Iльготы пачакаюць...
Iгар ШЧУЧЭНКА
Правам на падатковыя льготы можна скарыстацца пасля 1 сакавiка
(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 24 і 27 лютага.) На пытанні адказвае начальнiк упраўлення падаткаабкладання грамадзян, дэкларавання даходаў i маёмасцi Мiнiстэрства па падатках i зборах Марына ГРЫГАРЧУК. — Ёсць такая з’ява — зарплата ў «канвертах». Як вы прапаноўваеце з ёй змагацца? — Тэма сур’ёзная. Калi чалавек трацiць больш, чым афiцыйна атрымлiвае, то гэта таксама адзiн з прыкладаў атрымання грошай у «канвертах». Тут мы вядзём дастаткова шырокую працу i тлумачым людзям, што так рабiць нельга. I не толькi таму, што гэта дрэнна, а таксама i таму, што гэта мае для самога чалавека вельмi негатыўныя наступствы — i сёння, i ў будучым. Адно з iх — ён не зможа пацвердзiць свае даходы i не зможа легальна набыць неабходную маёмасць. Акрамя таго, узнiкаюць i iншыя праблемы. Я ўжо не кажу аб такой адтэрмiнаванай выгадзе, як пенсiя, магчыма, моладзь сёння гэтым не зацiкавiш. Але мы ўсе павiнны разумець, што гэта жыццё, што ў чалавека ў любы момант можа ўзнiкнуць неабходнасць у нейкай сацыяльнай падтрымцы дзяржавы. Калi ў чалавека афiцыйная зарплата 200 тысяч рублёў, то ў выпадку, не дай Божа, напрыклад, нейкай хваробы, ён элементарна не зможа сябе ўтрымлiваць, лекi купiць на тую пенсiю, якую ён зарабiў паводле афiцыйных дакументаў. Наогул, зарплата ў «канвертах» — гэта вялiкi комплекс праблем. — Вышэй вы казалi пра тое, што робiцца выбарачная праверка грамадзян на прадмет расходаў i даходаў. Гэта значыць, любы чалавек можа стаць аб’ектам праверкi? — Вельмi распаўсюджана меркаванне, што калi iнспектару чыесьцi вочы не спадабалiся, то ён можа беспадстаўна пачаць праверку чалавека. Гэта, канешне, не так. Для таго, каб пачаць праверку, прад’явiць патрабаванне на падачу дэкларацыi, неабходна, безумоўна, абгрунтаваць свайму кiраўнiку наступнае: чаму гэтага чалавека трэба правяраць. I перш, чым пачаць праверку, робiцца папярэдняе супастаўленне даходаў i расходаў. Калi падатковыя органы не валодаюць, напрыклад, iнфармацыяй аб расходах, цi ёсць iнфармацыя аб расходах i даходах, i апошнiя адпавядаюць адзiн аднаму, то нiколi ў чалавека не будуць патрабаваць дэкларацыю. I нiхто такiм правам не злоўжывае. — Калi чалавек афiцыйна працуе ў Расii i там плацiць падаткi, цi трэба ў Беларусi падаваць дэкларацыю, i якая сума будзе абкладацца падаткамi? — Цяжка адказаць адназначна, таму што я не ведаю, дзе чалавек пастаянна пражывае — у Беларусi цi Расii. Наогул, атрымлiваючы даходы за мяжой, фiзiчныя асобы, грамадзяне Беларусi, па прыбыццi ў рэспублiку абавязаны падаць падатковую дэкларацыю i заплацiць падаткi. Падаткi, што выплачаны за мяжой, залiчваюцца ў лiк выплаты падаткаў у Беларусi. Дапусцiм, чалавек зарабiў за мяжой 1 мiльён рублёў i там заплацiў 10 працэнтаў падатку — 100 тысяч рублёў. Па заканадаўству Беларусi неабходна заплацiць, напрыклад, 12 працэнтаў падатку — 120 тысяч рублёў. Адпаведна 100 тысяч рублёў мы залiчваем, а значыць 20 тысяч рублёў чалавек даплачвае ў Беларусi. Калi ў Беларусi падаткi меншыя, то чалавек падатак не даплачвае. Але ў нас з 2006 года для падаходнага падатку стала прымяняцца такое паняцце — падатковае рэзiдэнцтва. Калi чалавек фактычна не знаходзiцца на тэрыторыi Беларусi больш за 183 днi, то ў гэтым выпадку ён дэкларуе даходы i плацiць падаткi толькi з даходаў, атрыманых у нашай краiне. — Пагаворым аб прыемным, пра тых людзей, якiя прыйдуць у iнспекцыю i не толькi сваiх грошай не заплацяць, але i атрымаюць нейкую льготу. — За льготай неабавязкова iсцi да 1 сакавiка. 1 сакавiка — гэта тэрмiн для тых, хто абавязаны падаць дэкларацыю i выплачваць падаткi. Калi вы не прыйшлi ў iнспекцыю ў студзенi цi пачатку лютага, то я не рэкамендую iсцi туды зараз: пачакайце тыдзень i не трэба будзе стаяць у чэргах. Хто можа прыйсцi за грашамi? Гэта тыя людзi, якiя плацiлi за навучанне на працягу 2006 года — за сваё, дзяцей, мужа цi жонкi, калi гэта была першая вышэйшая або сярэдняя спецыяльная адукацыя. Таксама могуць прыйсцi па льготы тыя асобы, якiя стаялi на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў i ў 2006 годзе ажыццяўлялi расходы на куплю кватэры цi жылога дома або на будаўнiцтва, цi хто раней купiў або пабудаваў кватэру за крэдыт i зараз пагашае яго. У нас ёсць яшчэ шэраг вылiкаў, аб якiх не ўсе ведаюць. Ёсць стандартныя вылiкi, якiя прадастаўляюцца па месцы працы, аднак многiм iх прадастаўляюць няправiльна, а некаторыя нават не ведаюць, што маюць права на гэтыя вылiкi. Напрыклад, калi ў вас ёсць дзецi да 18 гадоў, то на кожнае дзiця даецца вылiк у памеры дзвюх базавых велiчынь. Такiя вылiкi, як правiла, па месцы працы прадастаўляюцца. А ёсць вылiкi, якiмi не заўсёды карыстаюцца. Калi ў вас ёсць маленькае дзiця да трох гадоў, i хтосьцi з членаў сям’i знаходзiцца ў водпуску па догляду дзiцяцi, то апошнi з’яўляецца для мужа цi жонкi ўтрыманцам, на якога таксама прадугледжваюцца вылiкi. Гэты момант часцей за ўсё ўпускаюць. Ёсць яшчэ катэгорыя грамадзян, якiя маюць права на стандартныя вылiкi: iнвалiды I i II груп, удзельнiкi Вялiкай Айчыннай вайны, кавалеры ордэнаў Славы, Героi Савецкага Саюза, асобы, што пацярпелi ад аварыi на ЧАЭС. Да таго ж у нас ёсць катэгорыя грамадзян — аўтары твораў лiтаратуры, навукi, мастацтва i розных карысных мадэляў, якiя таксама маюць права на вылiкi расходаў, звязаных з атрыманнем аўтарскiх узнагароджанняў або па дакументах, або па нарматывах..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Правам на падатковыя льготы можна скарыстацца пасля 1 сакавiка |
|