Еўропа няўхiльна старэе
Леанiд ТУГАРЫН
У 2050 годзе на адно дзiця будуць прыходзiцца два пажылыя чалавекi
Аб гэтым гаворыцца ў новым дакладзе ААН «Манiторынг сусветнага насельнiцтва з упорам на змяненне ўзроставых структур насельнiцтва i яго наступствы для развiцця». Ён будзе прадстаўлены на разгляд удзельнiкаў сесii Камiсii па народанасельнiцтву i развiццю. Насельнiцтва планеты сутыкнулася з беспрэцэдэнтнымi дэмаграфiчнымi змяненнямi. Амаль усе краiны свету ўступiлi ў пераходны дэмаграфiчны працэс, а Японiя i Еўропа ўжо дасягнулi апошняга этапу. На еўрапейскiм кантыненце насельнiцтва з’яўляецца найбольш старым, i яно будзе заставацца такiм у агляднай будучынi, гаворыцца ў дакладзе. Эксперты ААН у дэмаграфiчным працэсе вылучаюць тры этапы. Першы пачынаецца са знiжэння смяротнасцi дзяцей. У вынiку паскараюцца тэмпы росту колькасцi насельнiцтва i долi дзяцей у яго складзе, што вядзе да яго амаладжэння. На другiм этапе нараджальнасць пачынае знiжацца i павялiчваецца доля дарослага насельнiцтва i пажылых людзей. На трэцiм этапе ў вынiку доўгачасовага знiжэння i нараджальнасцi, i смяротнасцi павялiчваецца толькi доля пажылых людзей. Эксперты ААН падкрэслiваюць, што Японiя i большасць краiн Еўропы ўступаюць у трэцi этап пераходнага працэсу i iх насельнiцтва — старэйшае ў свеце. Аўстралiя, Канада, Новая Зеландыя i ЗША таксама знаходзяцца па парозе трэцяга этапу пераходнага працэсу, але з-за таго, што нараджальнасць у гэтых краiнах не дасягнула такога нiзкага ўзроўню, як у Еўропе, працэс старэння iх насельнiцтва працякае больш марудна. Большасць краiн Азii, а таксама Лацiнскай Амерыкi i Карыбскага басейна знаходзяцца на другiм этапе пераходнага працэсу, i ў iх ёсць яшчэ час скарыстацца яго дабротамi. Краiны ж Афрыкi ўсё яшчэ на першым этапе, i насельнiцтва там пакуль маладое. Згодна з дакладам, у 2007 годзе 28 працэнтаў з 6,6 мiльярда людзей, што жывуць на Зямлi, складаюць дзецi, 18 працэнтаў — моладзь, 44 працэнты — асобы асноўнага працаздольнага ўзросту i 10 працэнтаў — пажылыя людзi. У развiтых краiнах склад насельнiцтва значна адрознiваецца ад сярэднiх сусветных паказчыкаў. У iх пажылыя людзi складаюць 21 працэнт, а дзецi — 17 працэнтаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2050 годзе на адно дзiця будуць прыходзiцца два пажылыя чалавекi |
|