Белую царкву з сiнiмi купаламi ён падарыў жонцы— Цяпер тут нецiкава, — нiбы апраўдваецца Рыгор Максiмавiч, — каб вы летам прыехалi, наўкол кветкi цвiтуць, як гаспадыня мая любiла... А царква — гэта была яе iдэя. Гадоў дваццаць таму сядзелi яны на вулiцы, а яна раптам кажа: «Ты па ўсёй акрузе цэрквы будуеш. Зрабiў бы i мне цэркаўку вось тут, а то далёка хадзiць у Ахова». Спачатку ён успрыняў гэта як жарт. Нiдзе не чуў, каб людзi ў сваiм двары цэрквы ўзводзiлi. А жонка на сваiм настойвала: у агародзе цэгла ляжыць са старой разабранай пабудовы, вось табе i матэрыял. «Стаў пярэчыць, — успамiнае Рыгор Максiмавiч, — таго, што ёсць, не хопiць. А яна паказала на неба. Маўляў, Бог паможа ў добрай справе. Так яно i выйшла». Вопыт у справе пабудовы храмаў Рыгор Бондзiч меў багаты. Па некалькi месяцаў працаваў на ўзвядзеннi цэркваў у Жыткавiчах, у вёсцы Махро Iванаўскага раёна. Быў там i за цесляра, i за галоўнага кансультанта, тлумачыў, паказваў, як зрабiць усё па правiлах, па канонах. Ну i рызыкнуў, так бы мовiць, паўтарыць у мiнiяцюры. Пакуль рабiў падмурак, сцены, на пытаннi цiкаўных суседзяў адказваў: «Лазню будую». Баяўся, кажа, прызнавацца. У часы дзяржаўнага атэiзму ўсё магло здарыцца. А калi пачалi ўгадвацца абрысы будынка i суседзi здагадалiся, што будзе ў агародзе ў Бондзiчаў, то сталi прапаноўваць сваю дапамогу. Але ён адмовiўся, рашыў, што гэты храм павiнен пабудаваць сам, ад пачатку да канца. I ў 1990 годзе белая цэркаўка з сiнiмi купаламi была завершаная. Па памерах яна i сапраўды крыху большая за звычайную лазню. Але ўсё там зроблена i ўладкавана як ў сапраўдным храме: i алтар, i абразы, i свечкi. Парадак i прыгажосць з самага пачатку наведзены клапатлiвай рукой Марыi Мiхайлаўны. Праўда, першы варыянт сямейнай царквы быў крыху меншы. Потым, па просьбе суседзяў, Рыгор Максiмавiч пабудову пашырыў. У яго царкву пачала хадзiць, лiчы, уся вёска. А на святы, паводле слоў гаспадара, тут проста не павярнуцца. Прахалодай дыхаюць цагляныя сцены гэтай незвычайнай царквы. Вокны маленькiя, але ўнутры няцёмна. А як толькi крышку выглянула сонца, у цэркаўцы ўсё лiтаральна зайграла нейкiм светлым адчуваннем. «А як тут добра летам, у спёку, — падхапiла мае думкi старшыня сельсавета Марыя Белавежа, — выходзiць не хочацца». Любiць сваю царкву i Рыгор Максiмавiч. Цяпер гэта яшчэ i памяць пра яго Марыю. У свой час царкву асвяцiў епiскап Пiнскi i Лунiнецкi Стэфанiй у гонар Успення Божай Мацi. Уладыка Стэфанiй доўга жыў у доме Бондзiчаў, як толькi прыехаў у Пiнск на службу. Можна сказаць, кватараваў. Яму падабаўся побыт простых набожных людзей. А яго да гэтай пары гаспадар успамiнае добрым словам. Ведае Бондзiча i Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi Фiларэт. У свой час уручыў Рыгору Максiмавiчу ордэн Прападобнага Сергiя Раданежскага. Ёсць i граматы ад Патрыярха Маскоўскага i ўсяе Русi Алексiя II. Разам з праваслаўнымi ўзнагародамi заўважаю юбiлейныя медалi ў гонар Перамогi. — Ваявалi? — пытаюся. — Не — адказвае, — быў малалетнiм вязнем. Падлеткам працаваў у няволi на чужой зямлi. Вярнуўшыся, некаторы час займаўся сельскай гаспадаркай, потым больш за дваццаць гадоў працаваў на чыгунцы. Пасля выхаду на пенсiю жыццё прысвяцiў служэнню Богу, якое ўвасобiлася ў любiмай справе. У цэрквах навакольных вёсак назаўсёды застанецца часцiнка яго працы. I вось гэтая — свая — пабудаваная на радасць жонцы i на карысць суседзям, аднавяскоўцам. На святы або напярэдаднi сюды, па традыцыi, прыязджае айцец Сергiй з вёскi Стаўкi правесцi службу, паспавядаць прыхаджан. Некаторыя з iх пры ўсiм жаданнi не могуць па стану здароўя дабрацца ў Ахова за 10 кiламетраў i нават у Кашавiчы, дзе апошнiм часам пад культавую пабудову пераабсталявалi звычайны чыгуначны вагон. А сёлета чамусьцi святар не прыехаў перад вялiкiм постам, i гэта вельмi непакоiць Рыгора Максiмавiча, а таксама некаторых яго аднавяскоўцаў. Ганчары — цiкавая вёска. Тут здаўна жылi працавiтыя людзi. Старшыня сельскага Савета кажа, што яны вельмi дружныя. Калi адзiн паставiў прыгожую агароджу, то i ўся вулiца стараецца не адстаць. Калi ў Бондзiча двор акуратны, дагледжаны, iншым быццам бы i няёмка не падтрымлiваць парадак. А двор у яго сапраўды незвычайны. Першы раз пачула пра такое, каб у вясковым двары пад вокнамi грыбы раслi. Не дзiва, калi тое здараецца ў вёсках Белавежскай пушчы. Але тут, дзе няма нiякага лесу, за паўтара кiламетра ад горада! «Гэтай восенню больш за сто белых грыбоў сабраў вось тут», — паказвае гаспадар на лапiк зямлi ну можа ў паўсотнi квадратных метраў. Растуць уздоўж плоту тры вялiкiя бярэзiны, елка, сюды выходзiць яго разны балкончык. I ўсё тут дыхае нейкiм цiхiм спакоем. Я разумею ўнучку Рыгора Максiмавiча, якая захацела вянчацца не ў гарадскiм велiчным храме, а ў маленькай дзядулевай цэркаўцы. Фотаздымак вянчання маладой прыгожай пары стаiць зараз на дзедавым стале. Святлана ЯСКЕВIЧ. Фота аўтара. Пiнскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рыгор Максiмавiч i Марыя Мiхайлаўна Бондзiчы з вёскi Ганчары Пiнскага раёна пражылi разам 51 год. Траiх дзяцей выгадавалi. Жылi годна, з верай у Бога, |
|