтаратурны «падзел працы», што вынiкала, зноў жа, з усведамлення агульнасцi задачы. I вось чаму Багдановiч без Купалы не здолеў бы стаць тым, кiм мы сёння ведаем яго, вось чаму палымянасць, iмпульсiўнасць Купалы «ўраўнаважвае» глыбакадумна-разважлiвая, спакойная плынь коласаўскай паэзii. Iдэал лiтаратуры ў паўнаце мастацкага адлюстравання жыцця. Нацыянальнае жыццё, маючы сваiмi выказнiкамi не аднаго, а трох выдатных паэтаў, дасягнула мастацкай паўнаты праз iх. У сэнсе ўласна лiтаратурным гэта быў найвялiкшы выйгрыш...» — такiм вось быў Стральцоў крытыкам... «Сплятайце свае вянкi. Не старайцеся адшчыкнуць хоць адзiн лiсток ад тых лаўраў: тыя лаўры, перш чым стаць iмi, былi цернямi...» Гэта — Стральцоў публiцыст-эсэiст... IV Дзесяткi (так-так, дзесяткi!) крытыкаў i даследчыкаў лiтаратуры, тысячы (а, можа, i дзесяткi тысяч!) чытачоў — сапраўдных аматараў прыгожага пiсьменства — даследавалi i асэнсоўвалi, чыталi i чытаюць, i будуць чытаць надалей яго вялiкiя, насамрэч таленавiтыя Творы. Бо не трэба быць спецыялiстам-лiтаратуразнаўцам, а проста трэба «ўмець» чытаць глыбокiя, пранiкнёныя сапраўднымi людскiмi пачуццямi i перажываннямi вершы i аповесцi, апавяданнi i эсэ, рэцэнзii i артыкулы Мiхася Стральцова. Якiя iменна — сказаць практычна немагчыма. Бо i ў раннiх ягоных творах — апавяданнях «Трыпцiх», «Перад дарогай», «На вакзале чакае аўтобус», «Сена на асфальце», «Свет Iванавiч, былы донжуан»; i ў наступных — аповесцi «Адзiн лапаць, адзiн чунь», апавяданнi «Смаленне вепрука», эсэ «Загадка Багдановiча», «Чалавек з Малой Багацькаўкi», артыкулах «На пачатку ўсiх пачаткаў», «Ад роднае зямлi», «Ад маладзiка да поўнi», зборнiках вершаў «Ядлоўцавы куст», «Цень ад вясла», «Мой свеце ясны» споведзi-развагi герояў, як былi, так i застаюцца (i надоўга яшчэ застануцца!) цi не самымi моцнымi i адметнымi сродкамi мастацкага асэнсавання чалавека як Асобы: нашага папярэднiка, сучаснiка, наступнiка... У творах Мiхася Стральцова мала падзей. Затое колькi ў iх думак i пачуццяў! Творца нiколi не павучаў чытача, не чытаў яму мараль: вуснамi герояў ён некалькiмi штрыхамi перадаваў iх роздумы, аналiзаваў сiтуацыi, маляваў унутраны стан, што, вядома ж, адчувалася i бачылася душой, сэрцам i вачыма самога Мiхася Лявонавiча. Анатоль МЯСНIКОЎ, кандыдат гiстарычных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядомаму майстру слова мiхасю стральцову 14 лютага споўнiлася б 70 гадоўi
|
|