Новы кодэкс аб зямлi плануецца прыняць вясной
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
На веснавой сесii Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi плануе прыняць у другiм чытаннi праект Кодэкса аб зямлi. Якiя палажэннi ўтрымлiвае кодэкс?
Як вядома, сёння iснуе пяць тыпаў правоў на зямлю: уласнасцi, пажыццёва спадчыннага валодання, пастаяннага карыстання, часовага карыстання i арэнды. Замест гэтага плануецца пераход да двух асноўных тыпаў правоў — уласнасцi i арэнды. Як лiчыць старшыня камiсii Палаты прадстаўнiкоў па аграрных пытаннях Мiхаiл Русы, такi пераход адбываецца ў мэтах лiквiдацыi схаванага зямельнага рынку, уцягнення зямельных участкаў i правоў на iх у грамадзянскi абарот. Пры гэтым у пастаяннае карыстанне зямельныя ўчасткi будуць прадастаўляцца толькi для будаўнiцтва i абслугоўвання аб’ектаў нерухомай маёмасцi, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасцi, юрыдычным асобам для вядзення сельскай гаспадаркi, жыллёва-будаўнiчым кааператывам i таварыствам уласнiкаў. У мэтах абароны правоў грамадзян Беларусi права пажыццёва спадчыннага валодання зямельным участкам, якое было прадастаўлена да прыняцця праекта кодэкса, захаваецца. Пасля ж прыняцця дакумента на гэтым праве зямельныя ўчасткi будуць прадастаўляцца грамадзянам Беларусi, якiя пражываюць у сельскiх населеных пунктах, пасёлках гарадскога тыпу для будаўнiцтва i абслугоўвання жылога дома, абслугоўвання зарэгiстраванай кватэры ў блочным жылым доме, вядзення асабiстай падсобнай гаспадаркi; у выпадку атрымання ў спадчыну зямельнага ўчастка, якi раней прадастаўляўся спадчынадаўцу ў пажыццёва спадчыннае валоданне; для абслугоўвання перададзеных па спадчыне або падораных блiзкiмi роднымi жылога дома, зарэгiстраванай кватэры ў блочным жылым доме, дачы, садовага домiка, што размешчаны на зямельных участках, раней прадастаўленых у пажыццёва спадчыннае валоданне; для вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркi. У адпаведнасцi з Кодэксам аб зямлi, якi дзейнiчае зараз, мiнiмальны тэрмiн арэнды зямельных участкаў для вядзення сельскай гаспадаркi складае пяць гадоў. Новы кодэкс павышае гэты мiнiмальны тэрмiн да 10 гадоў. Паводле слоў М. Русага, гэта норма ўзмацняе гарантыi абароны правоў арандатара. Тэрмiн жа арэнды зямельных участкаў, якiя знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасцi i прадастаўляюцца для мэтаў, звязаных з будаўнiцтвам i абслугоўваннем капiтальных будынкаў, павiнен быць не меншым за нарматыўны тэрмiн эксплуатацыi гэтых капiтальных будынкаў. Пры арэндзе зямельных участкаў будзе спаганяцца плата за права заключэння дагавора арэнды. Без спагнання платы за права заключэння дагавораў арэнды будуць прадастаўляцца зямельныя ўчасткi дзяржаўным органам i iншым дзяржаўным арганiзацыям; юрыдычным асобам для будаўнiцтва i абслугоўвання аб’ектаў нерухомай маёмасцi, што знаходзяцца ва ўласнасцi дзяржавы; сельскагаспадарчым арганiзацыям, у тым лiку сялянскiм (фермерскiм) гаспадаркам, iншым юрыдычным асобам для вядзення сельскай гаспадаркi i iнш. Праект Кодэкса аб зямлi прадугледжвае магчымасць, а ў шэрагу выпадкаў i неабходнасць правядзення аўкцыёнаў па продажу зямельных участкаў у прыватную ўласнасць грамадзянам Беларусi для iндывiдуальнага жыллёвага будаўнiцтва. Таксама аўкцыёны будуць праводзiцца на права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў. Новы кодэкс прадугледжвае магчымасць прадастаўлення зямельных участкаў для абслугоўвання кожнай кватэры ў блочным жылым доме. Справа ў тым, што дзеючы кодэкс прадугледжвае магчымасць прадастаўлення зямельных участкаў толькi для будаўнiцтва i абслугоўвання жылых дамоў. Таму, калi жылы дом з’яўляецца блочным, а кватэры, размешчаныя ў iм, належаць розным асобам, зямельныя ўчасткi для iх абслугоўвання прадастаўляюцца толькi на агульным долявым праве. У сувязi з гэтым многiя грамадзяне, якiя маюць зарэгiстраваныя кватэры ў такiх дамах, сутыкаюцца з праблемай афармлення правоў на займаемыя iмi зямельныя ўчасткi з-за таго, што некаторыя з уласнiкаў жылога дома адмаўлялiся звяртацца за атрыманнем дакументаў, што пацвярджаюць права на долю зямельнага ўчастка. Узнiкаюць у грамадзян i праблемы з афармленнем па спадчыне правоў на зямельныя ўчасткi, калi адзiн са спадчыннiкаў не жадаў атрымлiваць дакумент на зямельны ўчастак. Таму, каб пазбегнуць такiх выпадкаў, праект кодэкса ўстанаўлiвае 18-месячны тэрмiн з дня адкрыцця спадчыны для звароту ў адпаведныя арганiзацыi па афармленне правоў на зямельныя ўчасткi. Праект Кодэкса аб зямлi дазваляе атрымлiваць у спадчыну зямельныя ўчасткi, якiя прадастаўлены ў прыватную ўласнасць або пажыццёва спадчыннае валоданне, адначасова грамадзянамi Беларусi i замежнымi грамадзянамi. Гэта будзе адзiнай падставай для атрымання ў Беларусi зямельных участкаў ва ўласнасць, пажыццёва спадчыннае валоданне замежнымi грамадзянамi i асобамi без грамадзянства. Гэтыя асобы змогуць перадаваць такiя ўчасткi па спадчыне, аднак адчуджаць iх будзе магчыма толькi грамадзянам Беларусi або мясцовым выканаўчым i распарадчым органам. Дзеючы Кодэкс аб зямлi прадугледжвае прадастаўленне грамадзянам Беларусi зямельных участкаў у прыватную ўласнасць па нарматыўнаму кошту. У новым праекце кодэкса, для больш аб’ектыўнага ўлiку якасцi зямельных участкаў, — па кадастраваму кошту. Пры гэтым захаваецца магчымасць набыцця грамадзянамi, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, зямельных участкаў у прыватную ўласнасць па льготнай цане. Адначасова вяртаецца страчанае грамадзянамi з 2000 года права набыцця зямельных участкаў па льготнай цане, калi зямельныя ўчасткi былi прадастаўлены iм да 16 чэрвеня 1993 года.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На веснавой сесii Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi плануе прыняць у другiм чытаннi праект Кодэкса аб зямлi. Якiя палажэннi ўтрымлiвае |
|