Працоўныя месцы для Глыбінкі
Iлона IВАНОВА
Гарадскi пасёлак Глуша ў Бабруйскiм раёне — хоць i глыбiнка, але вядомае месца на карце Беларусi. Па-першае, тым, што тут жыў i працаваў вядомы беларускi пiсьменнiк Алесь Адамовiч. А яшчэ ў гэтых мясцiнах ганарылiся шклозаводам, на якiм працаваў амаль кожны трэцi жыхар пасёлка. Таму банкруцтва ААТ «Шкло-Глуша», якое адбылося ў 2002 годзе, стала драмай для мясцовых жыхароў. Людзi засталiся без працы, i, на жаль, iнвестараў для аднаўлення састарэлай вытворчасцi шкляных бутэлек i адраджэння прадпрыемства так i не знайшлося.
Глушу тады сталi называць не рабочым — як раней, а беспрацоўным пасёлкам. Тут многiя былi заклапочаны стварэннем новых працоўных месцаў. I справа, нарэшце, агульнымi намаганнямi зрушылася з месца. Летась у Глушы з’явiлася вытворчасць чыпсаў. Прыватны праект «Iнiцыятыва плюс» даў глушанцам адразу тры дзесяткi працоўных месцаў. Цяпер жа ў сценах былога шклозавода адкрылася швейнае прадпрыемства. Гэта першы вытворчы аб’ект у Магiлёўскай вобласцi, якi створаны ў межах Дзяржаўнай праграмы развiцця малых гарадоў i пасёлкаў на гэтую пяцiгодку. Новае прадпрыемства «Славянка-Глуша» будзе спецыялiзавацца на пашыве адзення па ўзорах вядомай бабруйскай фабрыкi ААТ «Славянка». Цяпер у Глушы шыюць школьныя касцюмы. Днямi выпушчана першая партыя школьнай формы для хлопчыкаў. Мяркуецца, што цэх у пасёлку будзе выпускаць прадукцыю прыкладна на 1 мiльярд рублёў у год: школьнае адзенне цяпер запатрабаванае i ў Беларусi, i ў суседняй Расii. На прадпрыемстве працуюць 24 швачкi: усе яны ў асноўным былыя работнiцы шклозавода, якiя прайшлi перападтрыхтоўку. У перспектыве тут плануюць арганiзаваць працу ў дзве змены. З’яўленнем у Глушы працоўных месцаў мясцовае насельнiцтва задаволена: у адкрыццi новых вытворчасцяў людзi бачаць добры знак. Так лiчаць i ў Глушанскiм сельскiм Савеце. Дарэчы, нядаўна яго ўзначалiла малады дэпутат Марына Сушчанка, якая раней працавала школьным псiхолагам. Яна — мясцовая ўраджэнка i свой шлях у дэпутацтва тлумачыць тым, што моцна перажывае за родную Глушу. — Сваю галоўную мэту я бачу ў тым, каб узнiмаць пасёлак,— сказала Марына Леанiдаўна. Мы хочам дамагчыся рэалiзацыi iнвестыцыйных праектаў, каб у глушанцаў з’явiлася праца. Мы марым вярнуць з Расii нашых мужчын. У Глушы жывуць цяпер каля 1,5 тысячы чалавек, але ў Савеце скардзяцца, што пасёлак стаў жаночым. Мужчыны ездзяць на заробкi, каб кармiць свае сем’i. Прычым найбольш крыўдна, дадае старшыня сельскага Савета, што з’язджаюць у асноўным маладыя людзi, якiя прыходзяць з армii альбо заканчваюць навучальныя ўстановы. Замест таго, каб прыносiць карысць сваёй зямлi, яны часта адпраўляюцца ў Маскву i Пецярбург на заробкi. Паводле меркавання Марыны Сушчанка i яе калег, Глушы трэба адкрыць яшчэ па крайняй меры некалькi соцень працоўных месцаў, каб забяспечыць працай i заробкам усiх тых, хто здольны i хоча працаваць. Мяркуецца, што гэта будзе прамысловая альбо будаўнiчая вытворчасць: сельскай гаспадаркай у гэтых мясцiнах сур’ёзна не займаюцца — навокал лясы. У сельвыканкаме гавораць, што тутэйшы народ гатовы, калi трэба, авалодаць новымi прафесiямi. Раней у Глушы адкрылiся новыя крамы i Дом быту, i мясцовыя жанчыны вывучылiся на прадаўшчыц i цырульнiкаў. Адзiн прадпрымальнiк абяцаў адкрыць у Глушы вытворчасць крухмалу. Ёсць надзея i на бабруйскiя прадпрыемствы... Дадатковыя складанасцi стварае адсутнасць у пасёлку прыроднага газу: раней за праект газiфiкацыi плацiў шклозавод, аднак цяпер планы па газу «замарожаныя». — Нам да гэтага часу крыўдна, што зачынiлi наш шклозавод, — прызнаюцца ў Глушы. — Незразумела, чаму не дапамаглi i не падтрымалi. Аднак жыццё iдзе, i нам патрэбна праца. Спадзяёмся, што дапамогуць нашаму пасёлку падняцца з каленяў! I прыкметы гэтага ўжо ёсць. Лiтаральна днямi ў Глушы адбылося ўрачыстае адкрыццё вясковага клуба. Яго чакалi ў пасёлку дваццаць гадоў. Пачынаў будаваць клуб шклозавод, але потым «каробку» кiнулi. Каб дарабiць установу, шмат працавалi архiтэктары i будаўнiкi. Цяпер у клубе дзейнiчае фiлiял школы мастацтваў, дзе дзяцей вучаць музыцы, маляванню i рамёствам. Там жа размясцiлася бiблiятэка i збiраюцца самадзейныя артысты. У гонар адкрыцця клуба ў сакавiку прызначаны вялiкi канцэрт для глушанцаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гарадскi пасёлак Глуша ў Бабруйскiм раёне — хоць i глыбiнка, але вядомае месца на карце Беларусi. Па-першае, тым, што тут жыў i працаваў вядомы белару |
|