Пустая кiшэня не да твару ўладзе
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
МЯСЦОВЫ ЧАС Шчыра кажучы, у гэту слынную на ўсю краiну гаспадарку я прыехаў каб пераняць вопыт. Тут у многiм дзякуючы шматгадоваму i цеснаму ўзаемадзеянню адмiнiстрацыi прадпрыемства i мясцовай улады ўдалося шмат зрабiць для паляпшэння дабрабыту людзей, асаблiва ў сацыяльнай сферы.У прыёмнай кiраўнiка сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Агракамбiнат «Сноў» Нясвiжскага раёна Мiкалая Радамана сустрэў старшыню Сноўскага сельсавета Галiну Паляк. Аказалася, што нас цiкавiць практычна адно i тое ж пытанне. Галiна Iосiфаўна прыйшла даведацца з першых вуснаў аб вынiках першай сесii абласнога Савета дэпутатаў новага склiкання, на якой Мiкалай Радаман упершыню прысутнiчаў у якасцi дэпутата. А мяне цiкавiла, як ён збiраецца на практыцы садзейнiчаць павышэнню ролi органаў мясцовай улады. Бо Радаман — адразу дэпутат трох Саветаў: мясцовага Сноўскага, Нясвiжскага раённага i Мiнскага абласнога. Размова на гэту тэму атрымалася адкрытай i шчырай. Яе лейтматыў— зроблена шмат, але хочацца зрабiць яшчэ больш. Умовы i магчымасцi для гэтага ёсць. I самае галоўнае — на тэрыторыi сельсавета знаходзiцца адзiн з самых высокарэнтабельных агракамбiнатаў краiны. Сёння не многiя гаспадаркi Беларусi могуць пахвалiцца падобнымi здабыткамi ў эканомiцы i сацыяльнай сферы. Вёска Сноў — цэнтральная сядзiба агракамбiната — уражвае сваёй прыгажосцю i добраўпарадкаваннем. Яе жыхарам можна па-добраму пазайздросцiць. Большасць iх жыве ў дамах з гарадскiмi выгодамi. Мiкалая Вячаслававiча хвалюе праблематыка павышэння эфектыўнасцi работы сельскiх Саветаў. Нават пры значных фiнансавых магчымасцях СВК «Агракамбiнат «Сноў» яго кiраўнiцтву ўсё больш складана выдаткоўваць значныя сродкi на падтрымку сацыяльнай сферы, пастаянна, так бы мовiць, iсцi насустрач прапановам i просьбам сельвыканкама. Таму, на думку Радамана, трэба больш рашуча пераразмяркоўваць бюджэтныя сродкi на карысць органаў мясцовай улады. Зразумела, пры самым жорсткiм кантролi за iх расходам. Бо пастаянны дэфiцыт сродкаў сельскага Савета не спрыяе росту яго аўтарытэту. Часам, наадварот, прынiжае яго. Бо сельскi Савет павiнен займацца не толькi рэгiстрацыяй шлюбаў i выдачай розных даведак. Прычым паперу для гэтага супрацоўнiкi сельвыканкама часта просяць у адмiнiстрацыi камбiната цi набываюць за свае грошы. — Вось i атрымлiваецца, што старшыня сельскага Савета Галiна Паляк пераклала на мяне свае функцыi, — сумна жартуе Мiкалай Вячаслававiч. Галiна Iосiфаўна пагаджаецца: у прынцыпе, так... Нагода звяртацца ў адмiнiстрацыю камбiната ў старшынi Савета ўзнiкае амаль цi штодзень. Скажам, не за гарамi 9 Мая. Ветэранаў вайны па традыцыi будуць вiншаваць, пастараюцца аказаць матэрыяльную падтрымку. Вядома, без удзелу кiраўнiка «Снова» гэта будзе немагчымым... Нядаўна памёр адзiн ветэран вайны, а грошай на вянок у сельвыканкама няма. I адзiнае, што можа яго старшыня, дык гэта шчыра паспачуваць сям’i нябожчыка. Паводле слоў Галiны Паляк, старшынi, выдаткоўваемых сельсавету сродкаў не хапае нават на самыя першачарговыя патрэбы. Невядома, колькi б часу прастаяў «на прыколе» службовы аўтамабiль Савета, калi б не падтрымка дырэктара агракамбiната. Мiкалай Вячаслававiч дапамог з рамонтам. Бензiну (70 лiтраў штомесяц) таксама катастрафiчна не хапае, бо ў той жа Нясвiж рэгулярна выклiкаюць на нарады. А колькi разоў на тыдзень узiнакае нагода аператыўна наведаць тую цi iншую вёску... Але сельвыканкам — не адзiны аб’ект спонсарства камбiната. На свае не менш важныя справы просяць грошы школа i дзiцячы садок. I як не падтрымаць Дом культуры, школу мастацтваў, сваю футбольную каманду? А спартыўныя збудаваннi, сярод якiх усё большай папулярнасцю карыстаецца зiмовы басейн? Без iх жыхары Снова i блiжэйшых вёсак сваё жыццё ўжо не ўяўляюць. Не сакрэт, што вясковае насельнiцтва няўхiльна старэе. Сярод адзiнокiх старых на тэрыторыi Савета жыве нямала тых, хто раней не працаваў у калгасе. — Хто, як не мы, дапаможам iм адрамантаваць дах, аднавiць i пафарбаваць агароджу, дровы прывезцi i г. д.? Надзея ў людзей у першую чаргу на мясцовую ўладу. А ў той пустая кiшэня. Як напоўнiць яе? — пытаецца кiраўнiк камбiната. I Радаман, i Паляк аднадушныя ў тым, што варта было б пайсцi на радыкальны крок i частку падаткаў прадпрыемстваў, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Савета, пакiдаць на яго патрэбы. Так, па вынiках мiнулага года «Сноў» заплацiў амаль 11 млрд рублёў розных падаткаў. Дык чаму, напрыклад, 10 працэнтаў ад гэтай сумы не аддаць выканкаму сельсавета? Ён меў бы свой бюджэт i быў бы хоць бы часткова незалежны ад мясцовых прадпрыемстваў. У Мiкалая Вячаслававiча свой погляд i на штатны расклад выканкамаў сельскiх Саветаў. Ён павiнен напрамую залежыць ад умоў працы i колькасцi насельнiцтва на падведамаснай тэрыторыi. Штат Сноўскага сельвыканкама невялiкi: старшыня, сакратар, касiр i бухгалтар на паўстаўкi. А на тэрыторыi сельсавета, мiж iншым, жыве каля пяцi тысяч чалавек, летась да яго далучылi яшчэ дзве вёскi: Кляпачы i Панюцiчы. Цяпер iх ужо 15. Вёскi памiж сабой моцна адрознiваюцца. Сноў, дзе жыве больш за 2600 чалавек, ужо даўно ператварылася ў сучасны населены пункт з водаправодам, газам, Домам быту, сучаснай гандлёвай сеткай, у тым лiку фiрменнымi агракамбiнатаўскiмi магазiнамi з заўсёды свежымi i смачнымi прадуктамi, гасцiнiцай, лазнева-пральным камбiнатам i г. д. Сноў — вёска прыгожая. А прыгажосць таксама грошай каштуе. Напрыклад, кветкi, якiя так ажыўляюць сноўскiя вулiцы. Летась за кветкi заплцiў камбiнат. Расаду некалькi дзён высаджвалi супрацоўнiкi сельвыканкама. А вось цi заплацiць камбiнат за кветкi сёлета — невядома. Разам з тым у раёне, ды i ў вобласцi, шмат сельсаветаў, дзе насельнiцтва ў некалькi разоў менш, чым у Снове. Аб’ектыўна i работы там значна менш. А штатны расклад выканкамаў такi ж. Сёння адчувальным, гаворыць Галiна Iосiфаўна, становiцца адсутнасць у штаце юрыста. Бо людзi ўсё больш прыходзяць з просьбамi i пытаннямi, на якiя цяжка адказаць без ведання законаў. Часткова праблему вырашае прыезд двойчы на тыдзень натарыуса з Гарадзеi, раз у месяц адваката. Яшчэ лiчыць старшыня, у вялiкiх сельсаветах трэба ўвесцi дадатковую адзiнку спецыялiста, якi б вёў прыём наведвальнiкаў. Вырашаць шматлiкiя дробныя пытаннi дапамагае i той факт, што на апошнiх выбарах у склад мясцовага Савета былi вылучаны галоўныя спецыялiсты агракамбiната, iншых прадпрыемстваў. Яны — людзi адказныя, а таму не адмаўляюць роднаму сельсавету ў садзейнiчаннi. Галiна Iосiфаўна ўспамiнае, шэсць гадоў таму, калi яе ўпершыню выбралi на пасаду старшынi сельскага Савета, фiнансавая сiтуацыя была значна лепшай, бо ў бюджэт выканкама часткова iшлi сродкi ад падаткаў прадпрыемстваў, а таксама за выкарыстанне зямлi, нерухомасць, адмiнiстрацыйныя спагнаннi. Потым гэта крынiца моцна абмялела. Летась з сабраных 1,5 мiльёна рублёў штрафаў выканкам нiчога не атрымаў, а гэтых грошай якраз хапiла б на аплату паслуг касцоў. Летась Савету пашанцавала: заняў другое месца ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванню i атрымаў у якасцi ўзнагароды 50 млн рублёў. Iх хапiла, каб заасфальтаваць адну вулiцу ў Снове — iмя Мiхаiла Карчмiта, былога кiраўнiка камбiната, Героя Беларусi. Прычым, праект работ зноў жа аплацiла прадпрыемства. Зразумела, дабрабыт жыхароў Сноўскага сельсавета ў многiм залежыць ад вынiкаў эканамiчнай дзейнасцi аднайменнага агракамбiната. А яны трывалыя i вылучаюцца зайздроснай рэнтабельнасцю. Крыху сапсавала вытворчыя планы мiнулае лета, але недабор збожжа «закрылi» за кошт добрага ўраджаю кукурузы. Праўда, людзей вельмi хвалюе пытанне аб тым, як адаб’ецца на эканомiцы гаспадаркi сёлетнi рэзкi рост цэн на энерганосьбiты. Прыйдзецца прыстасоўвацца да новых умоў i вытворчым калектывам, i органам мясцовай улады.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шчыра кажучы, у гэту слынную на ўсю краiну гаспадарку я прыехаў каб пераняць вопыт. Тут у многiм дзякуючы шматгадоваму i цеснаму ўзаемадзеянню адмiнiс |
|