Падарунак для мамы... I не толькi
Распытвала Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Ёсць нагода У часы даволi аддаленыя, яшчэ савецкiя, па ўсеагульнай негалоснай традыцыi 23 лютага лiчылася «татавым» святам, а 8 сакавiка — «мамiным». Пачынаючы з дзiцячых садкоў i да старэйшых класаў школ, дзецi майстравалi сваiмi рукамi ўсякiя прыемныя (хоць збольшага i бескарысныя) дробязi, а потым ладзiлi цi то ранiшнiк, цi то кiрмаш самаробнай прадукцыi... Карацей, свята для любiмых бацькоў.Святочнай абстаноўкi i на сёння нiхто не адмяняў, але фармат вiншаванняў iстотна памяняўся. У асноўным цяпер гэта канцэрты — або самадзейныя-актавазальныя, або прафесiйныя-тэлевiзiйныя. Напрыклад, спявачка Жанэт сабрала паненак айчыннай эстрады на «Дзявочнiк», а тэлеканал АНТ, наадварот, склiкаў пад свае сцягi выканаўцаў i калектывы мужчын дзеля канцэрта «Вясна прыходзiць з АНТ»... Карыстаючыся момантам, мы адцягнулi ўвагу артыстаў ад выступлення i папрасiлi прыгадаць тыя самыя «мама-татавыя» традыцыi. «Вы памятаеце, што ў дзяцiнстве дарылi маме на 8 Сакавiка?» — з такiм пытаннем «Звязда» звярнулася да беларускiх артыстаў. Анатоль ЯРМОЛЕНКА, кiраўнiк ансамбля «Сябры»: — У нашым дзяцiнстве былi падарункi, калi нешта напiшаш на самаробнай паштоўцы. Любая дробязь была прыемнай — намаляваная, выразаная, галоўнае, мiлая i шчырая. Зараз дзецi, мне здаецца, больш меркантыльныя — яны адразу ведаюць, што мэтазгодна або немэтазгодна дарыць. Сёння ў чалавечых пачуццях не хапае шчырасцi... Найлепшы падарунак для кожнай жанчыны, я лiчу — гэта адносiны. Адносiны мужчыны як абаронцы, апоры, надзейнага пляча. Здавалася б, банальная рэч — але гэта праўда. Жанчына без мужчыны нешчаслiвая. На жаль, сёння збольшага не мужчыны, а мужчынкi, i нашых жанчын мне вельмi шкада... Яны вартыя самага лепшага. Вiншаваў... усiх жанчын Беларусi разам i асобна — жонку. «Жонкi публiчных людзей, асаблiва артыстаў — гэта гераiнi, якiх рэдка бачыць публiка, але яны насамрэч самыя важныя для нас людзi, якiя выконваюць каласальную працу», — лiчыць Анатоль Ярмоленка. Дарэчы, унук i цёзка Анатоля Ярмоленкi таксама ўдзельнiчаў у канцэрце — i вiншаваў маму, спявачку Алесю. Прысвяцiў жанчынам... Песню «Каханая» — у суправаджэннi прафесiйнага калектыву балетных танцораў. Георгiй КАЛДУН, спявак i вядучы радыё: — Я памятаю толькi адзiн падарунак, пасля якога адбiла ахвоту чымсьцi падобным займацца — намаляваў дзядулю паветраны бой з самалёцiкамi ў розных ракурсах, здаецца, якраз да 23 лютага. А потым знайшоў гэты малюнак далёка на шафе — i зразумеў, што лепей, вiдаць, вiншаваць на словах, чым дарыць непатрэбныя дробязi. Маме «перапалi» нейкiя самаробныя паштоўкi — у малодшых класах мы штосьцi выразалi, клеiлi (я ўжо слаба памятаю, што), усiм класам пiсалi пад лiнейку «маёй дарагой мамачцы»... Карацей, было сумна. Самы каштоўны падарунак з тых, што я ўвогуле дарыў маме — напэўна, мабiльны тэлефон. Увогуле, нават калi да нейкiх святаў яна просiць нiчога не дарыць, мяне гэта толькi падштурхоўвае прыдумаць што-небудзь «гэткае». Вiншаваў... У першую чаргу якраз маму, Таццяну Барысаўну, якая выхавала адразу двух беларускiх артыстаў — Георгiя i Дзмiтрыя Калдуноў. Прысвяцiў жанчынам... Абноўленую версiю песнi Юрыя Антонава «Для меня нет тебя прекрасней». Вячаслаў ШАРАПАЎ, кiраўнiк Дзяржаўнага ансамбля «Песняры»: — Кветкi або духi — гэта само сабой зразумела i банальна. Я часцей за ўсё браў пластылiн у рукi i ляпiў сiмпатычную маленечкую Бабу Ягу — у выглядзе своеасаблiвага талiсмана, абярэга. Дарыў гэтую статуэтку даволi часта — i, спадзяюся, яшчэ падару нямала. Нiхто з жанчын як быццам не крыўдаваў. Вiншаваў... урача вышэйшай катэгорыi, кандыдата медыцынскiх навук, дацэнта кафедры акушэрства i гiнекалогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi Любоў Вiктараўну Вавiлаву, якая дапамагла многiм жанчынам стаць мамамi. У прыватнасцi, менавiта яна «правяла ў свет» сына Вячаслава Шарапава. Прысвяцiў жанчынам... Песню з рэпертуару «Песняроў» — «За полчаса до весны». Дзмiтрый КАЧАРОЎСКI: — У дзiцячым садку, у агульных рысах памятаю, рабiлi нейкiя рукзачкi, унутр укладвалi паштоўкi. Шчыра кажучы, не памятаю нават, што дакладна я рабiў у дзяцiнстве — так, выразаў нешта. Я навучыўся добра маляваць левай рукой, умеў маляваць цэлыя пано, якiя якраз i дарыў. Зараз ужо не абмяжоўваюся дробязямi, вiншаваннямi на словах i нават кветкамi — калi дарыць, то нешта грунтоўнае, матэрыяльнае. Думаю, жонцы дам магчымасць выбраць, што яна хоча — неабавязкова нават на 8 Сакавiка, але вельмi хачу зрабiць ёй прыемнае. Як жэст павагi з нагоды свята, абавязкова падару нейкi сувенiр. Мiлую дробязь. Вiншаваў... Жонку, якая разам з сынам прыйшла на канцэрт i сядзела ў зале. Прысвяцiў жанчынам... Песню «Очарована, околдована». Сяргей КАВАЛЁЎ, спявак, практыкуючы ўрач ультрагукавой дыягностыкi: — Я выпальваў па дрэву. Зрабiў для мамы дошку для рэзкi цi то хлеба, цi то гароднiны — перанёс на загатоўку малюнак, расфарбаваў, а потым пакрыў лакам. Зараз ужо разумею, што, вiдаць, лак па тэхналогii быў не патрэбны — усё ж рэч не выключна дэкаратыўная, яна датыкаецца да прадуктаў. А тады ганарыўся — вось, сам зрабiў. У малодшым узросце таксама часта штосьцi маляваў, а чым больш сталеў, тым больш практычныя падарункi рабiў. Вiншаваў... У першую чаргу, усiх сваiх пацыентак — а доўгачаканае «ў вас будзе дзiця» ад Сяргея пачулi многiя жанчыны, у тым лiку i «зорныя мамачкi» Ларыса Грыбалёва, Тамара Лiсiцкая, Ксенiя Мiнчанка, Аксана Вечар. «У гэты дзень, часта бывае, мяне проста нясе — кожную хочацца прыабняць, павiншаваць асабiста, зрабiць хоць штосьцi прыемнае», — усмiхаецца Сяргей. Акрамя таго, з 1 сакавiка для выканаўцы пачынаецца чарада дзён нараджэння родных людзей — вялiзная святочная паласа. Прысвяцiў жанчынам... Не толькi песнi. Збольшага Сяргей Кавалёў — адзiны супрацоўнiк-мужчына ў жаночым калектыве. Калi малады доктар пасля заканчэння iнстытута ў Магiлёве трапiў у такое суквецце ўпершыню... ён аддаў на кветкi каляжанкам усю зарплату. У жанчын быў шок ад подзвiгу iнтэрна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У часы даволi аддаленыя, яшчэ савецкiя, па ўсеагульнай негалоснай традыцыi 23 лютага лiчылася «татавым» святам, а 8 сакавiка — «мамiным» |
|