Уладзiмiр ПIЛIПЕНКА: «У масавую вытворчасць энергазберагальныя тэхналогii НИПТИСа можна ўкаранiць т
У сярэдзiне 90-х гадоў мiнулага стагоддзя будаўнiчая галiна нашай рэспублiкi перажывала крызiс. Значна скарацiлiся аб’ёмы будаўнiчай вытворчасцi. Калi ў савецкi час гэты паказчык мог дасягаць 6 млн квадратных метраў у год, то ў 94-м, 95-м ён не перавышаў 1,5—1,6 млн. Не было сродкаў у дзяржавы, не было iх i ў самiх грамадзян. Каб неяк выжыць, будаўнiчым арганiзацыям даводзiлася шукаць заказы за мяжой.
З выхадам жыллёвай праграмы Прэзiдэнта будаўнiчая галiна паступова пачала аднаўляцца. I адразу ўвагу да сябе прыцягнулi дамы БПД (буйнапанэльнага домабудавання), якiя да перабудовы складалi 50 працэнтаў у агульным аб’ёме ўсяго ўзводзiмага на тэрыторыi рэспублiкi жылля. СКЕПСIС НЕ АПРАЎДАЎСЯ — Вельмi папулярным у сярэдзiне 90-х было меркаванне аб неперспектыўнасцi зборнага жылля, яго маральнай састарэласцi i неканкурэнтаздольнасцi, — расказвае дырэктар УП «Iнстытут НИПТИС» Уладзiмiр Пiлiпенка. — Асноўным недахопам зборных дамоў была жорсткая планiровачная структура, якая не дазваляла ўзводзiць жыллё пад заказ. Шмат прэтэнзiй выклiкалi i няякасныя стыкi панэляў, якiя часта працякалi. Заўвагi былi цалкам абгрунтаванымi. У тыя часы ў аднойчы распрацаваную серыю дамоў БПД не ўносiлi нiякiх мадэрнiзацый i дзесяцiгоддзямi «штампавалi» адно i тое ж. А невысокая якасць узводзiмых дамоў (у тым лiку i дрэнныя стыкi панэляў) тлумачылася зношанасцю абсталявання. Улiчыўшы недахопы зборнага жылля, кiраўнiцтва галiны нават разглядала пытанне закрыцця домабудаўнiчых камбiнатаў (ДБК) i пераходу на маналiтнае i каркаснае будаўнiцтва. Аднак пры ўсiх сваiх вiдавочных недахопах зборнае домабудаванне ўсё ж такi мела i шэраг пераваг. У прыватнасцi, больш хуткiя тэмпы ўзвядзення i — вельмi важны момант — значна меншы сабекошт. Рознiца дасягала 30 працэнтаў у параўнаннi з маналiтным, каркасным i цагельным жыллём. У рэшце рэшт вырашылi ад БПД не адмаўляцца, а правесцi яго мадэрнiзацыю. Што i было зроблена, у тым лiку i супрацоўнiкамi НИПТИСа. Зараз доля дамоў БПД у агульным аб’ёме жыллёвага будаўнiцтва складае 21 працэнт. Прыкладна столькi ж — сельскае жыллё (узвядзенне жылля ў сельскай мясцовасцi), астатнiя працэнты падзялiлi памiж сабой «маналiт» i «каркас». Сённяшнiя дамы БПД значна адрознiваюцца ад сваiх савецкiх прататыпаў. Якасць аздаблення ў iх зусiм на iншым узроўнi, а галоўнае — забяспечана гiбкасць аб’ёмна-планiровачных рашэнняў. Гэта стала магчымым пры ўвядзеннi замест унутраных нясучых сцен унутранага каркаса. Прыкладам можа служыць вельмi папулярная зараз серыя 464-М, якую ўзводзiць сталiчнае прадпрыемства МАПIД па праекту iнстытута «Мiнскпраект». Серыя забяспечвае будаўнiцтва кватэр пад заказ, дае магчымасць змяняць па жаданню клiента габарытныя памеры кухнi, залы, спальнi i г.д. Пры гэтым захоўваюцца высокiя тэмпы ўзвядзення жылля, характэрныя для КПД, i адносна нiзкiя цэны. — Нягледзячы на яўны скепсiс у адносiнах да зборнага жылля, якi панаваў у 90-х гадах, мы i яшчэ некалькi iнстытутаў не спынялi свае работы па ўдасканаленню канструктыўных сiстэм БПД, — працягвае Уладзiмiр Мiтрафанавiч. — Менавiта мадэрнiзаваныя канструктыўныя сiстэмы дазволiлi выпусцiць 464-ю серыю (распрацоўка «Мiнскпраекта»). НИПТИС мадэрнiзаваў серыю для Наваполацкага ДБК. Такiм чынам, заявы аб неперспектыўнасцi i неканкурэнтаздольнасцi зборнага жылля, агучаныя ў 90-х, былi адхiлены часам i практыкай. БУДУЧЫНЯ КАМБIНАТАЎ Для ўзвядзення якаснага жылля неабходна якаснае абсталяванне. У краiне сёння налiчваецца 14 домабудаўнiчых камбiнатаў (ДБК) — 8 падпарадкоўваюцца Мiнiстэрству архiтэктуры i будаўнiцтва, астатнiя знаходзяцца ў камунальнай уласнасцi аблвыканкамаў. Аднак незалежна ад гэтага становiшча на ўсiх 14 камбiнатах аднолькава сумнае. Эксплуатуюцца камбiнаты па 40—50 гадоў. Прымяняльныя тэхналогii былi распрацаваныя ў 60-х гадах мiнулага стагоддзя. Знос абсталявання складае 86—100 працэнтаў. Адсюль — дрэнныя стыкi панэляў, вялiкiя страты цяпла падчас эксплуатацыi, нiзкая якасць будаўнiцтва ўвогуле. Акрамя таго, усе 14 ДБК выпускаюць канструктыўныя сiстэмы жорсткай структуры. Пад заказ узводзiць кватэры нельга. — Апошнiя распрацоўкi пераканаўча даказалi, што дамы БПД могуць сёння быць канкурэнтаздольнымi, — гаворыць дырэктар. — Засталося вырашыць, што ж рабiць з домабудаўнiчымi камбiнатамi. Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва паставiла перад нашым iнстытутам задачу знайсцi адказ на гэтае пытанне. Мы вывучылi вопыт заходнееўрапейскiх краiн i высветлiлi, што тэхналогiя зборнага домабудавання актыўна развiваецца ў Германii, Швецыi, Фiнляндыi, Iспанii, Iталii. Пакуль мы эксплуатавалi састарэлыя тэхналогii, заходнiя спецыялiсты значна прасунулiся наперад. У прыватнасцi распрацавалi гiбкiя тэхналогii, якiя дазваляюць пераналаджваць абсталяванне пад тыя канструктыўныя сiстэмы, якiя на дадзены момант iм патрэбны. Мы ўсё яшчэ выкарыстоўваем тэхналогii, якiя даюць магчымасць выпускаць толькi аднойчы распрацаваную канструктыўную сiстэму, адступiць хоць на крок ад якой ужо немагчыма з-за жорсткай формы. Арыфметыка простая: адна форма — адзiн вiд вырабаў. З гэтай прычыны на кожным нашым заводзе колькасць формаў дасягае 4,5 тысячы тон. Гэта вельмi высокая металаёмiстасць. На заходнiх прадпрыемствах гэты паказчык значна меншы. Гiбкасць тэхналогiй дазваляе на адным паддоне фармаваць розныя вiды вырабаў. Увесь працэс там цалкам аўтаматызаваны, кiруецца камп’ютарам. Пры гэтым значна скарачаюцца страты цеплавой энергii i энергаёмiстасць. Прымяняюцца i хiмiчныя дабаўкi, якiя дазваляюць палепшыць якасць бетону. Увогуле на такiм абсталяваннi можна вырабляць элементы не толькi для жыллёвага будаўнiцтва, але i для ўзвядзення будынкаў сацыяльна-культурнага прызначэння, i вытворчых памяшканняў. Каб вывесцi домабудаўнiчыя камбiнаты са складанага становiшча, Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва прыняло праграму iх мадэрнiзацыi, якая прадугледжвае ў 2007—2008 гадах правядзенне карэннай мадэрнiзацыi ўсiх падначаленых яму заводаў ДБК. Работы плануецца праводзiць па двух накiрунках: мадэрнiзацыя канструктыўна-тэхналагiчных сiстэм па кожнаму з ДБК i рэканструкцыя самiх ДБК (замена тэхналагiчнага абсталявання з арыентацыяй на перадавыя заходнiя тэхналогii). — У мiнулым годзе мы даследавалi 8 ДБК, падначаленых мiнiстэрству, — тлумачыць Уладзiмiр Мiтрафанавiч. — Па кожнаму падрыхтавалi аванпраекты з указаннем тэхнiчных i тэхналагiчных параметраў абсталявання, якое неабходна ўстанавiць для выпуску прадукцыi пад пэўную магутнасць; распрацавалi бiзнэс-планы. Ужо гатова адпаведная дакументацыя для правядзення тэндэраў на пастаўку абсталявання. Прычым мiнiстэрствам была пастаўлена задача — пры пастаўцы абсталявання забяспечыць умовы прыцягнення айчынных машынабудаўнiчых прадпрыемстваў для вырабу асобных элементаў. Сёння на практыцы прымяняюцца чатыры канструктыўна-тэхналагiчныя сiстэмы пабудоў, якiя выпускаюць заводы ДБК, падначаленыя мiнiстэрству: — 90-я серыя з рознымi мадэрнiзацыямi (выпускаецца ў Наваполацку, Барысаве, Бабруйску, Магiлёве, Мiнску); — 108-я серыя (выпускаецца Вiцебскiм ДБК); — 152-я серыя (Гомельскi ДБК); — серыя Салiгорскага i Светлагорскага камбiнатаў. Адпаведна па чатырох накiрунках праводзiцца i мадэрнiзацыя канструктыўных сiстэм будынкаў: для 90-й серыi плануецца ўвядзенне ўнутранага каркаса; для 108-й серыi разглядаюцца два варыянты (унутраны каркас i прымяненне плiт пустотнага насцiлу); для светлагорска-салiгорскай серыi прадугледжаны зборны каркас з навяснымi панэлямi; 152-я серыя будзе мадэрнiзавана. Усе новыя варыянты серый прадугледжваюць паляпшэнне сваiх цеплатэхнiчных характарыстык. У акрэсленым накiрунку зараз i працуе НИПТИС. ЗМЯНIЦЬ ПСIХАЛОГIЮ Iснуе i другi блок задач, пастаўленых перад iнстытутам i звязаных непасрэдна з пераўзбраеннем i рэканструкцыяй самiх прадпрыемстваў ДБК, — удасканаленне тэхналогiй вытворчасцi. Тут таксама маецца некалькi варыянтаў, звязаных з тымi канструктыўна-тэхналагiчнымi сiстэмамi будынкаў, якiя выпускаюць камбiнаты. Па першаму варыянту праводзiцца абмежаваная мадэрнiзацыя прадпрыемства з мэтай аднаўлення тэхналагiчнага абсталявання i нарошчвання магутнасцяў па выпуску асвоеных раней канструктыўна-тэхналагiчных сiстэм жылых будынкаў. Гэта менш затратны варыянт прымяняльна да дзеючай вытворчасцi. Па другому варыянту заводы БПД перапрафiлююцца на выпуск шырокакорпусных жылых дамоў з гiбкай планiроўкай кватэр па змешанай каркасна-сценавой канструктыўнай сiстэме. Асноўнымi вертыкальнымi нясучымi элементамi з’яўляюцца калоны, вонкавыя сценавыя панэлi, панэлi ўнутраных сцен, якiя ўтвараюць лесвiчны цi лесвiчна-лiфтавы вузел. Гарызантальныя нясучыя элементы — плоскiя суцэльныя плiты перакрыццяў БПД, якiя абапiраюцца на панэлi вонкавых сцен i на аднапавярховыя калоны ў сярэдзiне будынка. У новай канструктыўнай сiстэме вырашаюцца i пытаннi энергазберажэння. Толькi павелiчэнне шырынi корпуса да 15—16 метраў знiжае ўдзельны расход цяпла да 25 працэнтаў пры аднолькавых цеплатэхнiчных паказчыках абмежавальных канструкцый, што дазваляе паменшыць сабекошт 1 квадратнага метра на 10—15 працэнтаў. Трэцi варыянт найбольш радыкальны. Ён прадугледжвае асваенне каркаснай канструктыўна-тэхналагiчнай сiстэмы, што патрабуе большай ступенi пераабсталявання заводаў БПД. У гэтым выпадку неабходны пераход на канвеерныя цi паўканвеерныя лiнii вытворчасцi плiт перакрыццяў, калон, аблегчаных канструкцый вонкавых сцен. Чацвёрты варыянт прадугледжвае арганiзацыю будаўнiцтва шырокакорпусных жылых дамоў да 9 паверхаў па спрошчанай гiбкай канструктыўна-тэхналагiчнай сiстэме. Канструкцыя жылога дома рашаецца па сiстэме буйнапанэльных будынкаў з нясучымi ўнутранымi папярочнымi i падоўжнымi сценамi са зборных жалезабетонных панэляў i перакрыццямi са шматпустотных плiт. Работы па абодвух накiрунках мадэрнiзацыi праводзяцца НИПТИСам паралельна, пад пiльным кантролем мiнiстра. — Неабходна яшчэ змянiць i псiхалогiю самiх работнiкаў домабудаўнiчых камбiнатаў, — адзначае Уладзiмiр Мiтрафанавiч. — Пераарыентаваць яе на ўспрыманне сучасных тэхналогiй (што не заўсёды атрымлiваецца хутка). Людзi прывыклi працаваць па старых звычаях, пра многiя навiнкi яны нават не чулi. Таму разам з работамi па праектаванню мы праводзiм прафесiйны лiкбез персаналу ДБК. Арганiзуем выезды на перадавыя прадпрыемствы Швецыi, Фiнляндыi, Iталii. Станоўчыя вынiкi ўжо адчувальныя. Нашы спецыялiсты ўбачылi, як можна наладзiць вытворчы працэс, i захацелi ўкаранiць такое i ў сябе. ПЛЮС ЭКАНОМIЯ ЦЯПЛА Яшчэ ў 2004 годзе нарматывы страт цеплавой энергii жылога дома ў нас i на Захадзе былi прыблiзна аднолькавымi. Але з прыняццем Дырэктывы 2002/01 у заходнiх краiнах гэты паказчык быў зменшаны на 30 працэнтаў. Патрабаваннi да эканомii энергii ўзраслi. Пытанне змянення нарматываў страт цеплавой энергii будынка разглядаецца i ў нас. НИПТИС ужо распрацаваў канкрэтны варыянт цёплага дома БПД, дзе задача эканомii энергii вырашана ў комплексе. Там прадугледжана сiстэма прымусовай вентыляцыi, цёплая сталярка, шматслойнае ўцяпленне сцен з дадатковым уцяпленнем тарцовых кватэр першага i апошняга паверхаў. Эксперыментальны дом ужо будуецца ў раёне Каменнай Горкi. Плануецца, што энергазатраты пры яго эксплуатацыi будуць меншымi ўтрая ў параўнаннi з iншымi дамамi БПД. — На прыкладзе гэтага дома мы хочам прадэманстраваць у дзеяннi свае новыя энергазберагальныя тэхналогii, — адзначыў у завяршэннi размовы Уладзiмiр Пiлiпенка, — але ў масавую вытворчасць iх можна будзе ўкаранiць толькi пасля мадэрнiзацыi заводаў ДБК. Iнга МIНДАЛЁВА, Веранiка ХIЛЬКЕВIЧ. Фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сярэдзiне 90-х гадоў мiнулага стагоддзя будаўнiчая галiна нашай рэспублiкi перажывала крызiс. Значна скарацiлiся аб’ёмы будаўнiчай вытворчасцi. Калi
|
|