Дзiцячая радасць у дарослай бiблiятэцы
Наталля ТАЛIВIНСКАЯ
Сёння, каб маладым мамам падрыхтавацца да сесii цi напiсаць дысертацыю, не трэба шукаць няню свайму дзiцяцi. Наглядаць за iм могуць у Нацыянальнай бiблiятэцы ў дзiцячым пакоi прафесiйныя педагогi i дзiцячы псiхолаг. Аб самiм «алмазе» ў прэсе гаварылася шмат, але, на жаль, аб тым, што ў iм ёсць дзiцячы пакой, ведаюць не ўсе.
У гэтым я упэўнiлася сама: падчас нашай размовы з педагогамi гэтага маленькага царства цацак зайшла жанчына i сказала: «Я ўжо даўно хаджу ў бiблiятэку i толькi сёння даведалася, што сюды можна прывесцi дзiця!» Узрадаваныя выхавальнiкi паказалi жанчыне амаль усё, чым можа заняцца яе малое, пакуль яна будзе працаваць з кнiгамi. Радасць педагогаў можна растлумачыць — дзяцей да iх прыводзяць мала, а iм хочацца, каб пакой не пуставаў. — Тут малое можа не толькi гуляць,— гаворыць педагог Наталля Шчэрбiй. — Калi трэба, мы нават вучэбны занятак правядзём: лiтары, лiчбы, цi што iншае падвучым. I гэта будзе прыемна для дзiцяцi, быццам бы гульня. I сапраўды, у пакоi ёсць не толькi шмат яскравага дыдактычнага матэрыялу, але i дзiцячы камп’ютар. Ён карыстаецца папулярнасцю ў больш дарослых дзетак. Малодшыя часцей забаўляюцца магнiтнай гульнёй «Рыбалка». Яны з захапленнем вохкаюць, калi вудачка прымагнiчвае прыгожую рыбку. Паводле назiранняў выхавальнiц, дзяўчынкi, якiя заставалiся ў гэтым пакоi часцей за ўсё, адразу накiроўваюцца да трохпавярховага дома куклы Барбi. Для актыўных дзетак ёсць шведская сценка, дзе яны ўволю змогуць палазiць. Калi ж у пакоi збiраецца некалькi хлопчыкаў i дзяўчынак, то лепшая для iх забава — па чарзе з’язджаць з горкi, а то i паравозiкам. Увогуле, усе цацкi i кнiгi з яскравымi малюнкамi, што ёсць у пакоi, не пералiчыш. Калi ж малое стамiлася, то яно можа адпачыць на спецыяльнай раскладнай канапе-матрацы i паглядзець па тэлевiзары мультфiльм. Дыскаў з мульцiкамi i дзiцячымi фiльмамi ў калекцыi пакоя шмат, таму малое хутчэй за ўсё адшукае свой любiмы. Канешне, паглядзець тэлевiзар можна толькi з дазволу бацькоў дзiцяцi. Кошт дзiцячай радасцi ў сукупнасцi з магчымасцю папрацаваць для мацi — 450 рублёў за трыццаць хвiлiн. Максiмальны час, за якi бяруць перадаплату — паўтары гадзiны. Калi ёсць патрэба працягнуць працу ў бiблiятэцы, бацькi могуць прыйсцi ў дзiцячы пакой i прадоўжыць паслугу. Гэта не адзiнае абавязковае правiла. Не бяруць пад нагляд дзетак з iнфекцыйнымi i псiхiчнымi захворваннямi. Прымаюць малых ва ўзросце ад трох да сямi гадоў. — Мы робiм i выключэннi з правiлаў, — гаворыць педагог Алена Бярэзiна. — Калi, напрыклад, малому не хапае пару месяцаў да трох гадоў, але ён сам вельмi жадае застацца ў пакоi, мы гэта дазваляем. Часцей за ўсё, гэта дзеткi, якiя ўжо наведваюць дзiцячы садок. Як i ў садку, тут ёсць санiтарны вузел i для кожнага малога — асобная шафа. Каб бацькi змаглi скарыстацца паслугамi дзiцячага пакоя, трэба мець чытацкi бiлет бiблiятэкi. — Калi да нас прыводзяць дзетак,— гаворыць Наталля Шчэрбiй, — мы просiм бацькоў расказаць пра асаблiвасцi дзiцяцi, каб нам лягчэй было з iм знайсцi кантакт. Да таго ж, нярэдка бацькам хочацца проста пагаварыць аб сваiм маленькiм чалавечку, параiцца наконт метадаў яго выхавання. Мы заўсёды рады дапамагчы i можам нават правесцi прафесiйную кансультацыю.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння, каб маладым мамам падрыхтавацца да сесii цi напiсаць дысертацыю, не трэба шукаць няню свайму дзiцяцi. Наглядаць за iм могуць у Нацыянальнай бiб
|
|